«Медная ліхаманка» Аляксандра Дзедзюля і Андрэя Місуны

НА лаве падсудных два маладыя чалавекі, якім крыху больш за 30 гадоў. Абодва жылі ў курортным пасёлку Нарач, добра ведалі адзін аднаго, сябравалі. І злачынствы яны таксама здзяйснялі разам. Праўда, Аляксандр Дзедзюль на такі шлях стаў значна раней, чым Андрэй Місуна. Першы раз яго судзілі 4 лютага 1999 года. Наступны суд адбыўся 22 сакавіка 1999 года. 21 верасня 2000 года Аляксандр зноў сядзеў на добра яму знаёмай лаве падсудных. 8 красавіка 2004 года на чарговым судовым пасяджэнні Аляксандру за ўчыненае злачынства прызначаны штраф у памеры 30 базавых велічынь. 21 лютага 2006 года Дзедзюль «пазнаёміўся» з лавай падсудных суда Мінскага раёна і г. Заслаўля. 18 кастрычніка 2007 года судом нашага раёна ў адпаведнасці з часткай 2 артыкула 281 і часткай 1 артыкула 73 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь быў пазбаўлены волі тэрмінам на два гады. Не паспеў адбыць вызначанае пакаранне, як 22 красавіка 2009 года суд раёна разглядае чарговую крымінальную справу па абвінавачванні А. С. Дзедзюля ва ўчыненні злачынства, якое прадугледжана часткай 2 артыкула 205 і часткай 5 артыкула 72 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прыгавор — 2 гады і 3 месяцы пазбаўлення волі. Праўда, пастановай суда Барысаўскага раёна ад 17 чэрвеня 2010 года неадбытая частка пакарання заменена на больш мяккае ў выглядзе 10 месяцаў і 9 дзён папраўчых работ з утрыманнем 20 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. 5 студзеня 2012 года суд нашага раёна разгледзеў чарговае злачынства Дзедзюля, якое прадугледжвае частка 2 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прыгавор — штраф у памеры 500 базавых велічынь. На гэты раз на лаве падсудных сядзеў і сябра Аляксандра — Андрэй. Праўда, яму суд прызначыў штраф крыху меншы — 400 базавых велічынь. Вось у якую суму абышлася сябрукам юшка з двух шчупачкоў, трох акунькоў і ёршыка, якія былі злоўлены з выкарыстаннем прыстасаванняў, прынцып работы якіх грунтуецца на прымяненні электрамагнітнага поля.

Калі для Аляксандра Дзедзюля месцы пазбаўлення волі сталі, як кажуць, роднымі, то Андрэю трэба было падумаць, зрабіць вывады і, як кажуць, не наступаць другі раз на адны і тыя ж граблі. Тым больш, што на выхаванні ў яго ёсць непаўналетні сын. Аднак не. Цяга да лёгкай нажывы перамагла развагу. І сябры пачалі дзейнічаць. Калі хлебаробы Мядзельшчыны рыхтаваліся да ўборкі вырашчанага ўраджаю, рамантавалі збожжасушыльныя комплексы, то Аляксандр і Андрэй рабілі сваю чорную справу.

Распачалося ўсё 21 мая 2011 года. У начны час сябры прыехалі на аўтамашыне ў райцэнтр, і праз акно трапілі ў памяшканне цэха па пераборцы стартараў ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга». Адтуль яны ўкралі 9 мяшкоў з ломам меднага дроту (226 кілаграмаў) і тым самым нанеслі ўрон таварыству ў суме 1174720 рублёў. Медзь яны завезлі на тэрыторыю Пастаўскага раёна, рэалізавалі, а выручаныя грошы падзялілі. Усё прайшло ціха. А таму «ўдача» акрыліла сябрукоў. Праз год 20 чэрвеня каля 11 гадзін вечара яны прыехалі на тэрыторыю збожжасушыльнага комплексу ААТ «Свірскі край» у вёсцы Куркулі. Зладзеі зламалі запорнае прыстасаванне ўваходных дзвярэй электрашчытавой і ўкралі адтуль тры электраматоры. Таварыству быў нанесены матэрыяльны ўрон у суме 2798780 рублёў. Маторы яны разабралі, здабылі медзь, якую рэалізавалі як лом каляровых металаў у Пастаўскім раёне. Выручаныя грошы падзялілі.

23 чэрвеня 2012 года А. С. Дзе¬дзюль і А. Г. Місуна каля 21 гадзіны з тэрыторыі збожжасушыльнага комплексу ў вёсцы Дзягілі ўкралі пяць электрычных матораў, чым нанеслі сельскагаспадарчаму філіялу «Дзягілі» ААТ «Мінскі маторны завод» матэрыяльны ўрон на агульную суму 5980080 рублёў. Але, як кажуць, апетыт прыходзіць у час яды. «Аперацыя» прайшла паспяхова. Таму каля 23 гадзін у гэты дзень хлопцы завіталі на збожжасушыльны комплекс у вёску Лук’янавічы, адкуль укралі тры электраматоры. Сваімі дзеяннямі яны нанеслі матэрыяльны ўрон ААТ «Мядзелаграсэрвіс» у суме 4062500 рублёў. Назаўтра ў 2 гадзіны ночы выкрадальнікі электраматораў наведаліся на збожжасушыльны комплекс у вёсцы Раманаўшчына ААТ «Зані» і прыхапілі два электрычныя рухавікі. Матэрыяльны ўрон таварыству склаў 7393440 рублёў.

2 ліпеня апоўначы сябрукі зазірнулі на тэрыторыю збожжасушыльнага комплексу ў вёсцы Старыя Габы, адкуль укралі тры электраматоры. Матэрыяльны ўрон КСУП «Габы-Агра» нанеслі ў суме 2218700 рублёў. Вяртаючыся дадому, зладзеі яшчэ раз наведаліся ў вёску Раманаўшчына і са збожжасушыльнага комплексу ўкралі адзін электрычны матор. Гэтымі дзеяннямі яны нанеслі ААТ «Зані» матэрыяльны ўрон у суме 2825540 рублёў. Як і раней, з электрарухавікоў яны даставалі медзь, якую рэалізоўвалі ў Пастаўскім раёне, а грошы дзялілі паміж сабой.

4 ліпеня каля трох гадзін ночы А. С. Дзедзюль і А. Г. Місуна чарговым аб’ектам для наведвання абралі збожжасушыльны комплекс ААТ «Слабодская зара», які знаходзіцца ў вёсцы Слабада. Там яны паспрабавалі ўкрасці чатыры электраматоры, агульным коштам 11098560 рублёў. Але намечанае ажыццявіць ім не ўдалося, бо на іх шляху паўсталі супрацоўнікі міліцыі, якія і затрымалі Аляксандра Дзедзюля. А вось Андрэй Місуна так рвануў, што толькі заблішчэлі пяткі. Потым Андрэй адумаўся і добраахвотна прыйшоў у міліцыю з павіннай і расказаў пра ўсе крадзяжы.

Вызначаючы меру пакарання, суд улічыў змякчаючыя і абцяжарваючыя віну абставіны і прыгаварыў Аляксандра Сцяпанавіча Дзедюля да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Што датычыць Андрэя Генадзьевіча, то яму прызначана пакаранне: два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У адпаведнасці з артыкулам 8 Закона «Аб амністыі» ад 11 ліпеня 2012 года А. Г. Місуна часткова вызвалены ад пакарання тэрмінам на адзін год.

Вось чым закончылася «медная ліхаманка» для сябрукоў з курортнага пасёлка Нарач.

І. МАЛЕВІЧ.

Старшыня суда раёна.

І. ЛУБНЕЎСКІ.

Загадчык аддзела курорта і турызму рэдакцыі газеты «Нарачанская зара».



15 Студзень 2013.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

 возера Мястра  Царква ў Слабадзе на Блакітных азёрах        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела