Не трапляйце на кручок да махляроў

МЫ прывыклі думаць, што самае надзейнае месца — наш дом. Але статыстыка пацвярджае, што ў жыллі не менш пагроз, чым за яго межамі. Няўважлівасць, рассеянасць, даверлівасць — любы з гэтых фактараў можа стаць фатальным. А самыя надзейныя дзверы — якія вы не адчыніце незнаёмцам. Пра гэта пастаянна расказваецца ў відэасюжэтах сацыяльнай рэкламы. Нямала рэпартажаў прысвечана названай тэме і ў тэле¬праграмах, на старонках газет. Але, на жаль, гэта правіла дзейнічае не заўсёды, і па-ранейшаму грамадзяне аказваюцца падманутымі. У якасці ахвяр аферысты часцей выбіраюць пенсіянераў, інвалідаў, непаўналетніх. Не з’яўляецца выключэннем і Мядзельшчына.

У раённым аддзеле Следчага камітэта знаходзіцца крымінальная справа, узбуджаная па частцы 1 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па факту махлярства. У ходзе расследавання было высветлена, што 17 студзеня бягучага года да жыхара г. п. Крывічы зайшла незнаёмая жанчына цыганскай знешнасці 45-55 год, хударлявага целаскладу, невысокага росту. Сказала, што яго дачка жадае набыць у яе дзве коўдры коштам 1500000 рублёў і прасіла заплаціць гэту суму тату з прычыны адсутнасці пры сабе грошай. Пацярпеўшы перадаў ёй 1000000 рублёў, узамен махлярка пакінула коўдру коштам, згодна з заключэннем эксперта, 220000 рублёў і знікла з месца злачынства ў невядомым напрамку на легкавым аўтамабілі, як мяркуецца, мадэлі “Аўдзі А-6” чорнага або цёмна-сіняга колеру. Пасля высветлілася, што дачка пацярпеўшага не мела намеру набываць коўдру і ні з кім пра пакупку не дамаўлялася.

Неабходна адзначыць, што віды махлярства бываюць розныя. Зламыснікі прыдумваюць усё новыя спосабы незаконнага авалодвання чужой маёмасцю. Аднак, як правіла, усе гэтыя злачынствы аб’ядноўвае тое, што іх учыненню ў немалой ступені садзейнічаюць паводзіны саміх ахвяр, іх даверлівасць і нават безразважнасць. Махляр не рабуе, не аднімае сілай, ён стварае такія ўмовы, каб чалавек сам аддаў свае грошы, каштоўнасці і іншую маёмасць.

Каб абараніць сябе ад аферыстаў, неабходна ні ў якім выпадку не ўпускаць іх у дом, не верыць ніякім довадам. А калі вам прапануюць купіць нейкую рэч, не саромейцеся, тэлефануйце родным, суседзям, знаёмым, якія могуць ведаць рэальны кошт гэтага тавару. А яшчэ пераканайцеся ў сапраўднасці атрыманай інфармацыі. У выпадку, калі незнаёмая асоба прапануе вырашыць праблему, якая ўзнік¬ла ў вашага блізкага чалавека, не панікуйце. Паспрабуйце задаць некалькі “кантрольных” пытанняў (не менш пяці), адказы на якія вядомыя толькі вам і вашаму блізкаму. Затым неадкладна звяжыцеся з родным, у дачыненні да якога адбывалася размова з невядомай асобай.

Памятайце, махляр — заўсёды акцёр, і вельмі ўмела іграе ролю добрапрыстойнага чалавека. Каб увайсці ў давер да сваёй ахвяры, ён выкарыстоўвае набор выдумак і пастак.

Грамадзян, якія ведаюць што-небудзь пра ўчыненае злачынства, просім паведаміць у РАСК па нумарах 50-4-28, 54-2-39 або ў РАУС па нумары 102.

А. ЗЯМНІЦКІ.

Начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, падпалкоўнік юстыцыі.



11 красавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Рэчка Нарачанка        dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела