Калектыў аднадумцаў магазіна “Юбілейны”

НАПІСАЦЬ пра калектыў магазіна “Юбілейны” Крывіцкага рознічна-гандлёвага прадпрыемства параіла намеснік старшыні праўлення райПО па кадрах Т. І. Крыштопа. Таццяна Іосіфаўна падкрэсліла, што выпадковых людзей у гэтай краме няма. Падабраліся аднадумцы, якія хварэюць душой за даручаную справу, адказныя, неабыякавыя. Таму ў іх усё і ладзіцца. Культура абслугоўвання пакупнікоў таксама на належным узроўні, хапае і тавараў.

Накіроўваемся па ўказаным адрасе. Наведвальнікаў у ранішні час было няшмат, і мы змаглі спакойна пагутарыць з прадаўцамі. Ад іх даведаліся, што, як толькі адкрыўся ў Мядзеле “Еўраопт”, пакупнікоў адразу паменела. Аднак цяпер многія з іх пакрысе вяртаюцца назад. Цэны на рыбу, макарону ў “Юбілейным”, “Галінцы бэзу” ніжэйшыя, чым у “Еўраопце”. Каўбасы, мясныя вырабы завозяцца зараз практычна з усіх мясакам¬бінатаў рэспублікі, малочная прадукцыя — таксама. Усё свежае, добрай якасці. У магазіне вялікі выбар цукерак, кандытарскіх, хлебабулачных вырабаў. Даволі шырока прадстаўлена і прамысловая група тавараў. Асобныя прадукты, як у тым жа “Еўраопце”, прадаюцца са скідкамі. Практыкуюцца і акцыі. Самая папулярная з іх — “Ноч скідак”, якая праводзілася ўжо двойчы — напярэдадні Каляд і праваслаўнага Ражства Хрыстова.

— Мы працуем на канчатковы вынік, — паведаміла загадчыца магазіна Людміла Іванаўна Цёплая. — Стараемся, каб быў у продажы неабходны асартымент тавараў. А таму адсочваем, каб прадукцыя своечасова завозілася, была якасная. Дарэчы, захоў¬ваць яе неабходны тэрмін у належным стане дазваляе сучаснае халадзільнае абсталяванне. Прадаўцам пастаянна кажу, каб яны адносіліся да пакупнікоў так, як бы хацелі, каб іх саміх абслугоўвалі. Каб чалавек, які прыйшоў да нас адзін раз, захацеў наведацца ў краму зноў і зноў. І гэта маё патрабаванне дзяўчаты выконваюць. Яны з усімі кліентамі ветлівыя, культурныя. Нездарма многія людзі, асабліва тыя, хто пражывае ў мікрараёне магазіна, становяцца нашымі пастаяннымі пакупнікамі, чаму мы вельмі рады. Крама наша зараз прыгожая, сучасная, працуе па прынцыпе самаабслугоўвання, што людзям зручна.

— Ці адбілася ўкараненне камп’ютарнай сістэмы з прымяненнем штрых-кодаў на рабоце прадаўцоў? — пацікавілася ў загадчыцы. А ў адказ пачула:

— Моладзь, а ў нас працуе ў асноўным менавіта яна, нядрэнна ведае сучасныя тэхналогіі. Добра і тое, што зараз не патрэбна пісаць цэннікаў на тавары, іх замянілі штрых-коды. А вось уважлівасць і адказныя адносіны да даручанай справы па-ранейшаму вельмі патрэбны.

— Што вы можаце расказаць пра сваіх падначаленых? — запыталася ў загадчыцы.

— Калектыў наш невялікі, дружны. Сярод прадаўцоў, а іх у нас пяць, няма навічкоў. Ва ўсіх за плячыма пэўны значны стаж работы за прылаўкам, — гаворыць Людміла Іванаўна. — Усе клапоцяцца, каб магазін быў на ўзроўні, каб наведвальнікі пакідалі яго задаволеныя. У нас поўная ўзаемазамяняльнасць. Удзельнічаем у выязным гандлі. Даводзіцца і розныя мерапрыемствы абслугоўваць. Не зважаючы на прафесійнае свята, учора і сёння работнікі магазіна задзейнічаны на фэсце ў Будславе. Там тысячы людзей з усіх куткоў Беларусі збіраюцца і нават з-за мяжы. Вось і трэба трымаць марку, каб не падвесці ні свой раён, ні гандаль. За мінулы месяц тавараабарот склаў 520 мільёнаў рублёў, а гэта на 200 мільёнаў больш, чым было ў папярэднім. Плануем, што і ў гэтым месяцы спрацуем не горш.

Лічу, што не лішнім будзе пазнаёміць чытачоў газеты з калектывам магазіна “Юбілейны”. Некалькі слоў варта сказаць пра загадчыцу Людмілу Іванаўну Цёплую, якая з’яўляецца выдатным кіраўніком і шчырым, добразычлівым чалавекам. У многім дзякуючы яе актыўнасці, неабыякавасці магазін на нядрэнным рахунку ў жыхароў горада. Заўсёды ветліва, з усмешкай сустракаюць наведвальнікаў прадаўцы Святлана Алегаўна Блузман, Святлана Іванаўна Дземяшкевіч, Данута Станіславаўна Вежан, Наталля Віктараўна Савіч, Гражына Тадэвушаўна Паломская. Сучаснае камп’ютарнае абсталяванне абслугоўвае аператар ЭВМ Юлія Уладзіміраўна Мілько. За парадкам у памяшканнях пастаянна сочыць прыбіральшчыца Мая Аляксандраўна Міцкевіч. Стараецца і грузчык Мікалай Мікалаевіч Пацко.

На развітанне дзяўчаты папрасілі ад імя свайго калектыву павіншаваць калег з іншых гандлёвых кропак Мядзельшчыны з прафесійным святам. Пажадаць ім здароўя, дабрабыту, шчасця і ўсяго самага найлепшага ў працы і ў асабістым жыцці. Гэту просьбу іх і выконваю.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: загадчыца магазіна Л. І. Цёплая, прадаўцы С. І. Дземяшкевіч, С. А. Блузман, прыбіральшчыца М. А. Міцкевіч, аператар ЭВМ Ю. У. Мілько.

Фота Аляксандра Высоцкага.



07 лiпеня 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-012 возера Глубелька wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела