Пасля збожжа – кукуруза

p5080143Пасля сяўбы збожжавых у ААТ “Свір-Агра” без прамаруджвання ўзяліся за кукурузу. Мы пабывалі ў брыгадзе №1, якую ўзначальвае Я. І. Тарасевіч. У той дзень работа вялася на палетку за вёскай Нецькі.

- На збожжавым кліне зладжана папрацавалі нашы хлебаробы, і тэхніка не падвяла, – расказвае Ядвіга Іванаўна. – Таму ўправіліся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. А цяпер  на парадку дня – кукуруза. У мінулым годзе каралева палёў ура­дзіла добра, было што закласці ў сіласную траншэю для забеспячэння  належнага рацыёну жывёлы. Спа­дзяёмся і сёлета на важкі ўраджай. Тут у нас участак плошчай 57 гектараў. На падрыхтоўцы глебы старанна папрацаваў з дыскатарам механізатар Віталь Карэцкі. І на сяўбе заняты вопытны хлебароб Іван Грумбянін, не першы сезон  паспяхова выконвае даручаныя заданні. Цяпер якраз час сеяць кукурузу, хапае цеплыні, прайшоў дожджык. Унеслі таксама пад гэтую культуру ўсе запатрабаваныя мінеральныя ўгнаенні: азот, фосфар, калій. І дагледзім, канечне, як след. Вось толькі турбуемся, каб дзікі зноў не пашкодзілі. Летась нават электрапастухом абгароджвалі ўчасткі, каб уратаваць ад іх пасевы. Закончым сяўбу тут і накіруемся далей -  на кукурузныя палеткі ля вёсак Куркулі, Паніззе. Работа вя­дзецца, як кажуць, у час, спадзяёмся і на адпаведны вынік.

Пакуль мы гутарылі, да ўск­райку поля якраз пад’ехаў І. І. Грумбянін, каб загрузіць у сеялку чарговую партыю насення. Папытаўся, як працуецца.

- Ды ўсё ідзе ладам, – адказаў Іван Івана­віч. – Сеялка “Маскар” італьянскай вытворчасці хоць і вось­мы сезон у рабоце, але праблем з ёй  няма. І камянёў, дарэчы, не баіцца. Трэці год запар сею на ёй  кукурузу. Восенню перасаджваюся на “КЗР-10″ і ўбіраю каралеву палёў. А яшчэ і на зерне потым, ужо на камбайне “КЗС-1218″.  Летась 360 тон намалаціў, добры гэта корм для цялятак. А сёлета, магчыма, і больш атрымаецца, калі надвор’е не падвядзе.

Там жа, за Нецькамі, на суседнім участку і бульбачку сорту “брыз” адначасова садзілі. Гэта справа даручана механізатару Генадзю Лобачу, а наразаў барозны Віктар Шушко.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: І. І. Грумбянін за работай.

Фота Таццяны Несцярэнка.



14 мая 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

_06-040 84  возера Мястра  0-170

Пабрацімы Мядзела