На варце прыродных багаццяў

27 СНЕЖНЯ 2003 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за № 45 на базе Дэпартамента аховы рыбных рэсурсаў і паляўнічых відаў жывёлы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя была створана Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У яе склад уваходзяць 6 абласных і 41 міжраённая інспекцыі. З нагоды юбілею Дзяржінспекцыі, які адзначаюць сёлета, пагутарыў з начальнікам Мядзельскай міжраённай інспекцыі В. А. КЛЯНОЎСКІМ.

— Валерый Альбертавіч, чым была выклікана неабходнасць стварэння Дзяржінспекцыі?

— Многія памятаюць, што ў той час убачыць на ўскрайку лесу кабана, казулю, а тым больш лася было практычна немагчыма. Та¬му і было прынята такое рашэнне з мэтай спынення разгулу браканьерства на вадаёмах і ў паляўнічых угоддзях краіны.

За дзесяць гадоў многае змянілася ў нашай рабоце. Калі раней усе намаганні інспектараў былі накіраваны на правядзенне прыродаахоўных рэйдаў, то сёння асноўнай задачай з’яўляецца ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю за выкананнем законаў, рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносіны аховы і выка¬рыстання аб’ектаў і расліннага свету, зямель. Мы не толькі самастойна выяўляем парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, а ў першую чаргу праводзім кантроль за арганізацыяй аховы прыродных комплексаў усімі ўстановамі і арганізацыямі, у кампетэнцыю якіх уваходзіць гэта функцыя.

— Калі ласка, некалькі слоў пра Мядзельскую міжраённую інспекцыю, якую вы ўзначальваеце.

— Уся работа пабудавана на ўзаемадзеянні з прыродаахоўнымі і праваахоўнымі структурамі, і ў першую чаргу з адміністрацыяй Нацыянальнага парку «Нарачанскі», РАУС, інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Вялікую дапамогу аказваюць грамадзяне, якім неабыякава тое, што адбываецца на вадаёмах і ў паляўнічых угоддзях. Сёння ў нас ёсць 6 грамадскіх інспектараў, якія добраахвотна аказваюць пасільную дапамогу. Бо са штатам у тры чалавекі практычна немагчыма кантраляваць усю тэрыторыю.

— Які плён дзейнасці інспекцыі?

— Вынікам работы ўсіх праваахоўных структур Мядзельшчыны на працягу апошніх гадоў, асабліва пасля ўтварэння Нацпарку і нашай інспекцыі, стала значнае павелічэнне колькасці дзікай жывёлы ў паляўнічых угоддзях. Колькасць ласёў за апошнія 10 год павялічылася ў 4,2 раза, кабаноў — у 2,4, казуль — у 3 разы. Створана папуляцыя аленяў у колькасці 177 галоў. Папуляцыя кабаноў дасягнула аптымальнай колькасці і далейшае павялічэнне іх можа выклікаць, а ў некаторых выпадках ужо выклікае адмоўны ўплыў на пасевы сельскагаспадарчых культур. Таму зараз праводзіцца адстрэл дзікай жывёлы нарматыўных відаў.

Павелічэнне колькасці кабаноў дазволіла Нацпарку павялічыць іх здабычу за апошняе дзесяцігоддзе з 40 дзікоў у 2003 годзе да 626 — у 2012 годзе. У дзевяць разоў (з 2 да 18) павялічылася здабыча ласёў, амаль у тры разы (з 20 да 58) — казуль.

— Барацьба з браканьерствам — адзін з важнейшых накірункаў вашай дзейнасці. Што вы можаце сказаць пра гэта?

— Сапраўды, акрамя законапаслухмяных паляўнічых і рыбаловаў яшчэ сустракаюцца асобы, якія ў парушэнне Закона спрабуюць браканьерскімі спосабамі, часам нават варварскімі, здабываць рыбу ці звяроў. Таму рэгулярна як самастойна, так і сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі праводзім рэйды. У выніку на тэрыторыі раёна сёлета выяўлена 588 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, якія звязаны з выкарыстаннем рыбных рэсурсаў, паляваннем і лесакарыстаннем. З іх 390 выпадкаў (66 працэнтаў ад агульнай колькасці) парушэння правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Акрамя гэтага, работнікі інспекцыі на тэрыторыі іншых раёнаў рэспуб¬лікі дадаткова выявілі яшчэ 85 парушэнняў. У браканьераў канфіскавана 1008 прылад незаконнай здабычы ры¬бы, у тым ліку 278 сетак агульнай даўжынёй 12,4 кіламетра, 234 кілаграмы рыбы. Дарэчы, з 2003 года нашымі работнікамі забрана з вадаёмаў 3582 незаконныя прылады для рыбалоўства, з якіх 80 працэнтаў складаюць сеткі, агульнай даўжынёй каля 245 кіламетраў.

Па матэрыялах, якія перададзены ў следчыя органы, узбуджана 17 крымінальных спраў за незаконную здабычу рыбы і незаконнае паляванне, што нанесла ўрон у буйным ці асабліва буйным памеры. Усе вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.

— За ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць напружаная праца людзей…

— Гэта так. У гарачыню ці холад, днём ці ноччу мы гатовы выехаць па першым сігнале. У сакавіку будзе 20 гадоў як працуе ў інспекцыі намеснік начальніка Валянцін Іосіфавіч Галубовіч. Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў інспектарам абласной інспекцыі Камітэта рыбааховы Рэспублікі Беларусь. З 1999 года да 2003 года па спецыяльнасці іхтыёлаг, а з 2003 года інспектарам працуе Уладзімір Мікалаевіч Хіла. Гэта адказныя, дысцыплінаваныя, патрабавальныя, сумленныя людзі, якія стаяць на варце прыродных багаццяў роднай Мядзельшчыны і ўсёй Рэспублікі Беларусь.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



11 сакавiка 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          _06-040 img_4257

Пабрацімы Мядзела