Супрацоўніцтву краін – мацнець

Не зважаючы на непаразуменні, якія часам узнікаюць паміж кіраўніцтвам, а таксама асобнымі ведамствамі абедзвюх краін на няпростым шляху інтэграцыйнага працэсу, беларусы і расіяне з павагай ставяцца адзін да аднаго. Больш таго, у выпадку неабходнасці яны заўжды гатовы працягнуць руку пад­трымкі і дапамогі сваім братам, што ўжо неаднойчы даказвала жыццё. Гэта невыпадкова. У нас агульная гісторыя, карані. Некалі разам продкі беларусаў і расіян жылі ў складзе Кіеўскай Русі. Затым Беларусь уваходзіла ў Расійскую дзяржаву. Была яна часткай і магутнага Савецкага Саюза. Дарэчы, менавіта БССР стала прататыпам сённяшняй незалежнай суверэннай рэспублікі.

 Не забыць і суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны, калі на барацьбу з фашызмам падняліся ўсе: і старыя, і малыя. Лю­дзі розных нацыянальнасцей на фронце і ў тыле ворага грамілі захопнікаў, набліжаючы доўгачаканае вызваленне роднай зямлі. Многія з іх не дажылі да светлага дня Перамогі, прынеслі на яе алтар самае дарагое – сваё жыццё. Пра подзвіг герояў нагадваюць жывыя сведкі вайны – ветэраны, а таксама кнігі, кінафільмы. У гонар загінуўшых узведзены помнікі і мемарыялы, іх імёнамі названы вуліцы гарадоў і вёсак.

Народы Беларусі і Расіі па-ранейшаму даражаць сваім мінулым, радуюцца сённяшнімі дасягненнямі абедзвюх краін. Працягваецца сумеснае супрацоўніцтва ў эканоміцы, палітыцы, культуры, медыцыне, ваенным будаўніцтве, вырашэнні пытанняў сацыяльнай сферы. Сябруюць між сабой ветэраны. Супрацоўнічае моладзь. Гэта яскрава бачна на прыкладзе развіцця ўзаемаадносін паміж гарадамі-пабрацімамі Мядзелам і Рузай. Колькі цікавых сустрэч, сумесных мерапрыемстваў – культурных, спартыўных – праведзена! Успаміны пра іх самыя цёплыя, самыя шчырыя! Узгадваецца гутарка з дырэктарам аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама, салістам народнага ансамбля эстраднай песні “Правінцыя” Аляксандрам Цыгельнікавым. Ён тады толькі вярнуўся з Паўднёва-Усходняй акругі Масквы, дзе праходзілі Дні культуры Міншчыны, і дзяліўся ўражаннямі ад незабыўнай паездкі. Слухаючы Аляксандра Яўгенавіча, я поўнасцю з ім пагаджалася. Так, культура, песня, сапраўды, аб’ядноўваюць народы. Калі спявае разам з артыстам душа, забываюцца праблемы, цяжкасці, нават непаразуменні. Ёсць толькі спявак і ўдзячныя вочы гледачоў. Дарэчы, расіяне вельмі цёпла ўспрымаюць песню, дзе ёсць  такія радкі: “Беларусь і Расія – дзве сястрыцы родныя..”. Яна спяваецца па чарзе то на рускай, то на беларускай мовах і заўсёды выклікае шквал бурных апладысментаў. І не толькі ў братняй краіне-суседцы, але і ў нас на радзіме.

Працягваецца супрацоўніцтва між спартсменамі. І сёння жыхары горада памятаюць спаборніцтвы на байдарках і каноэ паміж навучэнцамі ДЮСШ і падлеткамі Падмаскоўя, якія праходзілі некалькі год таму на возеры Мястра і сталі сапраўдным святам юнацтва гарадоў-пабрацімаў, аб’яднаных дружбай і агульнымі інтарэсамі. Акрамя таго, для падрыхтоўкі таленавітых маладых спартсменаў расійскі бок ужо шмат год запар прадастаўляе лыжную трасу ў Сыктыўкары. Гэта дазваляе “ўзыходзячым зоркам” не толькі лепш падрыхтавацца да зімовага сезона, але, назіраючы за трэніроўкамі знакамітасцей, удасканальваць сваё майстэрства з тым, каб  мець станоўчы вынік на спаборніцтвах па лыжных гонках не толькі ў сваёй краіне, але і на міжнародным узроўні. Шмат год таму пабывалі на такіх вучэбна-трэніровачных зборах у Сыктыўкары члены Нацыянальнай каманды па лыжных гонках мядзяльчанкі Вольга Васілёнак і Ірына Нафрановіч. Двойчы ездзіла туды і юная лыж­ніца Віталія Івашкова. Дарэчы, трэнерам таленавітай дзяўчынкі з’яўляецца ра­сіянка Наталля Пятроўна Уцюгова, якая працуе намеснікам дырэктара СДЮШАР горада і не шкадуе ні сіл, ні часу для падрыхтоўкі беларускіх спартсменак.

Ахвотна жыхары Расіі прыязджаюць у Нарачанскі край на адпачынак. І зімой многія з іх з задавальненнем бавяць свой вольны час у нашых здраўніцах, але асабліва шматлюдна тут летам. Прываблівае гасцей з краіны-суседкі, а таксама з Прыбалтыкі і іншых дзяржаў маляўнічая прырода, якая ўдала асацыіруецца з ціхім шэптам сосен, плёскам хваль прыгажуні Нарачы, гаючым паветрам і выдатнымі ўмовамі для адпачынку.

Мяркую, што так будзе заўсёды. Што нашы народы і ў бліжэйшай перспектыве будуць знаходзіць новыя шляхі для далейшага супрацоўніцтва і сяброўства.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



02 красавiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

1-12 Лебедзі на Нарачы Царква ў Слабадзе Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси