Пясняр Нарачанскага краю

p4180167СЁЛЕТНІ год для ўсіх нас асаблівы: мы рыхтуемся да векавога юбілею Максіма Танка, святкуем 130-годдзе з дня нара­джэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. З гэтай нагоды журналісты газет “Мінская праўда” і “Звязда” сумесна з абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі вырашылі правесці літаратурную вандроўку па мясцінах знакамітых землякоў – “Шляхамі паэтаў”. Свой старт адметная акцыя атрымала ў мінулую сераду якраз на Мядзельшчыне, у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка. З першых крокаў па ўстанове культуры сталічныя госці акунуліся ў зачароўваючы свет паэзіі нашага слыннага Яўгена Іванавіча Скурко. У фае бібліятэкі на трэцім паверсе, дзе з густам аформлена выстава да юбілею Максіма Танка, яго вершы годна чыталі работнікі культуры, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Гардон:

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,

Як вецер густыя туманы развесіць.

Ці снежная пена на хвалях зазвоніць,

Цалуючы зоры, калышучы месяц…

Затым дзея атрымала працяг у запоўненай гасцёўні бібліятэкі. Загадчыца аддзела культуры Ганна Падгол для пачатку прапанавала ўдзельнікам “круглага стала” пагля­дзець відэафільм пра азёрны край, якія даў свету паэтычнага волата Максіма Танка, пазнаёміла з гасцямі. Першым з іх меў слова галоўны рэдактар абласной газеты “Мінская праўда” Мікалай Літвінаў. Мікалай Пятровіч адзначыў, што ў нашай краіне вялікая ўвага надаецца развіццю літаратуры на высокім узроўні. Сведчаннем таму і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб аб’яўленні сёлетняга года Годам кнігі. А галоўная мэта ванд­роўкі “Шляхамі паэтаў” – сабраць у рэгіёнах пабольш інфармацыі ад людзей, якія мелі стасункі са знакамітымі песнярамі, і данесці гэтыя жывыя ўспаміны да ўсіх жыхароў краіны. Намеснік галоўнага рэдактара газеты “Звязда” Анатоль Сланеўскі нагадаў сваю суст­рэчу з Максімам Танкам у неспакойным 1991 годзе, якая пакінула ў яго душы глыбокі і памятны след. “Вялікі чалавек, – заключыў ён, – вялікі ва ўсім і ў любой сітуацыі”. Менавіта такім і быў Яўген Іванавіч Скурко. Творы Максіма Танка, як запэўніў потым адказны сакратар часопіса “Маладосць”, член Саюза пісь­мен­нікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі, з’яўляюцца для яго настольнай кнігай, натхняюць на напісанне вершаў. Некалькі з іх ён і прачытаў перад прысутнымі.

Цікавы і глыбокі экскурс у гісторыю паэтычнай Мядзельшчыны, з сівой даўніны і да сённяшніх дзён, зрабіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. p4180173У прыватнасці, Іна Іванаўна ўзгадала, што на літаратурнай карце азёрнага краю адметнае месца займае Будслаў. Тут нара­дзі­­ліся талена­віты беларускі спявак, арганіст і кампазітар Іаахім Глінскі, аўтар шмат­лікіх вершаў і паэм Янук Касцевіч, паэт і грамадскі дзеяч Эдуард Будзька. З гэтым мястэчкам звязала больш за трыццаць год свайго жыцця заслужаны дзеяч культуры Беларусі, педагог, адна з першых выканаўцаў ролі купалаў­скай Паў­лінкі, аўтар кнігі «Сцежкамі жыцця» Паўліна Мядзёлка. Нямала талентаў падаравалі свету і іншыя куточкі Мядзельшчыны. Той жа пасёлак Крывічы – радзі­ма пісьменніка і грамадскага дзеяча Яна Ходзькі і яго сына Аляксандра, паэта, фалькларыста і філолага, асабіста знаёмага з
А. Пушкіным, В. Жукоўскім, А. Міцкевічам…

Яркі след у літаратуры пакінуў паэт,  перакладчык,  драматург,  рэжысёр,  сцэна­рыст і акцёр з вёскі Калодзіна Яўген Шабан. З-пад яго пяра выйшлі паэтычныя зборнікі “Нарачанка”, “Чырвоныя сумёты”, шэраг п’ес. Азёрны край з’яўляецца калыскай паэта, журналіста Мечыслава Шаховіча. Яго вершаваныя радкі прасякнуты павагай да роднай зямлі і яе культурнай спадчыны,  услаўленнем чалавека працы, асэнсаваннем нашага гераічна-трагічнага мінулага. Вёска Юшкавічы – малая радзіма паэта і пісьменніка Аркадзя Нафрановіча, аўтара некалькіх кніг. На лі­таратурнай карце Мядзельшчыны пазначана таксама імя Адольфа Варановіча, мастака і літаратара,  аўтара зборнікаў апавяданняў “Высокі падмурак”,  “Агні хат”,  “Жывая душа”…

Вёска Пількаўшчына – радзіма не толькі сусветна вядомага Максіма Танка. Яна падаравала нам паэта-песенніка і перакладчыка Іосіфа Скурко. Да яго вершаваных радкоў пісалі музыку вядомыя беларускія кампазітары Ігар Лучанок, Кім Цесакоў, Рычард Буцвілоўскі. Звыш трох дзясяткаў гадоў творчай дзейнасці за плячыма паэта, педагога,  лінгвіста, аўтара шасці кніг Міколы Шабо­віча. Малая яго радзіма – невялічкая вёска Бадзені на Мядзельшчыне,  у якой па словах аўтара “трыццаць тры двары”…

У студзені пры цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. М. Танка адбылося арганізацыйнае пасяджэнне p4180131_crклуба самадзейных аўтараў “Медуніца”, які аб’яднаў звыш дваццаці паэтаў, празаікаў,  кампазітараў з мэтай паслухаць адзін аднаго,  павучыцца, паверыць у свае здольнасці. Вершы трынаццаці аўтараў з’явіліся напрыканцы сакавіка ў спецыяльным выпуску на старонках газеты “Нарачанская зара”.

Змястоўнае падарожжа па літаратурнай карце Мядзельшчыны Іна Барыева завяршыла аповедам пра асоб, якія сваім самабытным талентам унеслі і ўносяць важкі набытак у культуру Беларусі. Гэта тры зоркі першай велічыні: народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, народны мастак Васіль Шаранговіч і народны паэт Максім Танк. Першая з гэтага сузор’я – актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя
Я. Купалы, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Мінс­кай вобласці, пераможца ІV  рэспубліканскага  конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “Жанчына-легенда”. Гэта наша Марыя Георгіеўна Захарэвіч, ура­джэнка вёскі Навасёлкі. Не так даўно яна  адсвяткавала 75-гадовы юбілей. З гэтай нагоды народную ар­тыстку павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. “Сёння Вы – адна з самых яркіх зорак беларускага драматычнага тэатра, захаваль­ніца лепшых традыцый нацыянальнай акцёрскай школы. Вашы вопыт і май­стэрства з’яўляюцца для творчай моладзі выдатным прыкладам нястомнага  служэння мастацтву і сваёй Радзіме”, – гаворыцца ў прывітанні.

Васіль Пятровіч – вядомы ва ўсім свеце мастак-графік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, прафесар. Не так даўно Васіль Пятровіч прыемна здзівіў сваёй аўтабіяг­рафічнай аповесцю пад назвай “Ген жыцця”. З непаўторнай пяшчотай і замілаваннем аўтар распавядае ў сваёй кнізе пра дарагі сэрцу Нарачанскі край, свае карані, пра вёсачку Качаны, дзе прайшло яго дзяцінства.

“Сёння мы сабраліся разам, – падкрэс­ліла Іна Іванаўна, – каб яшчэ раз перагарнуць старонкі творчай спадчыны сапраўднага волата паэтычнага свету, акадэміка,  Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленін­скай прэміі, вядомага грамадскага дзеяча Максіма Танка. 7 красавіка споўнілася 80 гадоў з таго часу, калі ўпершыню пад вершам “Заштрайкавалі гіганты-коміны” з’явіў­ся гэты псеўданім. Нашага знакамітага земляка, ураджэнца вёскі Пількаўшчына, з часам пачуў увесь свет, усеагульнае прызнанне атрымалі шматлікія зборнікі вершаў і паэм. Максім Танк за сваю працу быў узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, залатым медалём “Барацьбіту за мір”, медалём Францыска Скарыны…

Жыва зацікавіла ўдзельнікаў “круглага стала” і грунтоўнае паведамленне дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людмілы Несцяровіч пра новыя творчыя падыходы, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў азёрным краі ў справе захавання і папулярызацыі творчасці Максіма Танка. Затым свае вершы, прысвечаныя слаўнаму песняру нарачанскай зямлі, прачыталі супрацоўнік рэдакцыі газеты “Нарачанская зара” Аляксандр Быкаў і кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Медуніца” Валянціна Яфімава. Нечакана для многіх прысутных прагучаў на завяршэнне размовы ў бібліятэцы і голас Максіма Танка ў запісе, якога ўсе слухалі стоячы, стаіўшы дыханне…

З Мядзела сталічныя госці накіраваліся ў Новікі, дзе на вясковых могілках усклалі кветкі да магілы Яўгена Іванавіча Скурко, крыху пагутарылі з яго землякамі. Адтуль вандроўка вяла ў Сваткі, у мясцовую школу, якая носіць імя Максіма Танка. Тут дэлегацыю сардэчна віталі вучні, дырэктарp1010032 установы Ганна Тачыцкая. Ганна Кірылаўна ў размове запэўніла, што да 17 верасня гэтага года ў іх школе будзе створаны і прыме першых наведвальнікаў музей Максіма Танка. А затым удзельнікі літаратурнай вандроўкі завіталі ў актавую залу школы, дзе іх чакаў добры канцэрт мастацкай сама­дзейнасці. Мелі яны магчымасць і пагутарыць з педагогамі Вольгай Іванаўнай Пястун, Зояй Іванаўнай Лубешка, якія не аднойчы сустракаліся пры жыцці з Максімам Танкам і шчодра дзяліліся з гасцямі сваімі успамінамі…

p1010011Па ўсеагульным прызнанні гасцей, пачатак літаратурнай вандроўкі “Шляхамі паэтаў”, дзякуючы, у першую чаргу, грунтоўнай падрыхтоўцы да акцыі мядзяльчан, атрымаўся цудоўным. Застаецца спадзявацца, што і ў іншых рэгіёнах сталічнай вобласці яна пройдзе на такім жа высокім узроўні.

Павел ЖУКАЎ.

На здымках: 1. (Злева направа) галоўны рэдактар газеты “Мінская праўда” Мікалай Літвінаў, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Звязда” Анатоль Сланеўскі, адказны сакратар часопіса “Маладосць” Рагнед Малахоўскі; 2. Выступае намеснік старшыні райвыканкама І. І. Барыева; 3. Удзельнікі “круглага стала”; 5. Мікалай Літвінаў і Анатоль Сланеўскі ўскладаюць кветкі да ма­гілы Максіма Танка; 4. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі з вучнямі Сваткаўскай СШ імя Максіма Танка.

Фота Таццяны Несцярэнка.



22 красавiка 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе лебедзі на Мястры 1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела