У гасцях — Марыя Захарэвіч

КЛУБ пажылых людзей “Задушэўная размова”, створаны пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Танка, існуе з 2000 года. Аб’ядноўвае ён пераважна гараджанак-пенсіянерак, якія з’яўляюцца аптымісткамі і жыццялюбамі, поўныя ідэй і задумак, маладыя сэрцам і душой. Пасяджэнні ніколі не праходзяць казённа і па адным сцэнарыі. Усе яны розныя, але заўсёды напоўнены глыбокім сэнсам. У плане работы — розныя паездкі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, віншаванні з адметнымі датамі календара і асабістымі падзеямі з жыцця членаў клуба. Многія жанчыны хораша спяваюць, пішуць вершы, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі мастацкай самадзейнасці.

Нядаўна госцяй “Задушэўнай размовы” стала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Перад тым, як прадаставіць слова нашай знакамітай зямлячцы, намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Л. У. Несцяровіч з гонарам падкрэсліла, што Нарачанская зямля падаравала свету народнага паэта Беларусі Максіма Танка, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча і народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч. Не кожны рэгіён рэспублікі можа пахваліцца такім адметным суквеццем талентаў. А наша зямля спрыяе творчаму ўзлёту, натхняе, дае сілы, упэўненасць у вырашэнні пастаўленай мэты. Што датычыць Марыі Георгіеўны, то яна ніколі не адмаўляецца ад сустрэч са сваімі землякамі і заўсёды рада ім. Вельмі цудоўна напісаў пра яе Уладзімір Ліпскі ў сваёй кнізе “Нарачанская чайка”. Людміла Ула¬дзіміраўна зачытала ўрывак з гэтага твора, дзе вельмі прыгожа і дакладна дадзена характарыстыка выдатнай артыстцы, вельмі сціплай і душэўнай жанчыне, у якой вернасць прафесіі ўдала спалучаецца з моцнымі патрыятычнымі пачуццямі, такімі, як любоў да зямлі, якая яе ўзгадавала, да роднай матчынай мовы, нашай Бацькаўшчыны.

Сустрэча атрымалася на дзіва цёплай і шчырай. Марыя Георгіеўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад нядаўняга спаткання з мінчанкамі ў адной са сталічных бібліятэк, якая прысвячалася Дню горада. Узгадала, як упершыню з родных Навасёлак падалася ў горад, пра гады вучобы, сваіх педагогаў, аднакурснікаў, якія ўсе трапілі на працу ў Купалаўскі тэатр. З асаблівай цеплынёй успомніла выдатнага настаўніка Канстанціна Мікалаевіча Сальнікава, які быў для тагачасных студэнтаў не толькі выкладчыкам, але і апекуном, бацькам. Марыі пашанцавала: яшчэ на чацвёртым курсе яе запрасілі на галоўную ролю ў тэатр імя Янкі Купалы. Там тады ставіўся спектакль па трылогіі Івана Мележа “Людзі на балоце”, і ёй прапанавалі сыграць Ганну. З той далёкай пары і да гэтага часу яна неразлучная са сцэнай. Маладой артыстцы пашчасціла працаваць поплеч з такімі майстрамі, як Ржэцкая, Плакса, Станюта, Глебаў, Малчанаў… Лавіць кожнае іх слова, пераймаць па крупінках багаты жыццёвы і тэатральны вопыт. Яшчэ студэнткай паспрабавала сябе Марыя і ў ролі дыктара тэлебачання. І хоць работа гэта ёй падабалася, але, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, спынілася на тэатры, якому верна служыць і зараз. Звыш 50 год наша зямлячка паралельна з тэатрам працавала на радыё. Разам з рэжысёрам Соф’яй Гурвіч рыхтавала перадачы, вяла іх, удзельнічала ў спектаклях. Больш за 200 запісаў розных інсцэніровак з удзелам М. Г. Захарэвіч захоўваецца ў залатым фондзе беларускага радыё. Як прызналася артыстка, менавіта па голасу на радыё, а не па тэатры, яе падчас шматлікіх паездак па краіне пазнавалі людзі нават у глыбінцы. Выступала Марыя Георгіеўна таксама вядучай многіх канцэртаў. Прымала ўдзел і ва ўрадавых, у тым ліку ў Маскве, дзе чытала вершы. Іх трэба было вывучыць, душу ўкласці ў кожнае слова, каб слуха¬ліся са сцэны, краналі за жывое. Як прызнаецца артыстка, за гэта ніхто не плаціў, проста было прэстыжна выступаць на такіх адказных мерапрыемствах, гэта лічылася справай гонару. А з вершам “Памяць паэта” ўвогуле аб’ехала многія краіны свету. Рана стала знакамітай: у 30 год атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі, а ў 40 — народнай. Але пра ўсё гэта расказала вельмі проста, без усялякай пахвальбы, бо слава не ўскружыла ёй галаву. Яна і сёння засталася выдатнай артысткай і чалавекам з вялікай літары, якога любяць, паважаюць.

Яшчэ адна адметная частка жыцця Марыі Георгіеўны — гэта яе ўдзел на працягу 18 гадоў у складзе Рэспубліканскіх навукова-асветніцкіх экспедыцый “Дарога да святыняў” з жыватворным агнём ад Гроба Гасподня па многіх храмах і населеных пунктах Беларусі. У свой час пабывала яна з такой місіяй і ў родным Мядзеле. А сёлета маршрут экспедыцыі прайшоў часткова па Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцях і завяршыўся ў Быхаве на святкаванні Дня беларускага пісьменства. Адметнай падзеяй гэтага падарожжа стала наведванне Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў аграгарадку Баркалабава, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Баркалабалаўскай — адной з самых паважаных беларускіх праваслаўных святынь. Наведванні храмаў, малебны, спатканні з дзецьмі і дарослымі з розных куточкаў краіны падчас навукова-асветніцкіх экспедыцый лічыць Марыя Георгіеўна падарункам ад самога Бога.

Узгадала знакамітая артыстка таксама пра свае спатканні ў Доме літаратара з многімі пісьменнікамі, паэтамі. Паэтычныя пятніцы, наогул, і сёння жывуць у яе сэрцы. Адказала на адрасаваныя ёй пытанні, дала цікавую параду, як трэба вучыць вершы. Каб радкі запомніліся назаўжды, па яе меркаванні, трэба ўдумвацца ў кожнае слова, а не проста завучваць тэкст напамяць. Гаварыла і пра вялікую ролю ў жыцці чалавека сям’і, дзяцей, пра клопат аб блізкіх. А як пранікнёна, з якой пяшчотай і замілаваннем чытала Марыя Георгіеўна творы Анатолія Вярцінскага, у прыватнасці, паэму “Дажынкі”, Рыгора Барадуліна, іншых беларускіх паэтаў. Яна не проста вымаўляла словы, яна ўкладвала ў іх душу і часцінку свайго сэрца. Зусім не дзіўна, што яны краналі кожнага з прысутных за жывое, прымушалі суперажываць героям, радавацца і хвалявацца разам з імі. Гучалі на мерапрыемстве і песні мінулых гадоў.

Напрыканцы сустрэчы І. М. Міклушова прачытала верш Аркадзя Нафрановіча, які ён прысвяціў Марыі Захарэвіч. Ірына Мікалаеўна ад імя прысутных падзякавала госці за шчодрасць душы, за трапяткое чуйнае сэрца. І каб яшчэ доўга-доўга свя-ціла зорка яе адметнага, непаўторнага таленту. Гэтага шчыра зычу і я дарагой Марыі Георгіеўне.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Госця сустрэчы Марыя Захарэвіч; 2. Удзельніцы клуба “Задушэўная размова” Галіна Мечыславаўна Шукела і Вера Фадзееўна Прахарэнка.

Фота Аляксандра Высоцкага.



15 кастрычнiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 223_ на Блакітных азёрах        Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела