Пашкадуйце першацвет

ЯК толькі сыходзіць снег, у лесе з’яўляюцца першыя веснавыя расліны — белыя, жоўтыя, ружовыя, блакітныя… Яны — сапраўднае ўпрыгажэнне веснавога лесу. Выязджаючы на прыроду, людзі імкнуцца прывезці дадому букецік кветак. Якія першацветы растуць на тэрыторыі нашага раёна? Адказаць на гэта і некаторыя іншыя пытанні папрасіў начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А. У. ЛЕОНІКА:

— У лясах Мядзельшчыны можна сустрэць шмат першацвету. Гэта — пралеска высакародная, падснежнікі, ландыш майскі і інш. А такія, як ветраніца лясная, сон-трава, першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, раўнаплоднік васіліснікавы, фіялка багністая, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У 2011 годзе ў спіс раслін Чырвонай кнігі быў уключаны і прастрэл раскрыты. Акрамя «чырванакніжных» відаў, сярод першацветаў ёсць віды са спісу раслін і грыбоў, якія патрабуюць прафілактычнай аховы (гэта недастаткова вывучаныя ці рэдкія віды), а таксама звычайныя, але патрабуючыя асобнай увагі (напрыклад, уключаныя ў Чырвоную кнігу Еўропы, якія ахоўваюцца ў рамках міжнародных канвенцый). Да такіх відаў у Беларусі адносяцца цюльпан лясны, першацвет веснавы, пралеска высакародная, чубатка палявая. У адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» першацветы, занесеныя ў Чырвоную кнігу, забараняецца збіраць, перасаджваць і знішчаць.

— Анатолій Уладзіміравіч, якая адказнасць прадугледжана заканадаўствам за збор першацветаў?

— За парушэнне патрабаванняў па ахове дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, аднесеных да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, ці месцаў іх пражывання і росту, альбо іх нямэтавае выкарыстанне на грамадзяніна накладваецца штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 150, на юрыдычную асобу — ад 25 да 500.

За самавольны збор або знішчэнне дзікарослых раслін, аднесеных да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, і іх частак, ці ажыццяўленне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да гібелі дзікарослых раслін, скарачэння іх колькасці ці парушэння іх росту, на грамадзяніна будзе накладзены штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 25 да 200, на юрыдычную асобу — ад 35 да 1000 базавых велічынь.

Збіраючы і прадаючы першацветы, мы знішчаем іх, а купляючы — падтрымліваем браканьераў. Рэдкія веснавыя кветкі лепш не чапаць: яны найбольш прыгожыя ў сваім звычайным асяроддзі. Лепш палюбавацца імі ў прыродзе, гэтым мы захаваем прыгажосць для будучых пакаленняў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



18 красавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 06-043 возера Глубелька від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела