І добраўпарадкаваннем займаліся

АКТЫЎНЫ ўдзел у абласным суботніку, які праводзіўся ў мінулую суботу, прынялі і жыхары азёрнага краю. Хто займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторый, хто працаваў на рабочых месцах. Вядома, зацяжная вясна, а таксама дождж, які імжыў з самай раніцы, не дазвалялі разгарнуцца як след. Тым не менш, работы па добраўпарадкаванні Мядзела і населеных пунктаў раёна праводзіліся. Многія гараджане прыйшлі з венікамі, граблямі, рыдлёўкамі. Адны падмяталі замацаваныя за арганізацыямі тэрыторыі, збіралі недакуркі, смецце, іншыя — разбівалі ламамі ледзяныя і снежныя глыбы і затым вывозілі іх. Даволі актыўна ў райцэнтры вялася ўборка снегу з плошчы імя Леніна, з тратуараў і ўчасткаў дарог, ля будынкаў арганізацый і ўстаноў. Ля аб’ектаў райПо шчыравалі работнікі спажывецкай кааперацыі.

— Мы прыйшлі на суботнік з добрым настроем, — расказваюць тэхнолаг аддзела грамадскага харчавання РГП “Крывічы” Анастасія Анатольеўна Садоўская і аператар ЭВМ гэтага ж рознічна-гандлёвага прадпрыемства Ігар Дзмітрыевіч Шпак. — Хочацца, каб наш горад быў прыгожым і прывабным. А гэта, ведаем, і ад нас залежыць. Вось і стараемся ад душы: дзе можна наводзім парадак каля будынкаў, на прылягаючых да іх вуліцах. Для ўборкі рэшткаў снегу задзейнічана наша тэхніка. Пагрузчыкам “Амкадор” кіруе Іван Іванавіч Шаранговіч. Адвозіць снег даручана вадзіцелю Дзянісу Мечыслававічу Чарняўскаму.

Падчас суботніка наводзілі парадак на падведамасных тэрыторыях таксама супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі бытавога абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Мядзел” і многія іншыя. Да ўборкі вуліц аграгарадка Сваткі, акрамя спецыялістаў мясцовага сельвыканкама, былі прыцягнуты і беспрацоўныя, які працяглы час не маюць пастаяннага занятку. Добраўпарадкоўвалі тэрыторыі ў дзень суботніка і ў іншых сельсаветах.

У асобных арганізацыях персанал быў задзейнічаны на сваіх працоўных месцах. Работнікі “ДЭУ-66”, філіяла РУП “Мінск¬аўтадар-Цэнтр” займаліся ямачным рамонтам аўтамабільных дарог. Напрыклад, на трасе Мінск — Нарач працавалі дарожныя рабочыя Уладзімір Аляксеевіч Алін і Яўген Алегавіч Кусько. А падвозіў ім асфальт, інструменты ветэран прадпрыемства, вадзіцель са стажам Іван Іванавіч Роліч.

У дзень суботніка не спыняліся работы і на будаўнічых аб’ектах. На адным з іх, а гэта на 24-кватэрным жылым доме ЖБК “Меліяратар”, які ўзводзіць брыгада ДУП “Мядзельскае ПМС”, давялося пабываць і нам. Як даведаліся, фундамент будынка быў закладзены яшчэ напрыканцы мая мінулага года. Аднак па розных прычынах работы адцягваліся, а пачынаючы з Новага года, яны вядуцца даволі хуткімі тэмпамі. Па ўсім бачна, будаўнікі імкнуцца не падвесці навасёлаў і здаць аб’ект у запланаваны тэрмін. Адначасова з укладкай сцен верхніх паверхаў устанаўліваюцца вокны, дзверы, што дазволіць прыступіць неўзабаве да аддзелачных работ у памяшканнях. Дарэчы, гэта не першы дом, які будуюць у Мядзеле меліяратары. Мяркую, што ім, як і папярэднімі, таксама будуць задаволены жыхары.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. На ўборцы снегу работнікі райПо А. А. Садоўская і І. Д. Шпак; 2. Кранаўшчык ДУП “Мядзельскае ПМС” Д. У. Ходзін.

Фота Аляксандра Высоцкага.



17 красавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 1-12 0-170 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела