Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні абазначыў пяць стратэгій для якаснага прарыву ў эканоміцы Беларусі | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні абазначыў пяць стратэгій для якаснага прарыву ў эканоміцы Беларусі

mainПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 красавіка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Асноўная тэма Паслання: “Дынамічны прарыў у развіцці краіны – шлях да новай якасці жыцця”, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідэра.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, асноўным арыенцірам ва ўсіх сферах дзейнасці з’яўляецца якасць вырабляемых тавараў і паслуг, кіравання і самае важнае – жыцця людзей. Таму Беларусь павінна выйсці з крызісу больш сучаснай і гатовай да жорсткай канкурэнцыі ва ўмовах не дакрызіснага, а паслякрызіснага свету. У сувязі з гэтым жыццёва неабходны якасны прарыў у айчыннай эканоміцы.

 

Аляксандр Лукашэнка абазначыў пяць новых стратэгій, здольных забяспечыць якасны прарыў у эканоміцы Беларусі. “Перш за ўсё, новая тэхналагічная стратэгія. Яе састаўнымі часткамі павінны стаць: структурныя пераўтварэнні эканомікі, пры якіх перавагу атрымаюць галіны, што вырабляюць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю; стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, здольных прапанаваць свету прынцыпова новыя віды тавараў і паслуг; фарміраванне рыначных стымулаў для павышэння інавацыйнай актыўнасці ўсіх суб’ектаў гаспадарання”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Наступны важнейшы напрамак – выпрацоўка стратэгіі дзелавой актыўнасці. “Яе галоўны прынцып: канкурэнцыя на змену манаполіям, – сказаў беларускі лідэр. – Лічу, што наспела неабходнасць прыняцця Дырэктывы нумар 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы”.

 

Далей Аляксандр Лукашэнка назваў транзітную стратэгію, якая прадугледжвае пашырэнне транспартных, камунікацыйных (у тым ліку Інтэрнэт) і фінансавых калідораў.

 

Энергетычная стратэгія павінна быць узмоцнена за кошт больш актыўнага выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва новых сучасных энергетычных магутнасцей, а таксама дыверсіфікацыі паставак традыцыйных рэсурсаў. “Больш таго, у будучай пяцігодцы энергетычная стратэгія стане асноўным напрамкам дзейнасці ўсіх органаў улады, у тым ліку Прэзідэнта. Паколькі гэта галоўны фактар забеспячэння незалежнасці нашай дзяржавы”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прарыў у эканоміцы немагчымы без рэалізацыі стратэгіі ўсёабдымнай інфарматызацыі, якая арыентавана на прадастаўленне шырокага спектра электронных паслуг для грамадзян і бізнесу, пераход дзяржапарату на работу па прынцыпу інфармацыйнага ўзаемадзеяння. “Гэта мае для нашага грамадства вялікае эканамічнае і сацыяльнае значэнне. Тым больш што мы гэта ўмеем рабіць не горш за самыя перадавыя краіны свету”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

“Гэтыя стратэгічныя напрамкі дадуць магчымасць Беларусі не толькі захаваць дастойнае месца ў сучасным зменлівым свеце, але і ісці наперад, працаваць значна больш эфектыўна, чым раней, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Вось адкуль аб’ектыўна вынікаюць імператыў якасці ў нашай дзяржаўнай палітыцы і матывацыя таго, што 2010 год аб’яўлены Годам якасці”.

 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што неабходна фарміраваць агульную культуру якасці ў краіне, выхоўваць у нашых людзей устойлівае жаданне якасна жыць, працаваць, вучыцца, выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. “Гэта павінна стаць ладам жыцця! Таму што якасць пачынаецца з канкрэтнага чалавека, з кожнага з нас – нашай кваліфікацыі, адказнасці, ініцыятыўнасці”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Вельмі важна мысліць па-новаму, пераадолець інерцыю і пасіўнасць, нявер’е ў свае сілы, недаацэнку ўласных магчымасцей”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

 

“Неабходна дабіцца дынамічнага прарыву ў цяперашніх умовах – гэта значыць прывесці ў дзеянне не толькі эканамічныя рычагі, але і сацыяльныя, культурныя, духоўныя фактары. Стварыць умовы для творчай рэалізацыі чалавека. Толькі тады буйнамаштабная дзяржаўная дзейнасць па забеспячэнню якасці можа стаць арганізуючым элементам грамадскага развіцця”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 

Мэтай нашых намаганняў павінна стаць фарміраванне па-сучаснаму канкурэнтаздольных эканомікі, дзяржавы, беларускай нацыі, дасягненне ў самай бліжэйшай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей.

 

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь можна прылічыць да тых нямногіх краін у свеце, якія змаглі дабіцца ў крызісным 2009 годзе росту ВУП. У Беларусі былі аператыўна прыняты меры па мінімізацыі негатыўных наступстваў крызісу, і цяпер краіна пачынае эканамічны ўздым. Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд, ацэнкі якіх заўсёды вызначаліся скептыцызмам адносна Беларусі, былі вымушаны прызнаць, што стадыю рэцэсіі Беларусь прайшла ўжо, і краіна пачынае ўздым.

 

Прэзідэнт дадаў, што эканоміка краіны складаецца з вынікаў асобных прадпрыемстваў. На яго думку, кожны кіраўнік павінен максімальна рэалізоўваць методыку ашчадлівага гаспадарання.

 

Кіраўнікам неабходна дэталёва прааналізаваць работу сваіх прадпрыемстваў: ці выпускаецца тая прадукцыя, якая неабходна спажыўцу, ці ёсць зваротная сувязь са спажыўцом, ці наладжана вытворчасць максімальна эфектыўна з пункту гледжання эканомікі прадпрыемства, ці створана разнастайная тавараправодная сетка, якая можа забяспечыць устойлівы збыт, незалежна ад магчымага збою аднаго з яе звёнаў. “Неабходна менавіта з такіх пазіцый разгледзець усе прадпрыемствы краіны і вызначыць стратэгію іх далейшага развіцця, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучае пяцігоддзе, якая цяпер фарміруецца, павінна быць прынцыпова новай, без шаблонаў і штампаў.

 

На думку Прэзідэнта, неабходна большая дынаміка інавацыйнай дзейнасці, а таксама рэалізацыі комплексу мер, накіраваных на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай эканомікі. Наспела неабходнасць кардынальнага перагляду Інвестыцыйнага кодэкса. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь павінна ўвайсці ў першую трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці.

 

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным радыкальна спрасціць падатковую сістэму і парадак вядзення бухуліку, а таксама стварыць стабільныя ўмовы функцыянавання дзелавога абароту. Па-ранейшаму прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца экспарт. Беларускія брэнды павінны пазнавацца ў свеце, адзначыў Прэзідэнт.

 

У ліку важных складальнікаў новай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця – імпартазамяшчэнне, павышэнне энергаэфектыўнасці і энергазберажэння, укараненне рэжыму эканоміі ва ўсіх галінах, эфектыўнае кіраванне дзяржаўнай маёмасцю.

 

Распрацоўку праграмы ўрад павінен правесці з прыцягненнем вучоных, бізнес-супольнасці, магчыма, міжнародных экспертаў. І завяршыць яе трэба да 1 ліпеня, каб праект дакумента да вынясення яго на разгляд Усебеларускага народнага сходу прайшоў папярэдняе шырокае абмеркаванне, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь пераходзіць ад датацыйнай сельгасвытворчасці да рэнтабельнага аграбізнесу.

 

Прэзідэнт даручыў ураду, старшыням абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў на працягу месяца навесці парадак у пытаннях арэнды. Арандатары павінны адчуць лібералізацыю рэальна, на сабе, а не толькі пры прачытанні адпаведнага ўказа, сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў пытанням сацыяльнай палітыкі. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, важнейшым прыярытэтам дзяржавы, як і раней, з’яўляецца правядзенне моцнай сацыяльнай палітыкі. “Абсалютна ўсё, што робіцца ў краіне, нацэлена на далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

Ён адзначыў, што сацыяльная абарона – гэта не толькі зарплата, пенсія, іншыя выплаты. Гэта – цэлы пакет гарантый, якія прадастаўляе дзяржава ў розных сферах жыццядзейнасці, якія забяспечваюць дабрабыт і здароўе людзей: у жыллёвым будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, спорце, транспартным абслугоўванні.

 

На думку Прэзідэнта, самай дзейснай мерай сацыяльнай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне занятасці, калі чалавек можа самастойна рэалізаваць свае сацыяльныя запатрабаванні.

 

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі ў будучым захаваецца сацыяльная накіраванасць жыллёвай палітыкі.

 

Ён адзначыў, што ў бліжэйшыя гады будзе завершана праграма маштабнага тэхнічнага пераўзбраення галіны аховы здароўя. Гэта дасць магчымасць перайсці на новы якасны ўзровень медыцынскага абслугоўвання насельніцтва не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах.

 

У Пасланні таксама былі закрануты пытанні мадэрнізацыі сістэмы аплаты працы, стабільнага функцыянавання пенсійнай сістэмы, сацыяльнага складальніка ў палітыцы цэнаўтварэння. Прэзідэнт сказаў, што ў Беларусі і ў далейшым будзе праводзіцца палітыка стрымлівання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

 

Далейшае паляпшэнне матэрыяльнага становішча пенсіянераў, інвалідаў, тых, хто не можа ўдзельнічаць у грамадскай вытворчасці або знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржавы, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Асаблівую ўвагу ён удзяліў тэме медыка-сацыяльнай дапамогі састарэлым і інвалідам. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду распрацаваць комплексную праграму развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў краіне.

 

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў неабходнасць абнаўлення кадравай сістэмы на ўсіх узроўнях: “Ва ўмовах пераходу да якасна новага этапа развіцця краіны неабходны больш патрабавальны погляд на кадравы патэнцыял у цэлым”.

 

Значная ўвага ў Пасланні была ўдзелена тэме дэбюракратызацыі. “Кіраўніцкая дзейнасць не зможа стаць паўнацэнна эфектыўнай, калі не пазбавіцца ад бюракратызму”, – лічыць кіраўнік дзяржавы. З гэтым злом барацьба будзе такая ж бескампрамісная, як і з карупцыяй, падкрэсліў ён.

 

“Трэба імкнуцца да таго, каб за правядзеннем найбольш запатрабаваных працэдур чалавеку менш трэба было хадзіць у дзяржаўныя органы”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў падумаць над стварэннем адзінай даведачнай тэлефоннай сеткі па адміністрацыйных працэдурах.

 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе сферы дзейнасці дзяржавы павінны быць адкрытымі для грамадства. Гэта датычыцца як органаў дзяржкіравання, так і судоў, праваахоўных органаў. Менавіта такі падыход будзе садзейнічаць далейшай дэбюракратызацыі грамадскіх адносін і эфектыўнай барацьбе з карупцыяй, лічыць Прэзідэнт.

 

Пасля звароту з Пасланнем кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі.

 

Прэзідэнт, у прыватнасці, адзначыў, што пакуль не прынята рашэнне адносна павышэння мытных пошлін на ўвозімыя фізічнымі асобамі аўтамабілі, не будуць спецыяльна павышацца пенсіі для кіраўнікоў розных галін народнай гаспадаркі.

 

Адно з пытанняў датычылася Прэзідэнта Кыргызстана.

 

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка: “Я абяцаў, што мы нічога ўтойваць не будзем. І што тут таіць? Бо мы ж не ўмешваемся ва ўнутраныя справы Кыргызстана. Але Кыргызстан – член АДКБ, член ЕўрАзЭС, член СНД. Гэта як Расія, мы, Казахстан, яшчэ пара дзяржаў. Нават ваенна-палітычны блок арганізавалі. Значыць, гэта нейкае адзінства. І гэтым – падпісаўшы ўсе дакументы, а вы іх ратыфікавалі – мы заявілі аб тым, што далёкая кыргызская зямля нам не такая далёкая, а патрэбы і беды кыргызскага народа – гэта фактычна наш клопат. Так, як, дапусцім, у іх або ў Расіі праблемы Беларусі – гэта іх праблемы, таму што гэта вельмі цесны саюз ваенна-палітычны. Таму, робячы такія заявы, я зыходжу, перш за ўсё, з гэтага.

 

І потым, напэўна, не вельмі было б вам прыемна, калі б я сядзеў як мыш пад венікам і не рэагаваў на тое, што адбываецца ў дружалюбнай нам краіне. У рэшце рэшт, ты прэзідэнт або не прэзідэнт? Выкажы свой пункт гледжання.

 

Я аб гэтым гаварыў: калі трэба, калі Курманбен Саліевіч скажа, што ён хоча ў Беларусь прыехаць, я прыму станоўчае рашэнне і скрываць яго не буду. Я адразу сказаў, з вамі не раіўся. Розныя могуць быць пункты гледжання,і яны сапраўды ёсць. Я сказаў: гэта маё асабістае рашэнне як Прэзідэнта і як чалавека. Па законах я маю права прыняць такое рашэнне. Няхай яно будзе непапулярнае для мяне, але я прыму яго, калі вы мяне папросіце. Таму, зыходзячы з чалавечых матываў, зыходзячы з таго, што гэта блізкая нам краіна, член АДКБ, не толькі эканамічнага саюза, але ваенна-палітычнага, я рабіў гэтыя заявы. Я гаварыў шчыра. Можа эмацыянальна, таму што некаторыя пытанні настолькі непрыгожа выглядалі, што проста сорамна. Вы ж паглядзіце. Здарылася б такое сярод членаў НАТА, Еўрасаюза нават – неадкладна заўтра сабраліся б. У Грэцыі, напрыклад, эканамічныя праблемы. Раз сабраліся, другі раз на вышэйшым узроўні. Сёння працуюць ужо эксперты МВФ, Сусветнага банка: як выцягнуць краіну?

 

А тут дзяржаўны пераварот! Зверглі законна выбранага прэзідэнта, заціснулі недзе ў гарах, страляніна вакол. На грудзі наступілі каленам, дзеці малыя, сям’я побач, і ціснуць з усіх бакоў: калі ты не пагадзішся (дружалюбная парада членаў АДКБ – мы цябе вывезем пад аховай расійскіх ваенных), будзе вайна. Тут страляюць, кананада… Вы разумееце яго становішча? Барані божа каму-небудзь апынуцца ў гэтай сітуацыі.

 

З іншага боку – гордасць, я ведаю, ён горды чалавек. Я сказаў бы, савецкі звычайны кіраўнік, строгі, патрабавальны, працавіты чалавек. Я не абараняю яго па нейкіх недахопах, пра якія цяпер гавораць, мне гэта не вядома. Я проста гавару, што ў беднай разбітай краіне немагчыма што-небудзь украсці. Што ты там украдзеш? Там нічога жывога няма. Хто-небудзь быў у Кыргызстане? Я ж там неаднойчы быў і бачыў, як ён імкнуўся нешта зрабіць. Ён і мяне прасіў: слухай, адкрый зборачную вытворчасць. Яна можа нам сто гадоў там не патрэбна была, але мы адкрылі яе. Я паездзіў па Кыргызстану, па яго землях. Ёсць добрыя землі – араць няма чым. Людзі кіркою і матыкай капаюць зямлю. Шкада гэтых кыргызаў, яны ж вельмі працавітыя, як нашы беларусы, нават яшчэ больш. І мы шукалі агульныя падыходы. Таму ў мяне такая эмацыянальная рэакцыя на тое, што там адбываецца.

 

І потым, ну што гэта за АДКБ? Усе маўчаць. У нас там хто, Расія старшынствуе? Давайце збяромся, давайце абмяркуем. Запросім яго туды і скажам тым, хто там уладу захапіў: пачакайце, давайце разбяромся, давайце пагаворым. Можа, Курманбек не мае рацыі. Мы яму аб гэтым скажам.

 

Мы ж гэтага не зрабілі. А я чакаў, што старшынствуючы пазвоніць і скажа: давайце збяромся. Ды не. Яны ведаеце што прапанавалі? У ліпені ў нас планавае пасяджэнне АДКБ, 10 або 15 пытанняў рыхтаваць. Давайце 8 мая гуртам збяромся, другім пытаннем АДКБ правядзём. Я пішу ў адказ: дык мы ж не гатовы, ніводнага пытання не падрыхтавана. Наплявацельскае стаўленне. Каму тады патрэбна гэта арганізацыя? Ну ўявіце, барані божа ў Беларусі гэта адбылося б. Нуль эмоцый, нуль увагі. Як жа так? Таму я і пачаў рэагаваць. Маючы поўную інфармацыю аб тым, што там адбываецца, асабліва за кулісамі, я сёе-тое пачаў высвечваць.

 

І адказваючы канкрэтна на ваша пытанне. Бакіеў мне пазваніў, будучы яшчэ на поўдні краіны, калі там пачалася гэта бойня. Я яму гавару: слухай, раскажы, што там адбываецца. Курманбек ледзь ці не са слязьмі ў голасе пачаў мне тлумачыць. Атрымліваецца, ён пагадзіўся, ледзь ці не за рукі яго прывялі да ўлады, пасадзілі туды пасля гэтай рэвалюцыі – дапамагі. Ён дапамог. Шкада проста чалавека, шкада сям’ю. Мы раз пагаварылі з ім, я пастаянна знаходзіўся ў кантакце, другі раз, калі яго, як яны паведамляюць, вывезлі на нейкім самалёце, не тое казахстанскім, не тое чыімсьці, пад аховай расійскіх салдат. Якое глупства! Ляціць самалёт. Як расіяне ахоўваюць яго? У яго свая ахова. Потым Бакіеў без усялякай аховы з сям’ёю, пяцігадовы хлопчык і дзевяцігадовая дачка, з жонкай… Яго проста адтуль вывезлі, запалохваючы, нагнятаючы абстаноўку вакол, і прымусілі напісаць гэту заяву. Калі яна яшчэ напісана… Я гэтага не ведаю. Ён, прынамсі, аб гэтым не гаварыў. Але нават калі напісана, я ўяўляю, у якіх умовах гэта зроблена. І не дарма я цяпер назіраю за падзеямі ў Кыргызстане. Там жа ідуць з лозунгамі: вярніце нашага прэзідэнта, ён ніякай заявы не пісаў, ён вернецца ў Кыргызстан. І сітуацыя там далёкая ад разрадкі.

 

Другі раз я з ім размаўляў, па-мойму, у суботу або нядзелю ён ужо быў у Казахстане. Што паведамлялі расійскія СМІ? Што мяне абурыла, чаму я эмацыянальна, будучы ў касцёле (18 красавіка), на гэта рэагаваў? Гэта ж усё ўкідванні ішлі. Першае ўкідванне было з Казахстана. Яны паслухалі, відаць, нашу размову – мы гаварылі па адкрытай сувязі – і пайшло ўкідванне праз расійскія СМІ, што Бакіеў вылецеў з Казахстана ў нядзелю або ў суботу да нас. Я ўжо не гавару аб тым, што некаторыя пазванілі Уладзіміру Уладзіміравічу: калі вы забераце Бакіева? Я зразумеў гэту мітусню за кулісамі. Там (у Кыргызстане. – Заўвага БЕЛТА) крымінальную справу ўзбудзілі супраць яго і сына. Ён знаходзіцца ў Казахстане. Часовы ўрад – ну як жа Казахстан падставіць – маўчыць, аб тым, што ён аб’яўлены ў міжнародны вышук. І хутчэй яго куды-небудзь вытурыць. Ці ж гэта прыстойна? Гэта жудасна проста. Я не ўсё вам магу сказаць, што адбывалася. Я зноў з ім звязаўся, ён мне пазваніў, даў мне кантактныя тэлефоны, дзе ён знаходзіцца. Я яго папярэдзіў, што ўсе размовы нашы праслухоўваюцца, паколькі праз расійскія СМІ пачынаюць заяўляць, што ён у Беларусі. Мы перагаварылі. Вы ведаеце, ён не прасіў за сябе. Дзяцей, кажа, шкада, яны ні ў чым не вінаватыя. Не трэба мяне… Я яму сказаў у адказ на яго пытанне: табе трэба абследавацца пасля ўсяго гэтага, прайсці рэабілітацыю. Ты нават не думай пра дзяцей, пра сям’ю, я і цябе забяру. Табе гэта будзе на шкоду, сказаў Бакіеў. Я гавару: якая мне шкода? Ты прэзідэнт краіны. Ты хочаш да нас прыехаць? Я цябе прыму як прэзідэнта краіны, не якога-небудзь там ізгоя.

 

Такая ў нас размова адбылася, і ў касцёле я адкрыта сказаў аб гэтым. Калі ўсе сказалі, што ён у Мінску, яго ў Мінску не было. І сітуацыя вакол яго, адчуваю, пачала ўскладняцца. Не дай божа, лічу, здадуць там, схопяць, пацерпіць сям’я. Брата пачалі шукаць, які службу бяспекі ўзначальваў, павесіць на яго гэтыя смерці хочуць, як ён мне сказаў. Я ўсю гэту сітуацыю ўявіў і ўначы ў панядзелак даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Мінск. Па яго просьбе, ён аб гэтым прасіў, і неаднойчы. І хоць былі закрыты аэрапорты і іншае, гэта вашы, гавару, праблемы, вы ваенныя людзі – каб Бакіеў быў у Мінску.

 

Уначы ў панядзелак ён быў у Мінску. Сёння мною назначана медыцынская камісія, праведзена першаснае абследаванне сям’і. Карціна не вясёлая. Але я хачу заявіць, што калі яму патрэбна будзе не толькі рэабілітацыя, але і медыцынская дапамога – абавязкова акажам яму і сям’і. Ён знаходзіцца ў нас у Мінску пад аховай нашай дзяржавы і асабіста вашага Прэзідэнта.

 

Сёння ж я даручыў Міністэрству замежных спраў і Ураду аказаць гуманітарную дапамогу кыргызам. Усё, што можам, самі пападалі ў цяжкую сітуацыю пасля чарнобыльскай катастрофы, мы збяром у бліжэйшы час і адправім кыргызскаму народу – і паесці, і апрануцца. Я лічу, што нашы людзі на гэта адгукнуцца і падтрымаюць. Сям’ю мы ў крыўду не дадзім, мы падлечым і дзяцей, і калі патрэбна дапамога, мы акажам яе і Курманбеку Саліевічу.

 

Я не лічу, што там сітуацыя поўнасцю разрадзілася. Бакіеў нікуды не пойдзе, гэта не той чалавек. Ён сябе лічыць на сённяшні дзень прэзідэнтам. І народ там працверазеў, нават тыя, якія штурмавалі, – вярніце нашага прэзідэнта. Таму не трэба сёння так званаму часоваму ўраду пыліць і дэманстрацыі каля нашага пасольства праводзіць: Лукашэнка такі-сякі, не прымайце Бакіева, застрэльце, павесьце і іншае. Гэтага не будзе. Гэта прэзідэнт дружалюбнай нам краіны. І чаго б гэта нам ні каштавала, я буду рабіць усё, каб захаваць яго сям’ю і яго самога. Захоча ён застацца ў палітыцы – няхай удзельнічае. Не захоча, захоча жыць у нас – няхай жыве, месца хопіць, і работы ўсім хопіць. У нас нямала кыргызаў жыве, прыстойныя, спецыялісты, разумныя, добрыя людзі, сем’і стварылі. У нас зямлі хопіць і месца ўсім для жыцця хопіць.

 

А што датычыцца праблем Кыргызстана, я лічу, што наладзім мы адносіны з любой уладай, калі яна хоча мець прадказальнага, прыстойнага і добрага партнёра. А мы заўсёды былі такімі і не толькі для іх, для ўсіх. Але гэтым рэвалюцыям павінен быць пакладзены канец”.



21 красавiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Сядзіба Максіма Танка  Касцёл у Шэметава   Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси