Лыжнае свята на беразе Мястра

1

У Мядзеле ў мінулую суботу на беразе возера Мястра  прайшло зімовае спартыўнае свята “Беларуская лыжня-2012″. Бярэ яно адлік ад 2004 года. І заўжды, ня­гледзячы на стан надвор’я, праходзіць ва ўзнёслай  атмасферы, калі толькі ад аднаго відовішча набіраешся імпэту, бадзёрасці. Так было і на гэты раз.

Прыехалі сёлета 18 каманд, якія прадстаўлялі арганізацыі, пассельвыканкамы і ўстановы адукацыі Мядзельшчыны. Розная была ў іх падрыхтоўка, але аб’ядноўвала жаданне пераадолець сябе, дабрацца як мага хутчэй да фінішнай рысы. Тым больш, калі ты яшчэ і ў складзе каманды!

І вось вядучая Ганна Казакевіч распачынае праграму:

- Мы рады вітаць удзельнікаў зімовага спартыўнага свята “Беларуская лыжня-2012″, а таксама гасцей  спаборніцтваў, гледачоў! У здаровым целе – здаровы дух. Здаровым быць модна. Ад першай перамогі над сабой – да вышынь спорту! Гэтыя лозунгі сталі галоўнымі ў многіх арганізацыях і ўстановах нашага горада і раёна. Здаровы лад жыцця заваёўвае ўсё больш і больш пры­хільнікаў.

Да мікрафона падыходзіць намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта І. І. Барыева.

- Так і хочацца пачаць вядомымі радкамі “Мароз і сонца, дзень цудоўны!” – дасціпна і вобразна звярнулася да пры­сутных Іна Іванаўна. – І Мя­дзел наш не дрэмле, сабраўся на лыжню. Што, безумоўна, вель­мі здорава. У Рэспубліцы Беларусь аказваецца шырокая падтрымка развіццю масавага спор­ту і, канечне, вітаюцца такія вось святы, як сёння. Думаю, што прый­­шлі сюды менавіта тыя, хто па-сапраўднаму клапоціцца пра сваё здароўе. У добры шлях, аматары лыжаў, поспеху вам!

Затым слова бярэ галоўны суддзя спаборніцтваў, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму А. І. Крыштафовіч. Ён аб’яўляе, у якім парадку будуць стартаваць каманды. Першымі на трасу працягласцю ў кіламетр вый­шлі навучэнцы СДЮШАР, пасля – каманды (у кожнай па тры чалавекі) арганізацый райцэнтра, пассельвыканкамаў, устаноў адукацыі і СДЮШАР.

Пакуль рыхтаваліся да забегу юныя лыжнікі, узяў кароткае ін­тэрв’ю ў члена лыжнай дружыны Крывіцкага сельвыканкама вядучага спецыяліста землеўпарад­кавальнай службы  Я. А. Хлуса.3

- Мы, можна сказаць, прыехалі ў поў­ным складзе, разам са старшынёй Наталляй Васільеўнай Бялоўскай.  Настрой ва ўсіх баявы. Я 1958 года нараджэння, з дзяцінства захапляюся лыжамі. Але на такое свята  разам з камандай патрапіў упершыню. Так што, ёсць настрой  прабегчы, ды і надвор’е проста клас! А яшчэ на старт выйдуць упраўляючая справамі Вольга Касцевіч і галоўны бухгалтар Анастасія Дзяконская.

Забягаючы наперад, скажу, што крывічане ў прызёры не патрапілі. Ды толь­кі гэта акалічнасць на іх настроі ніяк не адбілася. Набраліся станоўчых эмоцый не менш як на тыдзень. Вось толькі мышцы баляць з непрывычкі. Ды гэта не бяда!

На гадзінніку палова дванаццатай. Даецца старт для выхаванцаў СДЮШАР. У забегу сярод хлопцаў бачу і дзвюх дзяўчынак – Ві­ту Івашкову і Алену Карпей. За лічаныя секунды Віта адарвалася ад сваіх сапернікаў і фінішавала са значным адрывам. Сярод юных лыжнікаў вызначыліся таксама ў гэты дзень Аляксандр Скіпр, Сяргей Цімановіч, Дзмітрый Васілевіч, Ігар Трэнькоў, Уладзіслаў Аўдыцкі, Вадзім Садоўскі, Ксенія Жукоў­21ская, Анастасія Хацяновіч, Наталля Якаўлева і Алена Карпей.

І далей, зразумела, на трасе ішла напружаная барацьба, многія дарослыя  ўдзельнікі паказалі някепскую фі­зіч­ную падрыхтоўку. Сярод арганізацый горада (група “А”) найлепшы вынік паказала каманда РАНС, другое месца ў ПМС і трэцяе – у РВУП “Мядзель­ская ЖКГ”. У спрэчцы  пассельвыканкамаў (група “В”) перамагла каманда з Кня­гініна, свіране сталі другімі і нарачанцы – трэцімі. Сярод устаноў адукацыі (група “С”) заканамерна перамагла, пацвердзіўшы свой спартыўны статут, каманда СДЮШАР. Лыж­нікі Мядзель­скай СШ №1 занялі другое месца і гімназіі-інтэрната – трэцяе.

На закрыцці спаборніцтваў І. І. Барыева заклікала, каб пры­хільнікі актыўнага ладу жыцця Мядзельшчыны займаліся фіз­культурай і спортам штодзённа і ў наступным годзе выступілі яшчэ лепш.4

- А галоўнае, заставацца здаровымі і целам, і духам! Да новых сустрэч на спартыўных пляцоўках! – пажадала на развітанне Іна Іванаўна.

Аляксандр БЫКАЎ.

Фота Таццяны Несцярэнка.



01 лютага 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Царква ў Крывічах возера Глубелька Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела