Запрашае «Родны кут»

ЖЫХАРЫ гарадскога пасёлка Крывічы з гонарам зазначаюць, маўляў, не патрэбна цяпер нам у Мядзел дабірацца, каб у «Еўраопце» купіць прадукты харчавання, тыя або іншыя тавары. Маем сваю краму. Яна нічым не горшая. Зараз да нас едуць людзі, напрыклад, з Даўгінава, іншых навакольных вёсак…

І яны маюць рацыю. Днямі ў гарадскім пасёлку гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў універсам «Родны кут», які належыць Мядзельскаму райПО.

Раней тут размяшчаўся магазін «Дзіцячы свет». Потым доўгі час будынак пуставаў, прыйшоў у заняпад. Яго нават хацелі зусім знесці. Але кіраўніцтва райПО, як кажуць, узважыла ўсе «за» і «супраць» і вырашыла аднавіць гандлёвую кропку.

— Год таму распачалі рамонт. Большасць работ выконвала наша рамонтная брыгада. Плённа папрацавалі электрык Дзмітрый Звяруга, цесляры Мікалай Пястун, Валерый Пястун, Міхаіл Мацюшонак, Віктар Шашура, сталяр Вячаслаў Бушыла, падсобны рабочы Алег Садоўскі, тынкоўшчыца Тамара Часноўская і іншыя, — расказвае прараб Уладзімір Смірноў. — Аб’ём работы выкананы вельмі вялікі. Фактычна з паўразбуранага будынка зрабілі сучасную гандлёвую кропку.

І вось надышоў час урачыстага адкрыцця крамы. Сабралася шмат жыхароў пасёлка. Людзі з нецярпеннем чакалі, калі ўніверсам адчыніць дзверы. Вядучая, а з гэтай роляй выдатна справілася акампаніятар Крывіцкага Дома культуры Ала Ізергіна, слова прадастаўляе старшыні райПО А. М. Грузд.

— Шчыра вітаю і віншую ўсіх з нагоды адкрыцця новай крамы. Жадаю, каб кожны з вас знайшоў тут свой тавар, каб вы сталі нашымі пастаяннымі пакупнікамі, — зазначае Аксана Мікалаеўна.

Прывітаў прысутных і намеснік старшыні райвыканкама Л. С. Берняковіч.

— Ад імя раённага выканаўчага камітэта хачу выказаць шчырыя словы падзякі старшыні райПО Аксане Мікалаеўна і яе падначаленым за вялікую работу, якую выканалі па ўзнаўленні гандлёвай кропкі. Упэўнены, што і разнастайнага тавару тут будзе ўдосталь, — падкрэсліў Леанід Сцяпанавіч. — Жадаю калектыву магазіна заможных пакупнікоў, каб на тавары заўсёды быў попыт.

Звярнуўся да прысутных на ўрачыстасці і настаяцель Крывіцкай царквы Святой Тройцы айцец Мікалай. І перш, чым наведвальнікі зайшлі ў краму, ён правёў спецыяльны малебен і асвяціў паліцы з таварам, благаславіў калектыў на плённую і сумленную працу.

Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўляецца Л. С. Берняковічу і А. М. Грузд. Пад дружныя апладысменты яны выконваюць гэту фармальнасць, і людзі заходзяць у магазін.

— Якія вашы ўражанні ад гандлёвай кропкі? — цікаўлюся ў пакупнікоў.

— Магазін прасторны, шмат разнастайных тавараў…

Імпануе тое, што любы тавар можна, як кажуць, паглядзець, даведацца пра цану, тэрмін прыгоднасці, вытворцу. Усё даступна і зручна…

У гандлёвым аб’екце, як расказала старшыня райПО, прадстаўлена больш за 20 тысяч найменняў тавараў. На рамонт будынка, набыццё абсталявання выдаткаваны 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. Тут рабілі ўсё магчымае, каб крама адпавядала сучасным патрабаванням. У магазіне самаабслугоўванне, укаранёна камп’ютарная сістэма з прымяненнем штрых-кодаў, устаноўлена відэаназіранне.

Як расказала старшыня райПО А. М. Грузд, магазін адкрыты пад брэндавай маркай «Белкаапсаюза» — «Родны кут». У ім на шэраг тавараў прадугледжаны скідкі. Некаторыя з іх дзейнічалі і на момант урачыстага адкрыцця. За набытыя тавары можна разлічыцца пластыкавай карткай.

— Як падбіралі калектыў? — цікаўлюся ў Аксаны Мікалаеўны.

— Асноўны касцяк — работнікі магазіна «Рамонак», які зараз зачынены. Дзяўчаты старанныя, працавітыя, ветлівыя, дысцыплінаваныя. Не раз даводзілася чуць словы падзякі ад пакупнікоў у іх адрас. Думаю, і тут яны справяцца на выдатна. Узначальвае калектыў Святлана Пятроўна Курыловіч, — чую ў адказ.

Літаральна пра кожнага работніка старшыня гаварыла шчыра. Таму нельга не назваць асобных з іх: Ірыну Альковіч, Вольгу Андрон, Алу Брышчук, Святлану Белую, фасоўшчыцу Марыну Галдыцкую…

Думаю, што «Родны кут» створыць сапраўдную канкурэнцыю камерцыйным крамам і стане любімай гандлёвай кропкай не толькі для жыхароў гарадскога пасёлка, але і многіх навакольных населеных пунктаў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. У час урачыстага адкрыцця магазіна настаяцель Крывіцкай царквы Святой Тройцы айцец Мікалай, старшыня райПО А. М. Грузд і намеснік старшыні райвыканкама Л. С. Берняковіч; 2. Работнікі магазіна В. П. Андрон, . Б. Альковіч, С. П. Курыловіч, М. Я. Галдыцкая, А. Т. Брышчук і С. У. Белая.

Фота аўтара.



14 жнiўня 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        0-178 1-12 0-170

Пабрацімы Мядзела