Калі прызванне — медыцына

ПРАФЕСІЯ ўрача — адна з самых гуманных, высакародных і, разам з тым, найбольш адказных, якая патрабуе поўнай аддачы фізічных і духоўных сіл. Сведчаннем таму з’яўляецца работа многіх медыкаў і нашага раёна, якім людзі ад душы кажуць дзякуй. За выратаваныя жыцці, праяўленыя падчас лячэння ўвагу і дабрыню, міласэрнасць. Даведацца, дзе можна набыць прафесію ўрача дапаможа і прапанаваная ніжэй гутарка з начальнікам аддзела кадраў установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” Т. Ф. ЛАЎНІКОЎСКАЙ.

— Не зважаючы на тое, што навучальныя ўстановы з года ў год рыхтуюць медыцынскія кадры, урачоў, у тым ліку і ў нас, на Мядзельшчыне, не хапае. Як вы лічыце, чаму так адбываецца?

— Сапраўды ўрачоў у нас не хапае. Доўгі час няма ў гарадской паліклініцы ўрача-афтальмолага. Патрэбны таксама педыятры, стаматолагі, тэрапеўты… Асноўная прычына такой сітуацыі — тое, што не затрымліваюцца ў нас маладыя спецыялісты. Штогод мы запрошваем да сябе на работу выпускнікоў навучальных устаноў. Але не ўсе даязджаюць да Мя¬дзела. Асобныя, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, звальняюцца і пераяз¬джаюць бліжэй да дому альбо, наогул, стараюцца ўладкавацца ці дзе-небудзь у сталіцы, ці ў здраўніцах, у тым ліку нашых нарачанскіх. Дзяўчаты ў асноўным выхо¬дзяць замуж і ідуць ці ў дэкрэтны адпачынак, ці едуць следам за мужам…

— Але ж вы, мяркую, склаўшы рукі не сядзіце. Напэўна, робіце захады, каб выправіць існуючую кадравую праблему?

— Вядома. Мы аказваем садзейнічанне навучальным установам, дзе рыхтуюцца медыкі, у правядзенні прафарыентацыйнай работы ў школах раёна. Штогод працуем і па пошуку кандыдатаў для паступлення ў медуніверсітэты па мэтавым прыёме. Акрамя таго, стараемся прыцягнуць увагу выпускнікоў навучальных медыцынскіх устаноў да нашага цудоўнага краю, каб яны захацелі размеркавацца сюды.

— Тамара Фёдараўна, а ў якіх навучальных установах можна атрымаць прафесію ўрача?

— Падрыхтоўкай урачоў займаюцца Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскі Дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт, Гро¬дзенскі і Гомельскі медуніверсітэты.

— Адна са старэйшых навучальных устаноў — Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Раскажыце, калі ласка, якія спецыяльнасці там можна атрымаць?

— Лячэбны факультэт рыхтуе кадры для аказання дапамогі даросламу насельніцтву нашай краіны. Акрамя тэарэтычных дысцыплін, студэнты праходзяць нядрэнную практыку на базе лепшых паліклінік і бальніц горада. А заканчваюць яны навучанне па чатырох асноўных накірунках спецыяльнасці “Лячэбная справа”: тэрапіі, хірургіі, акушэрству і гінекалогіі, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Увогуле гэта будучыя кардыёлагі, нейрахірургі, афтальмолагі, рэнтгенолагі, тэрапеўты, псіхіятры, анколагі, акушэр-гінеколагі, касметолагі, пульманолагі і ўрачы некаторых іншых спецыяльнасцей.

— Шмат патрабаванняў прад’яўляе жыццё да ўрача-педыятра. Бо ён не толькі лечыць маленькіх пацыентаў, але напрамую ўзаемадзейнічае з іх бацькамі, бабулямі і дзядулямі, каб сумеснымі намаганнямі садзейнічаць правільнаму развіццю дзіцяці, а ў выпадку хваробы — яго хуткаму выздараўленню. Як вы лічыце, ці адпавядаюць гэтым патрабаванням дзіцячыя ўрачы, якія выходзяць са сцен Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта?

— Думаю, што так. Увогуле на педыятрычным факультэце Белдзяржмедуніверсітэта падрыхтоўка студэнтаў вядзецца па 4 асноўных накірунках: педыятрыя, дзіцячая хірургія, дзіцячая анестэзіялогія і рэаніматалогія, дзіцячая гінекалогія і акушэрства. Пасля заканчэння факультэта выпускнікі могуць працаваць педыятрамі, дзіцячымі хірургамі, уролагамі, неўролагамі, псіхіятрамі, генетыкамі, урачамі іншых спецыяльнасцей у паліклініках, дзіцячых бальніцах і аддзяленнях, бальніцах хуткай дапамогі і дзіцячых санаторыях.

— Стаматолагі там таксама рыхтуюцца?

— Нароўні з падрыхтоўкай па стаматалагічных дысцыплінах студэнты-стаматолагі атрымліваюць грунтоўныя веды па агульнамедыцынскіх спецыяльнасцях лячэбнага профілю. Пачынаючы з трэцяга курса, яны пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў асвойваюць самастойны прыём пацыентаў у клініках кафедраў стаматалагічнага профілю. Выпускнікі факультэта працуюць урачамі-стаматолагамі-тэрапеўтамі, -артадонтамі, -артапедамі, -хірургамі, дзіцячымі стаматолагамі, сківічна-тварнымі хірургамі.

— Народная мудрасць сцвярджае, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Хто ж займаецца пытаннямі папярэджання захворванняў? Дзе рыхтуюць урачоў-прафілактыкаў?

— Дарэчы, БДМУ — адзіная ў нашай краіне навучальная ўстанова, дзе ёсць медыка-прафілактычны факультэт. Выпускнікі яго могуць працаваць у цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, санітарна-каранцінных і санітарна-кантрольных пунктах, аддзелах па прафілактыцы СНІДу, інстытутах і лабараторыях гігіенічнага, эпідэміялагічнага і мікрабіялагічнага профіляў, урачамі-эпідэміёлагамі лячэбна-прафілактычных устаноў, а таксама выкладчыкамі ў навучальных медустановах.

— Як вядома, пераадольваць хваробы дапамагаюць лекі. Тым больш, што не заўсёды мы ідзём на прыём да ўрача, а часта лечымся самі. Пры тым жа галаўным болі, напрыклад…

— Уменне арыентавацца ў складаным і жыццёва важным свеце лекаў дазваляе прафесія правізара, якую можна атрымаць, закончыўшы фармацэўтычны факультэт.

— Якія яшчэ факультэты ёсць у БДМУ?

— Навучанне на ваенна-медыцынскім факультэце праводзіцца па праграме падрыхтоўкі студэнтаў лячэбнага факультэта з паглыбленым вывучэннем ваенных дысцыплін.

— Які тэрмін навучання ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце?

— На стаматалагічным і фармацэўтычным факультэтах — пяць, а на астатніх — шэсць гадоў. Формы навучання — дзённая і завочная. Ёсць і падрыхтоўчае аддзяленне.

— Што трэба для таго, каб стаць студэнтам медустановы?

— Па-першае, жаданне прысвяціць сваё жыццё ахове здароўя насельніцтва. А па-другое, добрае веданне хіміі, біялогіі. Бо менавіта па гэтых дысцыплінах, а таксама па рускай ці беларускай мове (на выбар) давядзецца здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



10 красавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Рэчка Нарачанка        Царква ў Крывічах _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела