Не ўпускаць спрыяльных гадзін! | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Не ўпускаць спрыяльных гадзін!

СЁЛЕТНЯЯ вясна значна запазнілася. А гэта значыць, ад хлебаробаў гаспадарак для правядзення пасяўной кампаніі ў аптымальныя тэрміны патрабуецца поўная аддача сіл і дакладная арганізацыя працы на веснавым полі. Больш таго, як ніколі раней стаіць задача па безумоўным забеспячэнні якаснага выканання ўсіх аперацый тэхналагічнага ланцужка, які прыводзіць да важкага коласу, прадугледжаных прагнознымі паказчыкамі збораў збожжавых, бульбы, рапсу, кукурузы, караняплодаў… Якраз пра гэта і вялася размова на пашыраным пася­джэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу. Правёў яго першы намес­нік старшыні раённага выканаўчага камітэта С. Р. Якубовіч. Пры абмеркаванні хода падрыхтоўкі нашых кааператываў да правядзення вясенне-палявых работ – галоўнага пытання парадку дня пасяджэння – справаздачу трымаў літаральна кожны кіраўнік гаспадаркі.

Справа ў тым, што ў гэтым го­дзе аб’ёмы валавой прадукцыі ў аграпрамысловым комплексе павінны ўзрасці на 112,2 працэнта. Прыбаўка не з маленькіх. А на месцах нямала дзе яшчэ фіксуюцца істотныя недапрацоўкі ў падрыхтоўцы да пасяўной-2010. Калі крыху больш падрабязна, то ў некаторых гаспадарках марудзяць з вывазкай арганікі, якая, з улікам цяперашняй 20-працэнтнай забяспечанасці азотнымі мінеральнымі тукамі, набывае асаблівы кошт. Менш палавіны ад нарыхтаванай дастаўлена яе на палі ў СВК “Свірскі край”, на унітарным прадпрыемстве “Га­бы-агра”, птушкафабрыцы “Новая зара”. Проста нельга не ўлічваць і каля пяці тысяч гектараў не ўзнятага з восені зябліва, што адмоўна адаб’ецца на тэмпах пасяўной. Найбольш такіх плошчаў на птушкафабрыцы “Новая зара”, дзе ў параўнанні з папярэднім годам узарана менш ажно на 1280 гектараў. Праўда, яе дырэктар Г. С. Алек­сіевіч запэўніў, што на ворыве яны задзейнічаюць восем плугоў, з усімі работамі ў полі ўправяцца ў вызначаныя тэрміны, а збожжавых сёлета намалоцяць дзевяць тысяч тон.  

Не даводзіцца пакуль хваліцца ў гаспадарках і тэмпамі падсеву траў. Між іншым, гэта задача зусім не другарадная. З практыкі вядома: дзе багатыя сенажаці і паша, там і вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі на высокім узроўні. Тым не менш, на унітарным прадпрыемстве “Габы-агра”, адзіным у раёне, няма ніводнага гектара інтэнсіўнай пашы. І ці варта здзіўляцца пасля гэтага, што яно вось ужо не першы год не можа “ўзбіцца” на прывабныя паказчыкі на сваіх фермах. У сувязі з гэтым дастаткова сказаць, што цяпер надой ад каровы тут складае ўсяго 6,3 кілаграма малака – практычна ў два разы менш, чым у сярэднім па раёне. Па словах Сяргея Рыгоравіча, “другія “Джэнці” ў нас наспяваюць на унітарным прадпрыемстве “Вішнеўскае-агра”, дзе многія тэр­міновыя вытворчыя справы ад­кладваюць на потым. У тым ліку – з  рамонтам тэхнікі.

Ёсць па ёй праблемы і ў іншых гаспадарках. У некаторых дае аб сабе ведаць дэфіцыт механізатарскіх кадраў. Як прагучала на пасяджэнні, не па адным трактары без гаспадароў налічваецца ў СВК “Лук’янавічы”, ААТ “Мя­дзелаграсэрвіс”… Дзе-нідзе да работы не гатовы нават сеялкі. Адно абнадзейвае: усе без выключэння кіраўнікі абяцалі, што наяўныя ў гаспадарках недапрацоўкі, звязаныя з падрыхтоўкай да пасяўной, будуць аператыўна ўхілены, яны прымуць усе неабходныя меры для ажыццяўлення комплексу арганізацыйных, тэхналагічных мерапрыемстваў па забеспячэнні вытворчасці прадукцыі ў запланаваных аб’ёмах. Дасягненню такой мэты паспрыяе і комплекс мер, намечаны ў прынятым па гэтым пытанні рашэнні.

На пасяджэнні таксама разгле­джана і знята з кантролю рашэнне раённага выканаўчага камітэта ад 28 жніўня 2009 года “Аб прымаемых мерах кіраўніцтвам Нарацкага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Маладзечанскі малочны завод” па выкананні бізнес-плана развіцця на 2009 год, далучэнні інвестыцый на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю прадпрыемства”.

 Павел ЖУКАЎ. 



30 сакавiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 на Блакітных азёрах        dsc_5774-3  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси