“Бруіла ў сэрцы прага творчасці” | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

“Бруіла ў сэрцы прага творчасці”

ПАД такой назвай 17 верасня ў гарадскім Доме культуры адбылася вечарына, прымеркаваная да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Паэтычная творчасць нашага слыннага земляка — цэлая эпоха ў гісторыі нацыянальнай літаратуры.

Удзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі адну за адной гарталі старонкі дзённікаў паэта, узгадвалі яго паэтычныя радкі: “З ранняга дзяцінства шукаў я работу, якой бы хапіла на тысячу год. І такой работай для мяне стала паэзія”, — менавіта так пісаў пра сябе Яўген Іванавіч. І працягваў “… закончыў адну песню, а другая ўжо гучыць у сэрцы”. Так і падчас мерапрыемства адзін верш змяняў другі:

Вы пытаеце: з чаго я

Песні гэтыя складаю?

Я і рад бы адказаць вам,

Ды, прызнацца, сам не знаю.

Можа — з гоману крыніцаў,

Шуму ніў і хваль азёрных,

З весніх галасоў птушыных,

Залатых праменняў зорных?Самыя лепшыя песні знаходзіў Максім Танк у сваёй роднай Пількаўшчыне, светлыя, шчырыя паэтычныя радкі нараджаліся ў сэрцы паэта, калі ён жыў на сваім лецішчы на беразе Нарачы. Тут ён наталяўся жыццёвай сілай. Пра родныя мясціны апавядае паэма “Нарач”, вершы “Ёсць куток на зямлі”, “Зноў я на тых сцежках”, якія прагучалі са сцэны падчас вечарыны.

Асобная старонка кампазіцыі прысвячалася родным і блізкім паэта: маці Домне Іванаўне і жонцы Любові Андрэеўне. Гучыць запіс з голасам М. Танка. Ён чытае верш “Калі б вы паслухалі просты расказ маёй маці…”. Здаецца, не голас гучыць паэта, а ён сам з хваляваннем дэкламуе нам свае радкі. Не менш хвалюецца і ўдзельніца клуба аматараў песні “Верасень”, былая настаўніца Святлана Пятроўна Суханская, выконваючы песню пра маці. Вершы, прысвечаныя маці, прагучалі і з вуснаў шаноўнай госці нашай вечарыны народнай артысткі Беларусі, актрысы Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Марыі Захарэвіч. Пераканана, што ніхто лепш, чым Марыя Георгіеўна, не зможа перадаць пачуцці паэта да сваіх родных, якія поўняцца ціхай радасцю, пяшчотай, трапяткой увагай, пранікнёным клопатам і глыбокай жыццёвай мудрасцю.

Дамовіліся быць

Мы неразлучнымі заўсёды,

Як хлеб надзённы наш, дзяліць

І радасці і ўсе нягоды.

Гэтыя радкі Яўген Іванавіч адрасаваў сваёй жонцы Любові Андрэеўне. Яны ў любові і згодзе пражылі больш за паўвека. Любоў Андрэеўна добра разумела паэзію, была першым слухачом, крытыкам і цэнзарам. Ізноў прысутныя змаглі пачуць голас паэта: прагучаў верш “Я помню крылы вашых рук”. Саліст Сваткаўскага сельскага Дома культуры, былы настаўнік Пётр Віктаравіч Маўчан цудоўна выканаў песню на словы М. Танка “Завушніцы”.

Са сцэны гучаць вершы пра “простае шчасце людское”, пра наша жыццё, пра Радзіму, якую паэт так бязмежна любіў сваім шчырым сэрцам. Пра гэта сведчыць і верш “Наш край нарачанскі”, які пакладзены на музыку і гучыць як гімн роднай Мядзельшчыне. Гэта песня і з’явілася своеасаблівым фінальным акордам вечарыны, данінай павагі нашаму земляку, сапраўднаму паэту-патрыёту.

Застаецца дадаць, што ў кампазіцыі, падрыхтаванай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Танка, прынялі ўдзел: А. Цыгельнікаў, Т. Конанава, С. Чарняўская, Л. Мінкоўская, Т. Нырцова, Г. Казакевіч, клуб аматараў песні “Верасень”. Мультымедыйную прэзентацыю падрыхтавала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі І. Згерская.

Л. НЕСЦЯРОВІЧ.

Намеснік дырэктара Мядзельскай ЦБС.



20 верасня 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   на Блакітных азёрах        возера Глубелька 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси