Адбыўся раённы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2012″

“Лідарамі не нараджаюцца, імі становяцца”. Упэўнена, многім з вас не аднойчы даводзілася чуць гэты выраз. Але, напэўна, кожны мае права адносіцца да яго па-свойму: адны пагаджаюцца, а другія аспрэчваюць гэта меркаванне, аддаючы перавагу той думцы, што лідарскія якасці закладзены ў чалавеку ўжо ад нараджэння.

Не ведаю, як хто, а вось тры таленавітыя дзяўчынкі валодаюць здольнасцямі сапраўднага лідара. І гэтыя дзяўчынкі не хто іншы, а фіналісткі раённага этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2012″. Сёлета ён праводзіцца ў рамках VIII Нацыянальнага дзіцячага форума “Дзеці Беларусі: будучыня пачынаецца сёння”.

Вам, напэўна, не церпіцца даведацца іх імёны? Калі ласка, знаёмцеся: Карына Рудніковіч, вучаніца 7 “А” класа Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, па сумяшчальніцтву яна яшчэ і старшыня піянерскай дружыны “Зорная”; Анастасія Жыхар, вучаніца 10 класа гімназіі-інтэрната Мядзела, да таго ж яна ўзначальвае ад­дзел культуры органа вучнёўскага самакіравання “Горад гімназістаў”; Надзея Тачыцкая, вучаніца 10 класа Сваткаўскай СШ імя М. Танка, стараста свайго класа. І на конкурсе Надзея  прадстаўляла сябе як лідара грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Трэба адзначыць, што для таго, каб трапіць у фінал раённага этапа конкурсу, удзельніцам давялося нямала папрацаваць, рыхтуючы вялікую колькасць конкурсных матэрыялаў, паколькі адным з выпрабаванняў  – завочным – было прадастаўленне сваіх лідарскіх партфоліа “Я стратэг свайго жыцця”. У партфоліа неабходна было змясціць і цікавую інфармацыю пра сябе, і сачыненне-роздум пра свае жыццёвыя планы на бліжэйшы час, і аўтарскія творчыя работы, што павінны адлюстраваць арганізатарскія, камунікатыўныя здольнасці. Таксама патрэбна было распрацаваць і прапанаваць на суд конкурснай камісіі сацыяльныя праекты, якія, на іх думку, будуць значнымі і запатрабаванымі грамадствам.

Такім чынам, да раённага фіналу ўсе ўдзельніцы падышлі ўжо з пэўнай колькасцю заробленых балаў. Аднак, безумоўна, самыя цікавыя конкурсныя выпрабаванні чакалі іх на раённым фінале, які праходзіў 30 сакавіка на базе гімназіі-інтэрната Мя­дзела. Менавіта падчас праходжання ўсіх фінальных этапаў конкурсу, а іх было ажно 5, удзельніцы ў поўнай меры змаглі раскрыць свой лідарскі патэнцыял.

Сур’ёзна аднесліся яны да этапа сама­прэзентацый “Лідарбачанне”, падышлі да падрыхтоўкі сваіх візітовак творча, імкнучыся паказаць і свае артыстычныя таленты, і ў той жа час, не забываючы пра тое, што асноўная мэта іх самапрадстаўлення – прэзентацыя сябе як лідара, адлюстраванне свайго светапогляду, сваёй ролі ў дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання.

На этапе “Лідарскія арыенціры” канкурсанткам неабходна было прадаставіць падрыхтаваныя ролікі сацыяльнай рэкламы на праект ці накірунак іх дзейнасці, якія былі пазначаны ў партфоліа. Такім чынам, Карына Рудніковіч для сваёй рэкламы абрала культурны арыенцір, пазнаёміўшы ўсіх прысутных са сваім праектам “Фарміраванне і развіццё творчых здольнасцей дзяцей”. Надзея Тачыцкая ў сваёй рэкламе прапанавала спосабы, якія могуць дапамагчы ўсім жадаючым дасягнуць мэты – стаць  сапраўдным лідарам. На яе думку, лідарам можа быць той, хто заўсёды знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, той, хто здольны прагназіраваць сваё будучае, кіраваць сабой, хто ведае, чаго ён жадае і да чаго імкнецца, той, каго паважаюць. Анастасія Жыхар прапанавала рэкламу на свой аўтарскі праект “Падаруй усмешку дзецям!” і пазнаёміла прысутных з тым, як яна дапамагае сваім малодшым сябрам-гімназістам пераадольваць цяжкасці.

Наступны этап дазволіў на некаторы час усім апынуцца на конкурсе “Мадэль года”. Справа ў тым, што адным з конкурсных заданняў была распрацоўка эскіза касцюма для лідара “Зроблена ў Беларусі”, і затым да фіналу неабходна было ўвасобіць распрацаваны эскіз у мадэль адзення. Дык вось, падчас дэфіле-панарамы “Вобраз лідара” ўсе канкурсанткі ўдала прадэманстравалі свае аўтарскія мадэлі, трымаючыся як сапраўдныя прафесіяналкі на сцэне, якая на некалькі хвілін ператварылася ў мадэльны подыум.

Надалей канкурсанткам неабходна было паўдзельнічаць у конкурсе дэбатаў “Я лідар!”, падчас якога ацэньваліся іх уменні думаць, разважаць, весці дыскусію, паслядоўна і аргументавана выказваць свой пункт гледжання, адстойваць асабістае меркаванне.

Ну і нарэшце апошні этап, які, на маю думку, і, напэўна, на думку тых, хто ў той дзень прысутнічаў у конкурснай зале, быў асабліва цікавым. Сутнасць этапа “Штурманы дзяцінства” заключалася ў тым, каб паказаць, наколькі прафесіянальна ў сваёй дзейнасці могуць узаемадзейнічаць лідар-навучэнец і лідар-дарослы, куратар той арганізацыі, аб’яднання ці ініцыятывы, якую прадстаўляе канкурсант. Кожнаму з трох дуэтаў лідараў была прапанавана магчымасць выступіць з творчым нумарам, і з гэтай задачай усе ўдзельнікі справіліся выдатна. Думаю, будзе несправядліва, калі імёны лідараў-педагогаў застануцца невядомымі, таму мне хацелася б адзначыць, што з роляй старэйшых дарадчыкаў, куратараў справіліся Дзіяна Віктараўна Блізнюк, педагог-арганізатар гімназіі-інтэрната Мядзела, Людміла Сцяпанаўна Куцкевіч, педагог-арганізатар Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, і Валерый Пятровіч Ільюковіч, настаўнік гісторыі і геаграфіі Сваткаўскай СШ імя М. Танка.

Конкурсныя этапы завершаны, і цяпер засталося толькі дачакацца падвядзення вынікаў. Трэба сказаць, што журы, у склад якога ўвайшлі метадыст раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Ларыса Віктараўна Севярын, першы і другі сакратары раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Галіна Міхайлаўна Красоў­ская і Кацярына Пятроўна Роліч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна  Ядвіга Савельеўна Чарняўская,  давялося папрацаваць напружана, бо на працягу праходжання  этапаў усе канкурсанткі па чарзе выходзілі наперад. Аднак пераможцам мог стаць толькі адзін удзельнік. І неўзабаве яго імя агучвае падчас падвядзення вынікаў конкурсу старшыня журы Г. М. Красоўская. “Лідарам года-2012″ становіцца Анастасія Жыхар. Менавіта Насця здолела паказаць тыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны лідар. Хочацца падзякаваць усім тым педагогам, якія дапамагалі і пераможцы, і астатнім удзельніцам у няпростай падрыхтоўцы да гэтага цікавага конкурсу.

А. Карпей.

Метадыст ДУА “Цэнтр творчасці

дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна”.



14 мая 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Мястра 0-178 Касцёл у Засвіры   06-043

Пабрацімы Мядзела