resize-of-pc200060Мікалай Анатольевіч Місуна працуе ў аўтапарку №7 вадзіцелем аўтобуса. Уладкаваўся сюды ў лістападзе 1981 года. Паўгода папрацаваў слесарам, паўгода – на “МАЗе”, а пасля яму даверылі адну з самых адказных задач – перавозку людзей. З тае пары і па сённяшні дзень гэтым займаецца. Іншай справы для сябе не ўяўляе, хоць мае сярэдне-спецыяльную адукацыю: закончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум.

- Вы, бачу, у адрозненне ад многіх не прывыклі бегаць з месца на месца ў пошуках лепшага? – пытаюся ў вадзіцеля.

- Так, – чую ў адказ. – Аўтапарк даўно стаў для мяне дру­гім домам. Нават па выхадных цягне сюды. А ўвогуле мне падабаецца работа. Пастаянна ў дарозе, з людзьмі. Стараюся быць з пасажырамі ветлівым, стрыманым. Культура абслугоўвання ў нас на першым плане. Інакш – будзе незадаволенасць, якая параджае скаргі. А навошта гэта патрэбна? Яшчэ
не было за гады працы выпадку, каб не высадзіў чалавека там, дзе ён папрасіў, альбо не падабраў таго, хто галасаваў. Сапраўды, як не паслухаеш старэнькую бабулю ці дзядулю, якім і так няпрос­та дажываць свой век, не маючы здароўя!? Тым больш, што ў мяне і свае састарэлыя бацькі ёсць. Можа, і іх калі-небудзь хто падвязе.

Па розных маршрутах за гады работы ў аўтапарку давялося Мікалаю Анатольевічу паездзіць. Абслугоўваў горад, прыгарад, экскурсіі. Цяпер займаецца міжгароднімі перавозкамі. Паўгода таму атрымаў новы аўтобус “Радзі­міч” і на ім калясіць у асноўным у сталіцу і назад.

- Працаваць зараз адно задавальненне, – прызнаецца ён. – Тэхніка новая, таму вялікіх праблем з ёй няма. Праўда, за аўтобусам глядзець усё ж такі трэба. Калі ён у надзейных руках – паслужыць на славу, калі ж не – марокі і з новым не абярэшся.  Ды і парадак у салоне неабходна пад­трымліваць. Людзей жа важу. І не абы-куды, а ў Мінск і наш цудоўны азёрны край. Здараецца, у ролі экскурсавода выступаю, – апавядае мой суразмоўца. – Ледзьве пад’едуць адпачываючыя, асабліва з Расіі, да Вілейскага вада­сховішча, як пачынаюць цікавіцца: “Гэта ўжо Нарач?”. Я ж цярпліва тлумачу, што  жамчужына Беларусі далей. Калі пабачаць яе – ніколі не забудуць і абавязкова захочуць прыехаць сюды ізноў. Многія, дарэчы, так і робяць, становячыся пазней і маімі добрымі знаёмымі.

Старанны, руплівы вадзіцель неаднойчы заахвочваўся кіраў­ніцтвам аўтапарку за добрасумленныя адносіны да даручанай справы. Узнагароджаны ён і знакам “За работу без аварый першай ступені”, што таксама пра многае сведчыць. Мікалая Анатольевіча Місуну паважаюць калегі. Ён па праву лічыцца адным з лепшых работнікаў у сферы транспарта.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: М. А.Місуна.

Фота Аляксандра Высоцкага.



09 сакавiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

06-043     Паруснікі                          Рэчка Нарачанка        0-178

Пабрацімы Мядзела