“Надрукуйце мой верш, калi ласка…”

Такія просьбы чуюцца ад многіх. Нават ад тых, хто склаў усяго некалькі рыфмаваных радкоў.

Надрукаваць хацелася б. Але… Паглядзім, што гэта за верш. Па-першае, бачым шматлікія арфаграфічныя, моўныя памылкі. Па-другое, то слова рускае, то беларускае, то невядома якое.

Некаторыя аўтары лічаць, што галоўнае патрабаванне паэзіі – рыфма. Напрыклад, рыфмуюцца словы “неба і хлеба”, “люблю і пяю” – і вось ужо верш. Адразу заўважым: гэтага мала. Ёсць розныя віды рыфмоўкі, ёсць такія паняцці, як рытміка, стопы і строфы, іншыя. А кампазіцыя твора, а паэтычныя эпітэты, метафары, параўнанні! Без іх, як страва без прыпраў, верш будзе бязлікім і прэсным.

Адна справа, калі радкі для сябе або для блізкага сябра, іншая – калі для шырокага кола чытачоў. Тут абавязковыя і правілы вершаскладання, і думка аўтара: ці здзівіць твор навізной, ці кране душы людскія, ці прымусіць задумацца, паразважаць?

Скажаце, ці не вельмі ўсё строга? Ці варта наогул пісаць? Варта! Няхай вашы радкі льюцца ад сэрца, прымушаюць суперажываць, вучаць мудрасці.

Не ўсё даецца адразу. Але не будзем крыўдаваць, калі вершу патрэбна дапрацоўка, літаратурная шліфоўка, калі кампетэнтны чалавек дапаможа ў гэтым.

І апошняе: варта часцей чытаць творы знакамітых, любімых паэтаў, каб вучыцца, вучыцца… Праўда, не красці іх думак, не выдаваць чужыя радкі за свае.

Натхнення і поспехаў вам, аматары паэтычнага слова! Няхай літаратурная ніва Мядзельшчыны буяе важкім і спелым калоссем!

Валянціна Яфімава.

Кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Медуніца”.

Векапомнае

Край лясамі славіцца,

Грае Нарач сіняя,

Песні тут складаюцца,

Пра брыгаду Клімава.

Як начнымі сцежкамі

Да ўзбярэжжа Віліі

Йшлі адпомсціць ворагу

За Радзіму мілую.

Пад камандай Маркава

І Пятра Машэрава

У гадзіны цяжкія

Ў перамогу верылі.

На прывалах марылі

Пра жыццё шчаслівае,

Ў снах кароткіх бачылі

Жаўрукоў над ніваю.

Нарач песціць вечарам

Чоўны калыханкаю,

Тут з дзяўчынай стрэнуўся

Партызан наш Янка.

Меднымі пярсцёнкамі

Сціпла заручыліся,

Быць кахання сведкамі

Сосны пагадзіліся.

Край лясамі славіцца,

Грае Нарач сіняя.

Песні не забыліся

Пра брыгаду Клімава,

Пра жыццё суровае,

Пра жыццё нялёгкае,

Смелых і адважных

Партызанаў-сокалаў.

Надзея Чарапанава.

г. Мядзел.

Маці булкі пячэ…

Крочу вулачкай ціхай у родную хату,

І ўспамін цёплай плынню, бы рэчка, цячэ.

Зноў вясна. Завіхаюцца зранку і мама, і тата,

Вёска булкі сягоння да свята пячэ.

І ад дворыкаў чыстых вятрыска прыносіць

Пах карыцы, ванілі і іншых прыпраў.

Вёска рупіцца зранку – Вялікдзень на носе,

Прадсвяточных хапае  цяпер усім спраў.

І згадалася мне, як матуля ўрачыста

Чаравала над цестам. Не простая рэч.

Накрывала  старанна сурвэткаю чыстай.

Каб хутчэй падышло і патрапіла ў печ.

Размясціўшы ў рад, крыжам іх асвяціла,

Шчыльна печ засланіла і выцерла пот.

“Нельга нават шумець, – мама нам абвясціла, -

Бо ад сполаху булкі асядуць на под”.

І нарэшце ўсё: непаўторная гэта хвіліна,

Як да носа даходзіць жаданы той пах.

Мама ласкава мацае, бы песціць скарынку -

А ці духу хапіла? Трымае ў руках.

Водар булак па хаце нясецца духмяны,

Пахне святам чаканым і пахне жыццём.

Каравай залацісты, прыгожы, румяны

На ручнік мы прымаем, у залу нясём.

Вёска булкі пячэ, перад святам заўзята

І чакае жаданых, любімых гасцей.

Мы ўдзячныя вам, дарагія матулі і таты,

Хай вас радуюць дзеці прыездам часцей!

Ала Кот.

в. Занарач.

* * *

Мая Радзіма,

мая Радзіма,

Ўзыходзіць сонца,

звіняць лугі,

І лес тут дзіва,

азёры дзіва,

Мой край блакітны,

мой дарагі.

Мая старонка,

куточак родны,

З ільном і жытам

наўкол палі,

Дзе чутны ветру

напеў лагодны,

Дзе васільковы

вянок сплялі.

Вянок купалля,

вянок кахання,

На хвалях Мястра

удаль плыві,

Каб кожны вечар

было спатканне,

Каб мы тут шчасце

з табой знайшлi.

Мая сцяжынка,

мая расінка,

Глыток крынічнай

святой вады,

І каля ганка

мая рабінка

У Мядзел кліча

мяне заўжды.         

Беларуская хата

Беларуская хата, ад прадзедаў хата,

Мая лепшая памяць заўсёды з табой.

Пад страхой саламянай была небагатай,

Ды багата набожнасцю, светлай душой.

З мэблі – лава і стол. Калаўрот. Яшчэ кросны

І ручнік саматканы на хлебнай дзяжы.

Быт сялянскі – ён сціплы, няхітры і просты,

Ды такі непаўторны, такі дарагі.

Калі госць на парог, то заходзь, калі ласка!

Пагрэй рукі ля печкі, кваску пакаштуй.

Яшчэ поліўкі, бульбы з духмяным прыгаркам,

Агурочкаў, грыбкоў паспрабуй – не ганьбуй!

Беларуская хата – радзіны, вяселлі

І застольныя песні – прастору раўня.

Тут кумы і сваты, і суседзі паселі

І гаворка ў іх аж да новага дня.

Беларуская хата – найлепшая хата.

Паўтараю я гэта ізноў і ізноў,

Бо з яе прараслі, нібы жыта зярняты,

Беларуская Шчырасць, Спагада, Любоў.

Валянціна Яфімава.

г. Мядзел.

Нарач мая

Нарач  мая – ручаіная песня,

Жаўруковы напеў і бусліны палёт,

І з пралесак вясновы дыван на ўзлессі,

І рамонкавы чэрвень, і жнівеньскі мёд.

Нарач  мая – гэта продкаў край мілы,

Навасельскія сцежкі ў чыстых барах,

І натхнення святога нябачныя крылы,

Што нясуць мяне лёгка ў сонечны шлях.

Нарач  мая – непаўторнае шчасце,

Шлях прыгожы дзяцей маіх, мары мае.

Як хачу да зямлі гэтай сэрцам прыпасці

І маліцца за лёс і за радасць яе!

* * *

Я забываю цябе

У жытнёвых росах,

У васільковых сцежках,

У блакітных нябёсах.

Я забываю цябе

У летніх змярканнях,

У салаўіных песнях,

Ў чужых прызнаннях.

Я забываю цябе,

А каханне не хоча

Забыць назусім

Твае вусны і вочы.

Я цябе забываю,

Ды так просіцца ў вершы

Адно слова – кахаю.

Раз апошні, раз першы…

Ірына Баравая.

к. п. Нарач.

* * *

Зноў кружаць у небе буслы.

Узмахі іх крылаў – падзея,

Бо гэта прыход  вясны,

І радасць, і мір, і надзея.

Нічога няма даражэй,

Чым край наш бусліны, светлы,

Дзе  дзіўны пясняр-салавей,

І белых чаромхаў суквецці….

* * *

Абдыму бярозку белую,

“Дай мне сілы”, – шчыра папрашу.

І ў душы сваёй, што набалела,

Як сяброўцы лепшай, раскажу.

Маю споведзь моўчкі ты паслухаеш,

І са мной пагодзішся ў цішы,

Мо што-небудзь мудрае прыдумаеш,

Каб лягчэй мне стала на душы.

Падзіўлюся я табой, красуняю -

Колькі моцы, колькі хараства!

Зноў прыліў бадзёрасці адчую я,

Што бярозка мілая дала.

Абдыму бярозку адзінокую,

З ёй яшчэ хоць крыху пастаю,

І самоту адхіну глыбокую,

І спакоем сэрца наталю.

Даната Варабей.

г. Мядзел.

* * *

Ізноў прысняцца мне Абрамы,

І бор смалісты за ракой,

Старыя вольхі быццам брамы

Схілілі голаў над вадой.

Ізноў пабачу тую сцежку,

Дзе бегла сонечным дзяньком.

Капну саломы на памежку,

І дзедаў сад перад гумном.

Адчую зноўку пах сунічны,

І ціхі шорхат верасоў…

Бруяць іскрыстыя крынічкі

І чуцен спеў старых лясоў.

* * *

Ўсё, што мне зараз трэба -

Гэта кавалачак неба,

Дом на сямі вятрах

І дыван з духмяных траў.

Я спакою сабе не зычу -

Пакладу ў далоню знічку,

За сабою паклічу сяброў

Яшчэ Веру, Надзею, Любоў…

Ілона Арцюхова.

в. Нарач.

Праз гады

Згарае за аселіцай святло,

Дзе па траве мурожнай крочыў босы.

Дзяцінства там бялявае маё

Блукае шчэ па навасельскіх росах.

Былое ўслед яшчэ зашапаціць,

І праз гады я так удзячны лёсу,

Што сэрца па-ранейшаму баліць

Па навасельскіх незабыўных росах.

* * *

Белыя крылы бусла

Песцяць высокае неба,

Ўсплёск на світанку вясла,

Водар духмянага хлеба.

Толькі не спяць трыснягі -

Човен спакой іх парушыў.

Зноў вадзяныя кругі

Тлумяць рыбацкія душы.

Сінія хвалі бягуць.

Лашчаць маўклівыя тоні,

Мары плывуць і плывуць,

Сонца цалуе далоні.

Будзяць ружовы  усход

Чайкі, самотная каня.

Светлых надзей карагод -

З Нараччу мілай спатканне.

Аляксандр Жыхар.

в. Занарач.

Падарунак

Пачынаем з табою мы дзень,

Падару табе сонца прамень.

Падкажы, што варта зрабіць,

Што табе яшчэ падарыць?

У цябе штодзённыя справы -

Затрымаць я не маю права.

Калі кліча ўдаль дарога,

Ты вазьмі маю дапамогу..

Я табе ўсміхнуся міла,

Будзь дарога з Богам, шчаслівай

І вяртай здаровым  дадому

Ледзь адчуеш тугу і стому.

Падару табе поле, узлескі

І вясновы водар пралесак,

Сінь азёрную, цёплы вецер

І палёгку, радасць для сэрца.

Падару вясёлку на небе.

Ад цябе ж мне нічога не трэба.

Дастаткова ўдзень і ўночы

Толькі  бачыць каханыя вочы.

Валянціна Грыбовіч.

в. Будслаў.

* * *

Шум дождя, раскаты грома…

В сердце молния горит.

Одиночество безмолвно

От тебя ко мне бежит.

Каплей падаю на землю -

Этот мир совсем сухой.

Господи, молитвам внемли

И даруй святой покой!

На асфальте мокром, сером

Превращаюсь в лужу я,

И раскаты грома с гневом

Злятся снова на тебя.

Шум дождя – моё спасенье:

Не услышишь моих слёз.

Господи, даруй терпенье!

Нет печальней в мире грёз…

Виктория Беперщ.

д. Нарочь.

Таленавітая зямля

Нарачанскі мой край, як цудоўна,

Што тут зорак велічны шлях,

Паміж небам і зямлёю згода,

І паэзіі вечны працяг.

Шлях паэтаў – ці ж гэта не гонар!

Землякоў імёны гучаць,

Па ўсім свеце патрэбна сягоння

Іх нам памятаць і шанаваць.

Край азёр і лясоў пралескавых,

Шчыра мудрым Танкам апеты -

Дай крынічнай вады для вернасці,

Дай натхнення для новых паэтаў!

Дзіяна ФАЛЕВІЧ.

Вучаніца ДУА “Камароўская СШ”.

А ўсё дзіўлюся…

Зазірнула сонейка

Да мяне ў акенца:

Жонка ўсміхаецца,

Кошкаю ільнецца.

І ад ранку цешча

Не бурчыць ля печы,

Цесць ласкава кажа:

“Зяцёк, да сустрэчы!”.

Я ж усё дзіўлюся -

Проста рай у хаце!

…А сябры смяюцца -

Заўтра быць зарплаце!

Вячаслаў Броска.

к. п. Нарач.

* * *

Ночка глядзіць у акно

Вочкамі зорак далёкіх.

Як закаханы даўно,

Месяц цалуе мне шчокі.

Потым пытае цішком:

“Што ў адзіноце сумуеш,

Лёс непамысны, ці што?

А, можа, да хмаркі раўнуеш?

- Лёс жа нам Бог раздае,

Ды не магло быць іначай.

А хмарка вось-вось паплыве

І з ёю мы разам паплачам.”

* * *

З гары бяжыць мая сцяжынка,

За днямі – дні, за годам – год.

Пара ў жыцці спраўляць дажынкі,

Гадоў някепскі ўмалот.

Кветкам

Рамонкі, званочкі,

Зязюлькі, казелькі…

Я з вамі страчаюся

Кожнай нядзелькай.

Ад неба блакіту,

Ад яснага сонца

Зямлю аздабляйце,

Квітнейце бясконца!

Ганна Несцярэнка.

г. Мядзел.

Багдановічу

Зорка Венера ўзышла над зямлёю

М. Багдановіч.

Свяці, свяці, кахання зорка,

Непадуладная падзеям,

Хоць склаўся лёс яго так горка,

Дары, прамень, святло надзеі.

Юнак з пяшчотнаю душою

Так мала жыў, так многа ведаў…

І памяць светлаю слязою

Як згадка ззяе ў зорным небе.

Лёсам пазбаўлены  Радзімы,

Не страціў повязь-карані,

Бо быў да скону верным сынам

Свайму народу і зямлі.

Цудоўны шлях, такі кароткі,

А след пакінуў назаўжды.

…Свяці, свяці, любові зорка,

Яшчэ ярчэй нам праз гады!

Яніна Дземідовіч.

в. Будслаў.



23 лiпеня 2012.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Культура

Да запісу Адзін камэнтар

Край мой родны!

Выйду за ваколіцу!
Як прыгожа тут,
На душы так радасна,
Вось мой родны дом!

Песціцца рачулка,
Нібы змейка ўецца!
Прыгажосць такая,
Радуеца серца!

Побач лес раскінуўся,
Ды стаіць як волат,
Кветкі,луг і возера,
Усё маё наўкола!

Край мой родны,, любы,
Край радімы мой!
Ты такі адзіны!
я заўжды с табой!!

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька 06-012 wjx6x-f4hhi Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела