Зялёнае мора паклікала…

img_2493На базе ААТ “Мядзелаграсэрвіс” прайшоў семінар з кіраўнікамі гаспадарак і спецыялістамі АПК  па пытаннях нарыхтоўкі кармоў для грамадскага статка, былі разгледжаны і іншыя аспекты развіцця жывёлагадоўлі. У рабоце семінара прынялі ўдзел старшыня райвыканкама А. І. Даніленка, начальнік упраўлення райсельгасхарчу В. І. Бахонка, а таксама  прадстаўнікі абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, Мінскага племпрадпрыемства.

Адразу на двух аўтобусах накіраваліся  на сенажаць ля вёскі Кулікі. Дырэктар таварыства А. В. Сяменчанка акцэнтаваў увагу на тым, што з нарыхтоўкай  кармоў марудзіць нельга, бо аптымальныя тэрміны хутка пройдуць. А трэба яшчэ думаць і пра паўнацэнны другі ўкос.

- Вось і разгарнулі гэты працэс, як толькі пачалі саспяваць травы, – патлумачыў Аляксандр Васільевіч. – Тэхніка падрыхтавана, і, бадай, адзіная праблема ў тым, што няма дзе на нашых рэльефных сенажацях разагнацца 9-метровай касілцы.

Затым прадоўжыла тэму галоўны аграном таварыства М. А. Сіўчак.

- З першага ўкосу, а гэта 1600 гектараў, плануем  нарыхтаваць дзесяць тысяч тон сенажу і тысячу тон сена,   – расказвае Марына Ана­тольеўна. – Тут вы бачыце ўвесь шлейф работ: працуюць дзве касілкі “КДЛ-10″ і “Е-303″, двое грабляў, задзейнічаны тры падборшчыкі, пяць машын заняты на адвозцы сянажнай масы. Плошча ўчастка 90 гектараў – бабова-злакавая сумесь (люцэрна з цімафееўкай). Ураджайнасць 150 цэнтнераў з гектара. На сёння заклалі 380 тон сенажу і заўтра, думаю, ўжо бу­дзем закрываць траншэю на тон 700-800.

- А касіць пачынаем у пяць гадзін раніцы, – дапаўняе агранома А. В. Сяменчанка. – У гэты час у траве ўтрымліваецца ўдвая больш караціну, і яна хутчэй правяльваецца.

Затым наведаліся на ферму “Кулікі”, дзе паглядзелі, як арганізаваны працэс закладкі траншэі. Трамбуецца маса двума “Амкадорамі”, а ў начную змену падключаецца “К-700″.

Тут жа перад прысутнымі выступілі па пытаннях захавання тэхналогіі закладкі сенажу і мерах матэрыяльнага стымулявання  начальнік кармавой  лабараторыі В. М. Мазура і галоўны  ветэрынарны ўрач раёна С. Ч. Ермаковіч.

У ходзе паездкі пазнаёміліся ўдзельнікі семінара і з тым, як ідзе рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў на фермах “Ку­лікі”, “Баяры” і “Лук’янавічы”. Там жа, у Лук’янавічах, паглядзелі, як арганізавана пасьба кароў, пабывалі ў Доме жывёлавода.

Сур’ёзная, прынцыповая  размова адбылася на пленарным пасяджэнні, якое вёў А. І. Даніленка. Бо ў цэлым тэмпы работ на сенажацях задаволіць не могуць, большасць гаспадарак яшчэ толькі раскачваецца. Ёсць шэраг праблем і пры арганізацыі пасьбы дойнага статка, што адмоўна ўплывае як на вытворчасць малака, так і на яго якасць.

- Франтальны метад, акрамя фермы “Лук’янавічы”, пастаянна практыкуюць толькі ў АСП “Вузлянка”, – сказаў у сваім выступленні намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А. У. Дытко. – Астатнія альбо пасуць у разнабой, або зусім ігнаруюць дадзены метад. Не вядзецца належным чынам і падкошванне пашы. Тут тэрмінова неабходна наводзіць парадак.

А. І. Даніленка заклікаў кіраўнікоў гаспадарак больш адказна ставіцца да выканання пастаўленых задач, бо гэта не справа, калі некаторым даводзіцца расказваць прапісныя ісціны. І асаблівую ўвагу звярнуў на якасць малака. Той жа “экстрай” пахваліцца могуць далёка не ўсе, а спасылка на старыя фермы і іншыя прычыны не заўсёды аргументаваная.

- Вось вы  просіце фінансавай дапамогі, – заўважыў Аляксандр Іванавіч, – а самі  губляеце мільярды. Ці гэта нармальная з’ява?

А яшчэ А. І. Даніленка  звярнуў увагу на тое, што недастаткова, на яго думку, заахвочваюцца спецыялісты аграпрамысловага комп­лексу. І найперш, тэхнікі-асемянатары. Менавіта ад людзей гэтай прафесіі ў многім залежыць, як пойдуць справы ў жывёлагадоўлі. Шэраг кіраўнікоў гаспадарак (УП “Габы-Агра”, таварыстваў “Пруднікі-Агра”, “Будслаўскае” і “Мядзельскае аграпрамэнерга”, птуш­кафабрыкі “Новая зара” і іншых) трымалі
сур’ёзную справаздачу: не толькі па вытворчасці прадукцыі, але і навядзенні элементарнага парадку, захаванні культуры земляробства.

На пленарным пасяджэнні выступілі таксама па асобных пытаннях развіцця жывёлагадоўлі ў раёне  начальнік упраўлення  ветэрынарыі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні А. А. Гліняны і намеснік генеральнага дырэктара РУП “Мінскае племпрадпрыемства” Р. В. Беразавік.

Аляксандр БЫКАЎ.



01 чэрвеня 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Касцёл у Шэметава   возера Мястра img_4257

Пабрацімы Мядзела