З клятвай Гіпакрата — па жыцці

НЯМАЛА цёплых слоў часта чуе ад удзячных пацыентаў загадчык хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Д. В. Кацягоў. І гэта невыпадкова. Урача паважаюць і медработнікі, і хворыя. За вернасць клятве Гіпакрата, кампетэнтнасць, чуласць, уважлівасць.

Дзмітрый Валер’евіч родам з Віцебска. Там жа ў 2001 годзе закончыў медыцынскі ўніверсітэт. Тры гады працаваў ў Магілёве. А затым пераехаў на Мядзельшчыну. Як сам прызнаецца, пра адметнасць і прыгажосць Нарачанскага краю тады яшчэ не ведаў. Гэта цяпер прыкіпеў да яго сэрцам і душой. Проста тут давалі жыллё, а гэта для маладой сям’і таксама было вельмі важна. Пачынаў хірургам. А праз год яму прапанавалі ўзначаліць хірургічнае аддзяленне. З таго часу шчыруе на гэтай пасадзе.

— Чаму сталі медыкам? — цікаўлюся ў свайго суразмоўцы. — Магчыма хтосьці ў радні працуе ў сферы аховы здароўя і паўплываў на ваш выбар прафесіі?

— Медработнікаў сярод блізкіх мне лю¬дзей няма, — чую ў адказ. — А таму што стаў урачом, вельмі ўдзячны свайму класнаму кіраўніку. Менавіта яна выкладала ў нашым класе біялогію і прывіла любоў да гэтага прадмета. А паступіўшы ў медуніверсітэт, цвёр¬да вырашыў стаць хірургам

і ўпарта дабіваўся пастаўленай перад сабой мэты. Цяпер аб гэтым выбары ніколькі не шкадую. Наадварот, з гадамі ўпэўніўся, што медыцына — маё прызванне. Я люблю сваю работу і стараюся выконваць яе добрасумленна.

— Чым прываблівае вас праца ўрача? — задаю чарговае пытанне Дзмітрыю Валер’евічу.

— Прызначэнне і абавязак доктара — дапамагаць людзям. Вядома, прыемна, калі разам з пацыентам перамаглі хваробу, калі чалавек паправіўся, вярнуўся да працы, нармальнага жыцця. Праўда, раз на раз не выпадае. Здараецца, на жаль, і так, што не можаш дапамагчы, бо хвароба запушчана і не паддаецца лячэнню. На самаадчуванне чалавека, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, уплывае шмат фактараў, у тым ліку спадчыннасць, лад жыцця…

З-за сваёй сціпласці не сказаў мой суразмоўца, што неаднойчы і яму даводзілася, калі хворы знаходзіўся на мяжы паміж жыццём і смерцю, браць на сябе адказнасць, прымаць складаныя рашэнні. Надзейныя саюзнікі доктара Кацягова ў складаных сітуацыях — веды, накоплены вопыт, а таксама парады кампетэнтных калег. Ён заўсёды стрыманы, спакойны, у любы час сутак гатовы прыйсці іншым на дапамогу. Увогуле гэта сапраўдны прафесіянал, якому людзі вераць і давяраюць свае жыцці. Напэўна таму ўрач надзейна трымае падчас аперацыі ў руках скальпель, рухі яго ўмелыя, дакладныя, загады асістэнтам, аперацыйнай медсястры — таксама. І затым у ходзе далейшага лячэння Дзмітрый Валер’евіч пастаянна наведваецца ў палату, дзе ляжаць яго пацыенты, цікавіц¬ца іх самаадчуваннем, стараецца падтрымаць, падбадзёрыць. І падчас абыходаў ён надзвычай уважлівы, карэктны. Нездарма кажуць, што дапамагаюць хутчэй пераадолець захворванне, вярнуцца ў строй не толькі медыкаменты, але і шчырае слова, а таксама спагада і міласэрнасць, якія бачны няўзброеным вокам, бо ідуць ад сэрца ўрача да сэрца пацыента.

Шмат добрага ад загадчыка аддзялення пачула пра медработнікаў, з якім яго звёў лёс. З цеплынёй гаварыў Дзмітрый Валер’евіч пра старшую медсястру Аксану Уладзіміраўну Гудкову, хірургаў Дзмітрыя Іванавіча Балашку, Сяргея Аляксеевіча Аніську, анколага-хірурга Мікалая Глебавіча Мароза. Не абышоў ён падчас размовы таксама ўвагай сярэдні і малодшы медыцынскі персанал аддзялення, ад сумеснай добрасумленнай і зладжанай работы якога і залежыць урэшце канчатковы вынік — выздараўленне пацыента.

Засталося дадаць, што і жонка Д. В. Кацягова Наталля Аляксандраўна Сцепаненка таксама медык. Толькі яна — урач акушэр-гінеколаг. Жанчыну паважаюць людзі за дабрыню, шчырасць, уважлівасць і кампетэнтнасць. Радуе тату з мамай дачушка Анечка, якая вучыцца ў Нарацкай сярэдняй школе №2. Яна расце добрай, стараннай дзяўчынкай. І хто ведае, магчыма, калі вырасце, стане прадаўжальніцай сямейнай дынастыі Кацяговых-Сцепаненкаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: загадчык хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Д. В. Кацягоў.

Фота Аляксандра Высоцкага.



26 лютага 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Медыцына

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Лебедзі на Нарачы 223_ на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела