Вынiкi поспеху – сумесныя

p2220157

Настаўнік абслугоўваючай працы  ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 – Алена Мікалаеўна Бажэлка. А прыехала яна сюды на работу ў 1985 годзе пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Спецыяльнасць па дыплому ў дзяўчыны была даволі рэдкая – агульнатэхнічныя дысцыпліны з дадатковай спецыяльнасцю “Фі­зіка і чарчэнне”.А так як на той час у навучальнай установе не было іншых свабодных вакансій, акрамя настаўніка працоўнага навучання, Алене Мікалаеўне прапанавалі яе. Напачатку некалькі год займалася
з хлоп­чыкамі. А па­сля пера­ква­ліфікавала­ся на работу з дзяўчынкамі. Каб заняткі праходзілі ці­кава і павучальна, даабсталявала майстэрню неабходным ін­вентаром, што дазваляе будучым гаспадыням асвойваць першыя навыкі машыннага шыцця, вязання, вышыўкі, дызайна кватэры, дома. Найбольш жа падабаюцца дзяўчынкам заняткі па кулінарыі, дзе яны вучацца гатаваць розныя стравы, пачынаючы ад бутэрбродаў у сярэднім звяне і заканчваючы выпечкай здобных вырабаў у старэйшых класах.

Як прызналася педагог, ёй вель­мі падабаецца творчая работа, дзе адразу бачны канчатковы вынік. Сапраўды, далёка не кожная сённяшняя школьніца можа стаць швачкай, закройшчыцай, поварам, але атрыманыя на ўроках працоўнага навучання навыкі, бясспрэчна, спатрэбяцца ў самастойным дарослым жыцці, і ўспомняць яны пра гэта праз гады з удзячнасцю.

Акрамя ўрокаў, з задавальненнем вядзе Алена Мікалаеўна гурток “Умелыя ручкі”, факультатывы, дадатковыя заняткі. Асабліва шмат увагі ўдзяляе дзяўчынкам, якія ўсё схопліваюць, як кажуць, на ляту.  Пяць гадоў запар яе вучаніцы паказваюць даволі нядрэнныя вынікі на алімпіядах. У 2008 годзе ўдзельніцай 3-га этапа рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні стала Юлія Старасельцава з вышыўкай “Камп­лект для кухні “Васілёк”. Таленавітай вучаніцай з’яўляецца і Валерыя Сульжыцкая. У 2009 го­дзе дзяўчына стала пераможцай 3-га этапа рэспубліканскай алім­піяды па працоўным навучанні, дзе ёй уручылі дыплом II ступені, а таксама пахвальны водгук Мі­ністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па працоўным навучанні. Наступныя два гады запар Валерыя зноў атрымлівала дыпломы толькі ўжо III ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. У гэтых поспехах дзяўчыны вялікая заслуга, вядома, і яе таленавітага, неабыякавага педагога.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: настаўнік абслугоў­ваючай працы А. М. Бажэлка са сваёй вучаніцай Валерыяй Сульжыцкай.

Фота Таццяны Несцярэнка.



27 лютага 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  Царква ў Крывічах Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела