Завіхаліся дружна, зладжана

АКТЫЎНЫ ўдзел у рэспубліканскім суботніку, які адбыўся 20 красавіка, прынялі і жыхары Мядзельшчыны. Практычна на кожнай вуліцы райцэнтра вяліся работы па навядзенні парадку. Прычым не толькі сіламі камунальнай службы, але і прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада. Дружна працавалі ў скверы работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а ў старамядзельскім парку — настаўнікі СШ №2 г. Мядзел, супрацоўнікі раённага аддзела адукацыі. Жанчыны падграбалі мінулагоднюю траву, смецце, збіралі раскіданыя бутэлькі. На ачыстцы помніка прыроды ад кустоўя, парасніку былі задзейнічаны работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі: вальшчыкі лесу Станіслаў Францавіч Місуна, Валерый Антонавіч Драгун, рабочы Іван Якімавіч Захарэвіч і майстар Вячаслаў Мікалаевіч Васілевіч. Спорылася работа і на тэрыторыі Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі. Вынік яе — акуратна пабеленыя дрэвы і бардзюры ля дарогі насупраць будынка ўстановы. На добраўпарадкаванні помніка партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай ля в. Мікольцы шчыравалі работнікі райвыканкама.

Дружна выйшлі на суботнік калектывы арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў аграгарадка Нарач. Сіламі супрацоўнікаў сельскага выканаўчага камітэта, работнікаў мясцовага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскіх Дома культуры і бібліятэкі, музычнай школы прыводзілася ў належны выгляд цэнтральная плошча.

— Работы размеркаваны такім чынам, каб людзі не прастойвалі, а займаліся чымсьці карысным, — паведаміў намеснік старшыні Нарацкага сельвыканкама Іван Слававіч Варабей. — Адны падмятаюць тэрыторыю, ачышчаюць клумбы, газоны, другія — замяняюць на больш урадлівую зямлю ў вулічных вазонніцах, трэція — фарбуюць лаўкі, слупы для ліхтароў асвятлення, урны для смецця, чацвёртыя — абразаюць кустоўе… Наводзіцца таксама парадак і на іншых вуліцах аграгарадка, курортнага пасёлка Нарач. Вось паглядзіце, як прыгожа выглядае новая агароджа каля магазіна прамысловых тавараў, якую паставілі літаральна ўчора. Днямі пачнём фарбаваць фасады будынкаў, размешчаных у цэнтры аграгарадка. Наш населены пункт — своеасаблівыя вароты ў курортную зону, і вельмі важна, каб ён выглядаў акуратна і прывабна ў любую пару года.

Знайшлася для ўсіх справа і ў Нарацкім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Хто быў заняты на добраўпарадкаванні тэрыторыі, прылягаючых да завода вуліц, хто завіхаўся на сваіх рабочых месцах. Вытворчасць не спынялася: ажыццяўлялася прыёмка малака, у звыклым рэжыме працавалі цэхі па вырабу тварагу, сыру, па разліву малака.

— Хочацца, каб наш аграгарадок быў прыгожым і ўтульным, — гаворыць старшыня прафкама філіяла Наталля Аркадзьеўна Субач, — вось і стараемся падтрымліваць і тэрыторыю, і прылягаючыя да завода вуліцы ў нармальным стане. Як бачыце, і падчас суботніка займаемся добраўпарадкаваннем. Смецце, намецены пясок грузім у пагрузчык, якім кіруе Сяргей Аркадзьевіч Купрэвіч. Поплеч са мной шчыруюць спецыялісты планава-эканамічнага аддзела, бухгалтэрыі, радавыя рабочыя. Разам з дачушкай завіхаецца Ірына Еўстафіеўна Пішч. Першакласніцу няма з кім дома пакінуць, вось і ўзяла яе матуля з сабой. Так змалку і прывыкае дзяўчынка да працы.

У Сваткаўскім сельсавеце арганізацыі былі задзейнічаны ў асноўным на добраўпарадкаванні падведамасных тэрыторый. Некаторыя фарбавалі кантэйнеры на могільніках у Сватках і Брусах, а таксама урны для смецця “чысты горад” у Сватках. Даволі арганізавана прайшоў рэспубліканскі суботнік і на тэрыторыі Крывіцкага сельсавета. Як расказала старшыня сельскага выканаўчага камітэта Наталля Васільеўна Бялоўская, справа знайшлася ўсім. Многія займаліся навядзеннем парадку ў населеных пунктах, на прылягаючых тэрыторыях. На могіль¬ніку ў Пузырах вяліся работы па ўборцы старых дрэў. Займаліся гэтым вальшчыкі лесу з Крывіцкага лясніцтва і Крывіцкага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Актыўную дапамогу ім аказвалі работнікі сельвыканкама, Пузыроўскага СДК і бібліятэкі, участка ЖКГ, некаторыя вяскоўцы. Прыводзіліся таксама ў належны выгляд школамі месцы пахавання воінаў, помнікі загінуўшым землякам.

Пацікавілася вынікамі рэспубліканскага суботніка ў кіраўніка групы райвыканкама па яго падрыхтоўцы і правядзенні старшыні раённага Савета дэпутатаў Алега Алегавіча Бароўкі. Пачуць давялося наступнае:

— Працоўныя калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў займаліся навядзеннем парадку ў населеных пунктах, месцах баявой і воінскай славы, пахавання воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Хачу адзначыць належную арганізацыю работ, стараннасць людзей. У Мядзеле асаблівая ўвага ў гэтым годзе надавалася рабоце арганізацый па добраўпарадкаванні вуліц, замацаваных за імі рашэннем райвыканкама. Думаю, што зроблены нядрэнны зачын, каб паспяхова да 1 чэрвеня бягучага года правесці мерапрыемствы ў рамках месячніка па навядзенні парадку. Прычым асноўныя работы ў населеных пунктах патрэбна завяршыць да 1 мая. Так што, каб ажыццявіць задуманае, у бліжэйшы час у гэтым накірунку давядзецца яшчэ нямала папрацаваць. А што датычыць заробленых падчас суботніка сродкаў, то яны пойдуць на паляпшэнне ўмоў аздараўлення і адпачынку дзяцей, на падрыхтоўку лагераў да летняга сезона.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Вальшчык лесу УП “Мядзельская ЖКГ” С. Ф. Місуна; 2. Фарбуюць лаўкі на цэнтральнай плошчы аграгарадка Нарач С. В. Зубко і М. А. Лоўкіс; 3. На добраўпарадкаванні працуюць работнікі Нарацкага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”.

Фота Аляксандра Высоцкага.



27 красавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства, Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Рэчка Нарачанка        06-043 _06-040

Пабрацімы Мядзела