Чорныя «аўтографы» на зямлі

НАСТУПІЛА вясна, прачынаецца зямля, абуджаецца прырода. Усё наўкола радуецца. Але гэту радасць часта азмрочвае вогненная бура, якая нарадзілася з кінутай непатушанай запалкі ці вугольчыкаў у траве… Што патрэбна рабіць, каб чорныя плямы пажарышчаў не «ўпрыгожвалі» маляўнічыя ландшафты Мядзельшчыны? З такім пытаннем звярнуўся да намесніка начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В. І. ПРАТАСЕВІЧА:

— У веснавы і летні перыяд вельмі актуальным з’яўляецца выпальванне мінулагодняй расліннасці. Многія памылкова лічаць, што гэта спрыяе лепшаму росту травы. На самай жа справе адбываецца дэградацыя расліннага покрыва, збядняецца яго відавы склад, спыняецца паступленне арганічных рэчываў, рэзка змяншаецца колькасць гумусу. Глеба губляе здольнасць утрымліваць вільгаць, пачынаецца яе эрозія. Таму выпальванне сухой травы — з’ява шкодная і небяспечная. Сваімі легкадумнымі адносінамі да прыроды вызначаюцца і вяскоўцы, і гараджане. Цяжка, а часам немагчыма падлічыць нанесеныя страты, падвесці вынікі дзеянняў чалавека. У пераважнай большасці выпадкаў віноўнікамі гэтага становяцца нашы бесклапотнасць і бескультур’е.

Даўно даказана шкоднасць выпальвання, але асобныя грамадзяне, нягледзячы на гэта, працягваюць кожныя вясну і восень выпальваць сухую траву, пажніўныя рэшткі і смецце. І супрацоўнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя даводзіцца зноў нагадваць пра шкоду, якая наносіцца навакольнаму асяроддзю.

— Віктар Іванавіч, якую канкрэтна шкоду наносіць наваколлю спальванне мінулагодняй травы?

— Глеба і расліннасць ад агню бяднеюць. Карані пустазелля залягаюць так глыбока, што полымя ім не страшна. У карысных раслін, наадварот, пупышкі, што даюць новыя парасткі, размешчаны на паверхні і пры выпальванні адразу гінуць. У падпаленай траве гінуць таксама жабы, вожыкі, яшчаркі, вужы, зайчаняты, гнёзды птушак, мільярды насякомых. Затое пад зямлёй цэлымі і жыццяздольнымі застаюцца ворагі садоў і агародаў — драцянікі, каларадскія жукі. Ад такога «гаспадарання» на зямлі менш становіцца чмялёў, вос, матылёў, пчол — асноўных апыляльнікаў кветкавых раслін.

— Магчыма за такія дзеянні прадугледжана заканадаўствам не вельмі строгая адказнасць.

— Наадварот, адказнасць даволі строгая. Мяркуйце самі. Выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі загарання ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь. А ў адпаведнасці з артыкулам 15.58 за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці базавых велічынь. Акрамя гэтага, за падобныя парушэнні, якія нанеслі прыродзе ўрон, ёсць і больш строгія меры адказнасці: крымінальная (артыкул 97 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь) і матэрыяльная (кампенсацыя нанесенага ўрону).

Але ніякія штрафы не дапамогуць, пакуль чалавек не зразумее, што прырода — наш агульны дом, які не церпіць раўнадушша. Ад веснавых «вогнішчаў» у паветры ўтвараюцца небяспечныя для здароўя чалавека злучэнні. Тым самым узмацняецца дэфіцыт кіслароду, пагаршаецца экалагічная сітуацыя.

Ці не пара нам, хто жыве ў 21 стагоддзі, перастаць пакідаць чорныя «аўтографы» на нашай зямлі. Гэта, у першую чаргу, датычыцца кіраўнікоў гаспадарак, якія пасля ўсталявання цёплага веснавога надвор’я даюць каманду для спальвання сухой травы, пажніўных рэшткаў і смецця.

Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зберагчы родную прыроду.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



18 красавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька _dsc1133-3 0-178 06-043

Пабрацімы Мядзела