Нарачанскі край: на парозе росквіту

возера МястраПАСЛЯ падтрымкі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам  прапановы Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Кузьміча Ломаця наконт распрацоўкі праекта Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскай курортнай зоны на 2011-2015 гады ў жыцці Мядзельшчыны наступіў, прама скажам, гістарычны момант. Сёння зацікаўленымі адказнымі асобамі і ведамствамі ўносяцца прапановы па далейшым пераўтварэнні нашай жамчужыны, каб яна стала яшчэ больш прывабнай і прыцягальнай для мноства адпачываючых літаральна з усіх канцоў свету. Значная частка раёна ўжо неўзабаве павінна стаць рэспектабельным курортна-турыстычным комплексам еўрапейскага ўзроўню. Якім чынам найлепш вырашыць такую грандыёзную, дзяржаўнай важнасці, задачу? Якраз аб гэтым і вялася прадметная размова ў мінулы панядзелак на пашыранай рабочай нарадзе ў прэс-цэнтры Нацыянальнага парку “Нарачанскі” з удзелам Кіраўніка справамі Прэзідэнта Мікалая Мікалаевіча Корбута і Старшыні Камітэта дзяржкантролю Зянона Кузьміча Ломаця, першага намесніка губернатара Міншчыны Віктара Уладзіміравіча Шчэцькі, кіраўніцтва раёна, Нацпарку і здраўніц, старшынь сельскіх Саветаў, прадстаўнікоў бізнесу, патэнцыяльных інвестараў…

АДКРЫВАЮЧЫ нараду, З. К. Ломаць адзначыў, што Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даручыў забяспечыць распрацоўку праекта Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскай курортнай зоны да 1 ліпеня 2010 года. Чаму такая вялікая ўвага надаецца беларускай жамчужыне? Тут за год па­праўляюць здароўе не менш за сто тысяч чалавек. Прытым, амаль кожны чацвёрты – прадстаўнік замежнай краіны. Іх магло быць і больш, ды асаблівых станоўчых перамен у курортнай інфраструктуры не адбываецца. Практычна на ранейшым узроўні застаецца па спектры паслуг створаная ў 60-80-я гады мінулага стагоддзя база здраўніц. Асабліва гэта датычыцца пражывання, лячэння, забаў. Тут напрацоўкі калі і ёсць, то нязначныя. Нават у тых установах, дзе зарабляюць і маюць добрыя грошы. Па меркаванні Зянона Кузьміча, так справа не пойдзе, асобных давядзецца прымусіць актыўна працаваць па стварэнні сучасных умоў для праходзячых аздараўленне. Няма пакуль належнага парадку на тэрыторыях здраўніц, месцамі яны пазарасталі хмызняком. Ды і ў курортным пасёлку нямала балючых кропак. Адна аўтастанцыя чаго вартая?! Значныя нязручнасці  паўстаюць перад адпачываючымі і з-за адсутнасці на­дзейнай транспартнай сувязі як паміж здраўніцамі, так і санаторыяў з цэнтрам курортнага пасёлка. Дырэктар санаторыя “Прыазёрны” Леанід Аляксандравіч Александровіч некалькі пазней для вырашэння гэтай праблемы прапанаваў у сваім выступленні правесці па беразе возера экалагічна чыстую тралейбусную лінію.    resize-of-dsc04350   

Як вядома, крыху больш за год таму на Мядзельшчыне завершана выкананне Дзяржаўнай праграмы экалагічнага аздараўлення возера Нарач з бюджэтам у 62 мільярды рублёў. У выніку ў раён прыйшоў прыродны газ, з’явіліся новыя ачышчальныя збудаванні, каналізацыйны калектар, прыкметна папрыгажэла аблічча курортнага пасёлка. На думку першага намесніка старшыні
аблвыканкама Віктара Уладзіміравіча Шчэцькі, новая праграма не толькі паспрыяе наданню Нарачы, яе ваколіцам статусу курорта еўрапейскага ўз­роўню, але і пасадзейнічае агульнаму развіццю раёна. Цяпер важна нічога не ўпусціць і, з улікам усіх аспектаў, распрацаваць агульную канцэпцыю яго пераўтварэння. У першую чаргу, тут маюцца на ўвазе архітэктурнае рашэнне, планы па добраўпарадкаванні тэрыторый, развіццё гас­цінічнай і гандлёвай інфраструктуры, грамадскага харчавання, аб’ектаў сацыяльнай сферы.

Нямала слушных заўваг агучыў старшыня абласнога Камітэта дзяржкантролю Уладзіслаў Станіслававіч Цыдзік. Так, зараз паслугі здраўніц карыстаюцца попытам. Аднак нельга забываць, што на дварэ XXI стагоддзе, а практычна паўсюдна востра нестае сучасных аб’ектаў курортнай інфра­структуры. Калі чалавек прыязджае сюды без пуцёўкі, дзе яму прыпыніцца? Умоў для неарганізаваных турыстаў пакуль не створана. Як вынік, квітнее нелегальны бізнес па здачы жылля, а дзяржава ад гэтага нічога не мае. Зыходзячы з гэтага, ужо сёння адпаведныя службы павінны прапанаваць прадпрымальнікам прывабныя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва ўтульных гатэляў, магчыма нават прыватных здраўніц, невялікіх рэстаранчыкаў, міні-кафэ і бараў. Уладзіслаў Станіслававіч узгадаў, як адзін з адпачываючых у санаторыі прапанаваў сваёй жонцы адзначыць яе дзень нараджэння ў мясцовым рэстаране. Заказвае ў афіцыянта шампанскае – няма, страву з рыбы – таксама… Безумоўна, такога вось “сэрвісу” на Нарачы быць не павінна! Захацеў турыст выпіць шклянку сырадою – калі ласка, узяць дранікаў са смятанай ­- зараз пададзім, яешню з салам – праз хвіліначку будзе… Плюс да гэтага забеспячэнне шырокага спектра паслуг. Таму і не абысціся тут без цэнтра водных забаў, спартыўных збудаванняў, асветленых лыжных і веларолерных трас, крытага катка, комплексу забаў на ва­дзе, прагулачнага цеплахода… Грунтоўнага ўладкавання патрабуе таксама пляжная зона з выкарыстаннем малых архітэктурных форм, ландшафтных кампазіцый.

Новы імпульс атрымае і работа па стварэнні аграсядзіб, узвя­дзенні аб’ектаў для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, развіцці традыцыйных народных рамёстваў. Першачарговая ўвага і дарогам, якія вядуць да Нарачы. Яны павінны быць зручнымі і прыгожымі, абуладкаванымі прывабнымі месцамі для адпачынку з аб’ектамі прыдарожнага сэрвісу. Карацей кажучы, усё неабходна зрабіць такім чынам, каб чалавек, якія прыехаў на курорт, усвядоміў, што ён апынуўся якраз там, куды і марыў патрапіць… 

Па меркаванні старшыні райвыканкама Аляксандра Іванавіча Даніленкі, чарговая Дзяржаўная праграма, праект якой цяпер распрацоўваецца, дапаможа сфар­міраваць сучасны імідж галоўнага курорта краіны. Гэта яшчэ і унікальны шанс для далейшага росквіту раёна. Папярэдняя Дзяржаўная праграма па экалагічным аздараўленні возера Нарач была накіравана ў асноўным на прадухіленне забруджання беларускай жамчужыны. І выкананыя мерапрыемствы ўжо даюць аддачу: празрыстасць вады павялічылася на 2 метры. Праект новай праграмы не ўяўляецца без увязвання курортнага пасёлка з вёскай Нарач. Што датычыцца першых крокаў па развіцці аб’ектаў гандлю, то яны зроблены. У прыватнасці, адведзена зямля, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па ўзвядзенні шматфункцыянальнага рынку, інвестар гатовы ўкласці ў гэту справу больш мільёна долараў ЗША. Паступаюць прапановы і па аднаўленні паркава-сядзібных комплексаў. Напрыклад, у Альшэва. Не абысціся ў курортным пасёлку, як і ў Мядзеле, без будаўніцтва станцыі абезжалез­вання, стварэння аддзялення мілі­цыі, бо ў сезон сюды прыязджае мноства самага рознага лю­ду. Час патрабуе і актывізацыі ўз­вядзення фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры, не пашкодзіла б “падцягнуць” і гарадскі пасёлак Свір. Тут неабходна ўлічваць, што з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы многія з яе работнікаў паедуць на аздараўленне на Мя­дзельшчыну, і паток адпачываючых значна ўзрасце.

Генеральны дырэктар Нацпарку “Нарачанскі” Васіль Васільевіч Каржоў унёс прапановы па прыцягненні інвестараў. На яго думку, каб яны больш актыўна ўкладвалі свае сродкі ў развіццё курорта, ім неабходна прадаставіць прэферэнцыі. Калі канкрэтна, то выдзяляемыя зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры перадаваць у пастаяннае карыстанне; вызваляць на пэўны тэрмін ад падатку на прыбытак, а даходы ад дзейнасці па прыёму замежных турыстаў – ад падатку на дабаўленую вартасць. Спыніўся Васіль Васільевіч і на асноўных напрамках работы ў бліжэйшай перспектыве. Гэта – афармленне знешняга аблічча курортнага пасёлка ў адзіным ансамблі, яго далейшае добраўпарадкаванне; развіццё гасцінічнай і турыстычнай інфраструктуры ў цэнтральнай частцы курортнай зоны; стварэнне індустрыі адпачынку, аздараўлення з абавязковым улікам прынцыпу ўсесезоннасці; раз­віццё перыферыйных участкаў – маецца на ўвазе асваенне прыбярэжнай тэрыторыі не толькі азёр Нарач і Мястра, але і Мядзел, Швакшты з захаваннем, вядома, эколага-бяспечных тэхналогій. Кожная такая мясціна павінна стаць зручнай для адпачынку, з пунктамі хуткага харчавання, пракату інвентару ў шырокім асартыменце, камунальнай інфра­структурай. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак – стварэнне сафары-парку, дзе б усе жадаючыя маглі назіраць за дзікай жывёлай у натуральных умовах. А найбольш падыходзячы для гэтага шматгектарны масіў ёсць у раёне Рыдуплі. Там жа можна арганізоўваць і паляўнічыя туры.

Прадугледжана ўключыць у праект Дзяржаўнай праграмы і развіццё ў нашых мясцінах турыстычнай галіны з шырокім выкарыстаннем гісторыка-культурнай спадчыны азёрнага краю – культавых аб’ектаў, старадаў­ніх паркаў, фартыфікацыйных збудаванняў, якіх нямала захавалася з часоў Першай сусветнай вайны, і помнікаў Вялікай Айчыннай, музеяў, адметных мясцін. Канешне, не мінуць пры гэтым і прывабных аб’ектаў Нацпарку. Паступіла прапанова і па стварэнні ў курортным пасёлку літаратурнага музея нашага знака­мітага земляка народнага паэта Беларусі Максіма Танка, адрадзіць былую славу “Пеўчага поля”.

Выказваўся на нарадзе і шэраг канкрэтных прапаноў з боку прадстаўнікоў бізнесу. Так, кампанія “Табак-Інвест” гатова пабудаваць на беразе Нарачы 4-зоркавы гатэль з уласным аквапаркам. На гэта З. К. Ломаць заўважыў, што ідэя добрая, аднак у дадзеным выпадку неабходна падыходзіць больш маштабна. Курорту патрэбны буйны водназабаўляльны комплекс, які б мог прадастаўляць паслугі ўсім жадаючым. Таму гэта прапанова патрабуе дадатковага абмеркавання. Затое два наступныя праекты былі аднадушна ўхвалены. Прадстаўнік Беларускай федэрацыі падводнага спорту Алег Ула­дзіміравіч Карцаў запэўніў, што дайверы гатовы абуладкаваць на возеры Рудакова сваю базу. Ачысціць яго, стварыць на дне штучныя рыфы, добраўпарадкаваць бераг. Такая паслуга, як і ва ўсім свеце, акажацца запатрабаванай, “адбою ад турыстаў не будзе”! Больш таго, ёсць структуры, якія гатовы прафінансаваць гэты праект. А дырэктар авіякампаніі “Джэнерал Лайн” Леанід Іванавіч Руткоўскі выказаў пажаданне стварыць пляцоўку паветраплавання. І меў на ўвазе не верталёт, а паветраны шар, аэрастат. Без сумнення, знойдзецца нямала лю­дзей, якія пажадаюць ацаніць прыгажосць Нарачанскага краю з вышыні птушынага палёту. Сваю зацікаўленасць у пераўтварэнні курорта выказаў і дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сяргеевіч Сардараў: яго студэнты прымуць самы актыўны ўдзел у распрацоўцы розных праектаў. А, як вядома, ад моладзі можна чакаць самых смелых і наватарскіх ідэй. А Кі­раў­нік справамі Прэзідэнта Мікалай Мікалаевіч Корбут прапанаваў мясцовай уладзе яшчэ раз вярнуцца да ўсіх раней адхіленых бізнес-праектаў. Лепшыя з іх, накіраваныя на стварэнне дастойных умоў па аздараўленні нацыі, на развіццё курортнай зоны, павінны быць уключаны ў праект Дзяржаўнай праграмы.

Падводзячы вынікі нарады,
З. К. Ломаць не хаваў задавальнення, бо размова атрымалася. У зале і сапраўды не было ніводнага раўнадушнага. Безумоўна, па­куль цяжка меркаваць, якія прапановы трапяць у праект узгаданай праграмы, знойдуць сваё рэальнае ўвасабленне, аднак у тым, што родны кут чакаюць грандыёзныя пераўтварэнні, можна ніколькі не сумнявацца.

Павел ЖУКАЎ.

На здымку (злева направа): генеральны дырэктар Нацпарку “Нарачанскі” В. В. Каржоў, Кі­раў­нік справамі Прэзідэнта М. М. Корбут, Старшыня Камітэта дзяржкантролю З. К. Ломаць, першы намеснік старшыні Мін­скага абласнога выканаўчага камітэта В. У. Шчэцька і старшыня райвыканкама
А. І. Даніленка.

  Фота аўтара.



19 лютага 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Глубелька Касцёл у Засвіры   возера Мястра

Пабрацімы Мядзела