Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці

brusnikaЛЕС заўсёды вабіў чалавека. Гэта цудоўнае месца для адпачынку, а таксама кладоўка прыродных багаццяў. Таму многія ў вольны час з задавальненнем спяшаюцца ў лес. Аднак далёка не ўсе ведаюць, што на тэрыторыі раёна ёсць такія месцы, дзе не толькі нельга збіраць грыбы і ягады, але і знаходзіцца. Больш таго, збіраць брусніцы і журавіны дазваляецца толькі ў вызначаны тэрмін. А ці ўстаноўлены гэты тэрмін? Адказаць на гэта і некаторыя іншыя пытанні папрасіў дзяржаўнага інспектара Мядзель­скай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету У. М. ХІЛА:

- Для захавання, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў расліннага свету, атрымання спелых дароў лесу канчатковыя тэрміны збору брусніц і журавін устанаўліваюцца штогод абласнымі выканаўчымі камітэтамі. Сёлета яны наступныя: брусніцы дазваляецца збіраць з 25 жніўня, журавіны – з 8 верасня.

У адпаведнасці з правіламі нарыхтоўкі драўняных сокаў, збору, нарыхтоўкі ці закупкі дзікарослых раслін, зацверджанымі пастановай Мінпрыроды, забараняецца збор брусніц з утрыманнем недаспелых ягад больш працэнта ад сабранай масы, а таксама журавін з утрыманнем недаспелых ягад больш 5 працэнтаў ад сабранай масы.

- Многія лясы Мядзельшчыны маюць асаблівы статус, бо яны знаходзяцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі». У іх забаронены не толькі збор дароў прыроды, але і знаходжанне чалавека. Некалькі слоў, калі ласка, пра гэта.

- Сапраўды, многія лясныя масівы НП «Нарачанскі» маюць асаб­-
лівы статус. У запаведнай зоне, якая прызначана для захавання і ўзнаўлення найбольш каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў, забараняюцца ўсе віды дзейнасці, акрамя навуковых даследаванняў. Таму збіраць грыбы і ягады на такіх участках ляснога фонду нельга.

- Уладзімір Мікалаевіч, многія жыхары раёна кажуць, маўляў, я не ведаў, што менавіта ў гэтым месцы нельга збіраць грыбы і ягады. Што вы ім параіце?

- Скажу адно, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Таму перш, чым накіравацца ў лес, пастарайцеся даведацца, ці адносіцца ўчастак ляснога фонду, дзе вы плануеце збіраць дары прыроды, да запаведнай зоны. Ёсць такія зоны ў Канстанцінаўскім, Сырмеж­скім, Нарацкім, Мядзельскім і Но­ва-Мядзельскім лясніцтвах. Ля­сы запаветных зон займаюць 8,4 працэнта ад агульнай плошчы тэрыторыі Нацпарку.

- А калі коратка сказаць, дзе размешчаны такія зоны?

У Нова-Мядзельскім лясніцтве гэта кварталы 35, 36, 37, якія размешчаны паміж возерам Дзягільскае і населенымі пунктамі Сцюдзяніца і Вусаўшчына. У Мядзельскім – у раёне азёр Выдранік, Падшап’е, Млынок, Градскае (Чорнае) і комплексу «Партызанскія базы». У Нарацкім  – кварталы 128, 129, 130 – ад вёскі Чарэмшыцы да возера Нарач уздоўж ракі Нарачанка. Ёсць такая зона і ў Сырмежкім лясніцтве. Асабліва вялікая яна на тэрыторыі Канстан­цінаўскага лясніцтва – пачынаючы ад возера Швакшты і да прыроднага комплексу «Блакітныя азёры».  Праўда, на некаторых азёрах Балдукскай групы дазволена рыбалоўства. Падрабязную інфармацыю пра тое, дзе і ў якім лесе нельга збіраць грыбы і ягады, можна атрымаць непасрэдна ў лясніцтвах.

- Лічу, што варта пазнаёміць людзей з тым, што іх чакае за парушэнне правілаў нарыхтоўкі, збору ці закупу дзікарослых раслін або іх частак (пладоў, ягад, насення і інш.) на тэрыторыі, дзе такія нарыхтоўкі і збор забаронены.

- За такія дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 15.26 кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях». Збор або нарыхтоўка грыбоў, іншых дзікарослых раслін або іх частак (пладоў, ягад, насення і інш.) на тэрыторыі, дзе нарыхтоўка і збор забаронены, цягне за сабой штраф на грамадзян – да дваццаці базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў – да ста, а на юрыдычную асобу – да пяцісот базавых велічынь. Такія ж пакаранні прадугледжаны і за парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў і метадаў збору. Вось і задумайцеся, у якую суму можа абысціся вядро брусніц ці кошык грыбоў.

Калі ў вас узнікаюць пытанні, якія датычаць аховы дзікіх жывёл, рыбных і лясных рэсурсаў, звяртайцеся, калі ласка, у інспекцыю па тэлефоне 50-7-40 ці непасрэдна ў лясніцтвы Нацпарку і атрымаеце кампетэнтны адказ.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



07 жнiўня 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 0-170 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела