Ці набудзе Мядзельшчына статус “раён-курорт”?

resize-of-l05bУ МІНУЛУЮ пятніцу ў абласным выканаўчым камітэце адбылася прэс-канферэнцыя. Вяла яе начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Таццяна Уладзіміраўна Дзедух. А на шмат­лікія пытанні прадстаўнікоў усіх сродкаў масавай інфармацыі сталічнага рэгіёну шчыра адказваў губернатар Леанід Фёдаравіч Крупец (на здымку). У студыі  прысутнічалі і  памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Міхайлавіч Іванчанка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Міхайлаўна Герасімовіч, намес­нікі губернатара, начальнікі ўп­раўленняў, аддзелаў і арганізацый аблвыканкама. Працавала таксама “прамая лінія” з тэлестудыяй у Салігорску.

НАПАЧАТКУ зацікаўленай раз­мовы Леанід Фёдаравіч, адказваючы на пытанне галоўнага рэдактара газеты “Мінская праўда” Мікалая Літвінава наконт ацэнкі вынікаў мінулага і задач на бягучы год, адзначыў, што летась практычна па ўсіх накі­рунках сацыяльна-эканамічнага развіцця забяспечаны паступальны рух наперад. Ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі вобласці, за выключэннем прамысловасці, выйшлі на 100 і больш працэнтаў. Тым не менш, час патрабуе працаваць зусім па-іншаму. У якім плане? Перш за ўсё, намаганні павінны быць накіраваны на забеспячэнне экана­мічнай мэтазгоднасці той альбо іншай вытворчасці. І тут не абысціся без сучасных падыходаў, пошуку неардынарных шляхоў вырашэння пастаўленых задач, новых рынкаў збыту.

Асаблівую заклапочанасць вы­клікае стан спраў на асноўных валаўтвараючых прадпрыемствах – “БелАЗ”, “Беларуськалій”. На апошнім рэалізацыя прадукцыі летась у параўнанні з 2008 годам склала толькі 40 працэнтаў. А між тым, ён забяспечвае ад 30 да 40 працэнтаў усіх падатковых па­ступленняў у абласны бюджэт. Вядомая справа, гэта не магло не паўплываць на агульны фінансавы вынік Міншчыны. Яе бюджэт недаатрымаў больш за 400 мільярдаў рублёў. 

Не зважаючы на сусветны кры­зіс, і ў аграпрамысловым комплексе па валавой вытворчасці прадукцыі ўдалося выйсці на ўзровень 2008 года. Сабрана 2,2 мільёна тон збожжа, а гэта – дастойны рубеж для Міншчыны, якая лічыцца асноўнай жытніцай Беларусі. Надой ад каровы склаў 5030 кілаграмаў малака, яго рэалізацыя дзяржаве ўзрасла за мінулы год на 55 тысяч тон. Уве­дзены ў эксплуатацыю 22 сучасныя малочнатаварныя фермы. Гэта сведчанне таго, што стратэгія ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці абрана правільная. Аднак сёння нельга не задумвацца і над тым, якой цаной атрымана прадукцыя, наколькі яна рэнтабельная, канкурэнтаздольная. Ігнараванне затратнага механізма ў канчатковым выніку прыводзіць да стратнай работы, што недапушчальна. Больш поў­на трэба задзейнічаць і наяўныя рэзервы. Неда­працоўкі ў гэтым напрамку прывялі да недабору бульбы, цукровых буракоў. Куды лепшы фінансавы вынік можна мець, калі плённа працаваць над павышэннем якас­ці кармоў, малака, развіццём жывёлагадоўлі.

У вобласці выканана заданне па ўзвядзенні жылля. Летась яшчэ 64 населеныя пункты набылі статус аграгарадкоў. Не менш сур’ёзная задача пастаўлена і на бягучы год – увесці ў эксплуатацыю больш за 1,3 мільёна квадратных метраў жылля. Напрацоўкі ў будаўнічай галіне даюць падставу меркаваць, што яна будзе вырашана. У некаторых раёнах кватэры атрымліваюць людзі, якія сталі на чаргу ў 2007-2008 гадах. Гэта, безумоўна, вялікае сацыяльнае дасягненне.

Сталічная вобласць, з улікам свайго геаграфічнага становішча, даволі прывабная для інвестыцыйных укладанняў. Летась агульны іх аб’ём склаў 6,8 трыльёна рублёў. Па словах Л. Ф. Крупца, тая палітыка, якая праводзіцца як на Міншчыне, так і ў рэспубліцы, спрыяе пошуку новых інвестараў. Да рэалізацыі вызначаны 37-38
праектаў з прыцягненнем замежных інвестыцый. Па шэрагу іх ужо маюцца напрацоўкі, і гэта дазваляе спадзявацца, што яны будуць ажыц­цёўлены. Да найбольш значных праектаў губернатар аднёс будаўніцтва гольф-клуба і гіпермаркета ў Мінскім раёне, транспартналагічнага цэнтра “Прылессе”, завода па вытворчасці сродкаў аховы раслін на Капыльшчыне, вытворчасць гарачага ацынкавання металаканструкцый на Барысаўшчыне, у Няс­віжскім раёне павінны з’явіц­ца два біягазавыя комплексы…

У знешнім гандлі забяспечана станоўчае сальда. Аднак у рэгіёны часам імпартуюць прадукцыю, якую могуць пастаўляць айчынныя вытворцы. Значыць, валю­-
ту можна і неабходна эканоміць. Адначасова варта прадметна вы­вучаць попыт пакупнікоў, у гандлі мяняць тактыку работы з людзьмі, пазбаўляцца ўстарэлых падыходаў. Суб’ектам гаспадарання трэба быць куды больш мабільнымі. Гэта датычыцца ўсіх сфер дзейнасці, уключаючы аказанне паслуг. Тут дзяржаўнаму сектару ёсць чаму павучыцца ў прыватнікаў.

Ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі задачы на гэты год стаяць вельмі напружаныя. Выйсці на вызначаныя параметры дапаможа толькі напружаная, паўсядзённая і творчая праца, адказнасць кадраў. Лозунг: “Кадры вырашаюць усё!” актуальны ва ўсе часы. Адносіны да іх, адзначыў Леанід Фёдаравіч, павінны быць беражлівымі, але патрабавальнымі. Нікому нельга забываць і аб тым, што сёлета – Год якасці, завяршаецца пяцігодка. З самага яго пачатку на Міншчыне рэалізуецца пакрокавая стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця. І яна прыносіць свае вынікі. Яны маюць высокую цану, бо дабрабыт літаральна кожнага чалавека залежыць ад таго, як будзе працаваць эканоміка, тое альбо іншае прадпрыемства. Далі больш прадукцыі лепшай якасці, значыць, можна і заробкі людзям павышаць.

На працягу прэс-канферэнцыі Леаніду Фёдаравічу, з улікам зададзеных і з Салігорска,  паступі­ла нямала самых розных пытанняў. Журналістаў цікавіла работа абласнога выканаўчага камітэта з кіруючымі кадрамі, па пад­трымцы прыватнага сектара эканомікі, развіцці малых гарадоў, паляпшэнні якасці вады ў населеных пунктах, павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, узвядзенні ў рэгіёнах спартыўных збудаванняў, пытанні супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і многія іншыя.

Калі спыніцца на гэтым крышачку больш падрабязна, то трэба
ад­значыць, што Міншчына актыўна нарошчвае міжнароднае суп­рацоўніцтва. Летась знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляліся
са 140 краінамі свету. Асноўным гандлёвым партнёрам для нас, як заўважыў Л. Ф. Крупец, з’яўляецца Ра­сія, аднак павялічваецца
тавараабарот і з іншымі краінамі. У тым ліку з Індыяй, Бразіліяй, Германіяй. У прыватнасці, у Бра­зіліі добра развіта жывёлагадоўля, шмат карысных выкапняў. Нас цікавіць пастаўка адтуль бялковай сыравіны, іх – беларускія напрацоўкі ў сферы медыцыны, адукацыі, кар’ерная тэхніка, мінеральныя ўгнаенні. А літаральна заўтра Мінскую вобласць наведае дэлегацыя бразільскага штата Гояс на чале з яго губернатарам. У ходзе сустрэчы з ёй і будуць вызначаны канкрэтныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва. Пры гэтым Л. Ф. Крупец дадаў, што рынкі Лацін­скай Амерыкі вывучаны яшчэ слаба, хаця і ажыццяўляюцца невя­лікія пастаўкі прадукцыі ў Венесуэлу, на Кубу. А інтарэс да беларускіх тавараў там ёсць. Апошнім часам ажывіліся сувязі з Арменіяй, Азербайджанам, Польшчай. Усяго за­ключана 68 пагадненняў і пратаколаў аб супрацоўніцтве з рэгіёнамі дзяржаў блізкага і далёкага замежжа: 38 – з расійскімі,
16 – украінскімі, 5 – Казахстана… На карысць справе нават
кантакты паміж сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Такія, як у агракамбіната “Сноў” з адной
з буйнейшых у Азербайджане гаспадарак “Іванаўка”. Апрача таго, там збіраюцца па беларускай тэхналогіі пабудаваць такі ж хлебазавод, як у Нясвіжы.

Аказваецца пастаянная пад­трымка і прыватнаму сектару эканомікі. Гэта заканамерна. Аб мно­гім сведчыць наступны факт: у структуры падаткаплацельшчыкаў на прыватны сектар прыпадае 36,7 працэнта. Год ад года гэта доля павялічваецца, як і колькасць працуючых у недзяржаўным сектары. Арыфметыка тут простая: чым багацейшымі будуць людзі, тым больш заможнай будзе і краіна ў цэлым, а значыць – стане лепш жыць кожная сям’я. Таму, як адзначыў Л. Ф. Крупец, не так і важна, дзе працуе чалавек: на дзяржаўным альбо прыватным прадпрыемстве. Галоўнае, каб ён быў задаволены абранай справай, для яго стварылі нармальныя ўмовы працы, быту і выплачвалі дастойную зарплату. Ды і ў грамадстве адносіны да індывідуальных прадпрымальнікаў цяпер не параўнаць з тымі, якія былі гадоў з 10-15 таму, калі да недзяржаўнага сектара эканомікі адносіліся з асцярогай. Гэта, як падкрэсліў Леанід Фёдаравіч, нашы людзі, наша эканоміка і адносіны да тых і другіх павінны быць аднолькавымі. У бізнэс ідуць тыя, у каго ёсць фі­нансавыя магчымасці, хто мае да гэтага схільнасць, ясна бачыць перспектыву ў сваёй справе. А ад улады патрабуюцца толькі дапамога і падтрымка.  

Прыемна было пачуць ад губернатара і тое, што да 2016 года ва ўсіх аграгарадках плануецца мець цэнтральнае водазабеспячэнне. Для гэтага вызначана фінансаванне ў аб’ёме 150 мільярдаў рублёў. Цяпер Міністэрствам жылёва-камунальнай гаспадаркі распрацаваны праект канцэпцыі дзяржпраграмы “Чыстая вада” на 2011-2015 гады. Пасля яго разгляду ў Савеце Міністраў і зацвяр­джэння пачнецца фарміраванне аналагічных праграм у кожным раёне. Па словах Леаніда Фёдаравіча, праблема забеспячэння жыхароў Міншчыны якаснай пітной вадой да канца не вырашана. У вобласці налічваецца 43 гарады і гарадскія пасяленні, уключаючы курортны пасёлак Нарач. Аднак станцыі абезжалезвання ёсць толькі ў 12. За гэтыя гады мяркуецца пабудаваць такія станцыі ў Беразіно, Заслаўі, Мядзеле, Мар’інай Горцы, Смалявічах, Чэрвені, Смілавічах…

Нямала робіцца і па ўзвядзенні спартыўных збудаванняў, бо здаровы лад жыцця становіцца ў краі­не модным і прэстыжным. За апошні час уведзены ў строй дзеючых басейны ў Вілейцы і Няс­віжы, лядовы палац у Салігор­ску, спартыўны комплекс у Крупках. Зараз вядзецца будаўніцтва конна-спартыўных баз у Мінскім і Маладзечанскім раёнах. У пер­спектыве з’явяцца лядовыя палацы ў Маладзечне, Барысаве, футбольны манеж – у Жодзіне.

Што датычыцца развіцця малых гарадоў, то там, на думку Л. Ф. Крупца, найперш неабходна ствараць новыя вытворчасці, актыўна шукаць інвестыцыйныя праекты іх развіцця. Калі гэтага не рабіць, можна многае згубіць. Няпростая сітуацыя складваецца ва Урэччы Любанскага раёна, Крупках, Зялёным Бары Смалявіцкага і некаторых іншых, дзе, па меркаванні Леа­ніда Фёдаравіча, недапрацоўваюць мясцовая ўлада, абласны выканаўчы камітэт.

Многае яшчэ не зроблена і для таго, каб сельскія і пасялковыя Саветы больш актыўна самастойна зараблялі грошы. Так, Указ № 21 станоўча паўплываў на павышэнне
ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння на­сельніцтва, на фарміраванне мясцовых бюджэтаў. У выніку датацыя сельскіх і пасялковых Саветаў на Міншчыне ў мінулым годзе скарацілася. За лік продажу аб’ектаў, якія не выкарыстоўваліся, зямельных участкаў, здачы ў арэнду памяшканняў, падаткаў на зямлю і нерухомасць у бюджэты пярвічнага ўзроўню ўдалося прыцягнуць 12,2 мільярда рублёў. Аднак большасць Саветаў не абыходзіцца без сур’ёзнай фінансавай падтрымкі. Уласныя даходы ў іх бюджэтах, як адзначыў губернатар, складаюць 55 працэнтаў. Бездатацыйнымі на Міншчыне летась былі толькі 17 сельскіх і Смілавіцкі пасялковы
Саветы. Яны размешчаны ў асноўным у Мінскім, Лагой­скім, Дзяржынскім, Смалявіцкім раёнах, а галоўная крыніца іх даходаў – продаж зямельных участ­каў. Мясцовым уладам, старшыням сельскіх Саветаў, як заўважыў Леанід Фёда­равіч, трэба актывізаваць работу
па прыцягненні інвестыцый, тым больш, што ў рэспубліцы распрацавана адпаведная нарматыўна-прававая база, у сельскай мясцовасці інвестарам прадастаўляецца шмат ільгот, варта развіваць агратурызм.

Скарыстаўся магчымасцю задаць пытанне кіраўніку вобласці і аўтар гэтых радкоў. Гучала яно так: “Шаноўны Леанід Фёдаравіч! У сувязі з тым, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падтрымаў прапанову аб распрацоўцы праекта Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскай курортнай зоны на 2011-2015 гады, перад Мядзельшчынай адкрываюцца светлыя перспектывы далейшага росквіту. Наколькі верагодна, што на карце нашай краіны неўзабаве з’явіцца і рэгіён са статусам “раён-курорт”?”. Гэта тэма сёння, як добразычліва адказаў наш губернатар, вельмі актуальная. Літаральна на днях яна абмяркоўвалася ў аблвыканкаме, у Камітэце дзяржаўнага кантролю. Мядзельшчына – унікальны край, гэта гонар Міншчыны, усёй краіны. І тое, што зроблена ў хо­дзе выканання Дзяржаўнай праграмы па экалагічным аздараўленні возера Нарач на 2005-2008 гады, дазваляе весці работу па далейшым раз­віцці гэтага рэгіёну. Ён павінен стаць самым прывабным у рэспубліцы. Магчыма, давядзецца пайсці на змяншэнне аб’ёмаў у сельскагаспадарчай вытворчасці і больш сродкаў у бюджэт атрымліваць за кошт развіцця турызму, удасканалення сферы паслуг… На жаль, на Мядзельшчыне пакуль на нізкім узроўні гандаль, сэрвіс, недастаткова развіта інфраструктура. Тамашнім інвес­тарам мяркуецца прадаставіць значныя льготы, што пасадзейнічае развіццю бізнесу ў раёне, створыць перадумовы для надання яму статусу “раён-курорт”. Асноўныя намаганні будуць накіраваны на ўдасканаленне сферы паслуг, індустрыі забаў, будаў­ніцтва гатэляў, іншых аб’ектаў. Мэтазгодна таксама адраджаць панскія ся­дзібы, якіх на Мядзельшчыне шмат. Сур’ёзнага абнаўлення чакаюць і дарогі, якія вядуць да беларускай жамчужыны. Яны па­вінны стаць лепшымі, з адпаведным сэрвісам. Уздоўж трас неабходна абсталяваць не адно маляўнічае месца, дзе б людзі самі спыняліся, фатаграфаваліся на памяць, мелі магчымасць перакусіць, адпачыць. Не менш важна таксама, каб усё тое добрае, што ствараецца, не разбуралася, а прымнажалася. У справе павышэння культуры лю­дзей вялікая роля адводзіцца і сродкам масавай інфармацыі. З боку ж аблвыканкама, кіраўніцтва раёна, запэўніў Леанід Фёдаравіч, будзе зроблена ўсё, каб Нарачанскі край развіваўся дастойна, стаў курортам еўрапейскага ўзроўню.

Павел ЖУКАЎ.



16 лютага 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  Царква ў Крывічах wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела