“Я ўсё змагу!”

Творчасць, музыка, песня – гэта толькі частка таго, што дазваляе кожнаму адчуць свае сілы і знайсці сваё “я”. І трэба зазначыць, што гімназісты ахвотна выкарыстоўваюць гэту магчымасць.”Я ўсё змагу!”. Менавіта так называўся першы гімназічны фестываль самадзейнай творчасці. У рамках яго ў фае ўстановы была адкрыта выстава творчых работ вучняў. Жанры прадстаўлены на ёй былі самыя розныя. У тым ліку бісерапляценне, вышыванне – гладдзю і крыжыкам, малюнкі… Найбольш вызна­чы­ліся вучаніцы 6 класа Яна Грышкевіч, Ірына Бандарык, Кацярына Ардынец, з прац якіх атрымаліся своеасаблівыя маленькія выставы. Даспадобы многім прыйшліся і вышыўкі пяціклас­ніка Яўгена Рыбко. Нават не верылася, што яны – справа рук хлопчыка. Настолькі акуратныя, прыгожыя. Па ўсім бачна, хапае ў Жэні вытрымкі, цярпення займацца такім карпатлівым заняткам.

Юная мастачка Юлія Захарэвіч, вучаніца 8 “Б” класа, прэзентавала свае малюнкі. Яны, вядома, розныя па жанрах і тэхніцы, але выкананы з душой. Дзяўчынка – неаднаразовы дыпламант, прызёр раённых і абласных творчых конкурсаў. Адна з апошніх яе ўзнагарод – дыплом III ступені за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Гісторыка-культурная спадчына Беларусі” ў намінацыі “Страчаную спадчыну адновім на малюнках”. Юля паведаміла хлопчыкам і дзяўчынкам пра сваё захапленне маляваннем. Яна ўзгадала, як упершыню ўзяла аловак і пэндзаль з фарбамі ў рукі, што намалявала. І як паступова гэты занятак стаў самым любімым. Ён для яе цяпер і адпачынак, і асалода для душы.

Пасля вучні 5-11 класаў прынялі актыўны ўдзел у канцэрце мастацкай самадзейнасці, дзе кожны жадаючы змог прадэманстраваць сябе ў ролі танцора, спевака, музыканта, чытальніка вершаў. Пяцікласніцы Ліза Карабейнік і Таццяна Кавалёнак прадэкламавалі свае ўласныя вершы.

Як заўжды, пакарыла гледачоў сваім талентам “зорка” гімназіі, дыпламантка абласнога конкурсу “Суквецце талентаў-2009″,
вучаніца 9 “Б” класа Валерыя Фанарук. Узнёсла прагучала песня  “Маўг­лі” ў выкананні пяцікласніка Аляксандра Ні­кі­ценкі. Мяркую, што кожны, хто прысутнічаў у зале, адчуў захапленне і радасць ад убачанага і пачутага там.

Напрыканцы мерапрыемства вучні атрымалі пасведчанні ўдзельніка першага гімназічнага фестывалю самадзейнага мастацтва. Услых быў агучаны і напі­саны там наказ: “Дарагі сябра! Ты – удзельнік агульнагімназічнага фестывалю “Я ўсё зма­гу-2010!”. Смеласць, знаходлівасць і кемлівасць дазволілі прая­віць табе сваю творчасць, свой талент. Віншуем цябе! Будзь мэтанакіраваным, смелым і актыўным! Памятай, што кожны чалавек – непаўторная падзея на гэтым свеце. Знайдзі свой шлях. Няхай пошук і творчасць ідуць побач з табой!”.

Заўважыла, як, пачуўшы такія цёплыя словы ў свой адрас, засвяціліся твары юных талентаў. Як ім захацелася яшчэ не адзін раз паказаць педагогам і сябрам па вучобе сваё майстэрства. Спадзяёмся, што такі фестываль стане традыцыйным штогадовым святам гімназістаў.

Юлія Буйвід.

Вучаніца 9 “Б” класа

ДУА “Гімназія №1 г. Мядзел”.



01 сакавiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Глубелька 0-170 на Блакітных азёрах        від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела