Наказ ветэрана: служыць сумленна

 resize-of-rotation-of-pc200031

Энергіі, аптымізму і адкрытасці Станіслава Станіслававіча Данілевіча можна толькі парадавацца. Але, мяркую, мядзяльчане і самі могуць зрабіць такую выснову. Бо гэтага чалавека многія добра ведаюць: за плячыма ў нашага героя чвэрць стагоддзя службы ў міліцыі, немалы стаж работы ў сярэдняй школе №2 горада.

Дарэчы, міліцыянерам ён стаў досыць выпадкова.

- Пасля дэмабілізацыі доўга абі­ваў парогі аддзела міліцыі ў ко­лішнім Плешчаніцкім раёне, каб атрымаць пашпарт. А там паглядзелі  мае дакументы, праверылі і прапанавалі ісці на вучобу ў школу мі­ліцыі. “Якія ўмовы?” – пытаюся. Бо дапамогі з дому чакаць не даводзілася (бацька загінуў у 1945 годзе на фронце, маці адна падымала чацвярых дзяцей). Умовы задаволілі, вось і пайшоў вучыцца. Па заканчэнні навучання накіравалі ў свой раён. Не пагадзіўся. Так і па­трапіў на Мядзельшчыну.

- І як прынялі ў калектыве?

- Добра. Пачынаў работу опер­упаўнаважаным у аддзеле па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці. Тут вельмі дапамагаў Вік­тар Сцяпанавіч Дук. Першыя начальнікі падштурхнулі па­ступіць у інстытут народнай гаспадаркі. Казалі: “Вучыся – будзе рух па службе”. Увогуле, давялося папрацаваць на розных пасадах. Стваралася аддзяленне ў ку­рорт­ным пасёлку Нарач, – парабіў год там. Далей быў следчым, старшым следчым, началь­нікам крымінальнага вышуку, а ў апошні час – намеснікам началь­ніка райаддзела па аператыўнай рабоце.

- На якой з пасад найбольш цікава працавалася?

-     На апошняй. Тут і свой участак работы меўся, і іншымі мусіў кіраваць, бо за намеснікам свае службы былі замацаваны.

-     За ўсе гэтыя гады якія цікавыя выпадкі ўспамінаюцца?

-     Здарэнні розныя бывалі. Вось, для прыкладу, такое. Прыходзіць да начальніка міліцыі адзін п’яніца. Кажа, што ў кафэ насупраць райаддзела бачыў пісталет у мужчыны. Начальнік яму не паверыў. Той пахадзіў-пахадзіў, падыходзіць да мяне: “Вось не люблю, калі так – чалавек хваліцца пісталетам”. На ўсялякі выпадак распытаў, як той апрануты. Пайшлі разам з міліцыянерам у кафэ. Так і ёсць: з пісталетам ТТ забралі мужчыну.

-     Вы ж доўгі час на заслужаным адпачынку і ўзрост ужо шаноўны, але ж без працы не сумуеце…

-     Нямала год на пасадзе намесніка дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці ў Мядзельскай сярэдняй школе №2. Так, мог бы адпачываць. Але ж жыву ў кватэры на пятым паверсе, дачы няма. Ну як без справы сядзець… Пакуль у школе паважаюць, то і працую.

- Станіслаў Станіслававіч, не шкадуеце, што ўсё ж прыехалі жыць на Мядзельшчыну.

- Не, ніколькі. Мне спадабаўся Нарачанскі край. Тут прыжыўся. І сын адзін з сям’ёй жыве ў Мядзеле (другі – у Мінску).

- Вы нярэдка сустракаецеся з маладымі супрацоўнікамі. Што ім кажаце?

- Заўсёды зычу ўсяго найлепшага і раю: “Калі пачалі служыць, то служыце сумленна”.

- Працягнем гэту тэму. Заўтра адзначаецца Дзень міліцыі. Што пажадаеце сваім былым калегам і цяперашнім супрацоўнікам?

- Здароўя, шчасця ў сям’і, поспехаў у працы і доўгіх-доўгіх год жыцця.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.



03 сакавiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

dsc_5774-3 на Блакітных азёрах        Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-043

Пабрацімы Мядзела