Вялiкi звон свiрскага касцёла

d0bad0b0d181d186d0b5d0bbd18cd0bdd18b-d0b7d0b2d0bed0bd1На касцельным дварэ ў Свіры ўвагу прыцягвае вялікі звон, які стаіць на зямлі. У 1982 годзе пры пераабсталяванні касцёла ў заводскі цэх ён атрымаў пашко­джанні, захоўваўся ў Смаргон­скім гісторыка-краязнаўчым му­зеі. Памеры звона: вышыня – 104 санты­метры; акружнасць па верхнім поясе – 216 см; па ніжнім – 412 см; вага – 900 кг. Адліў яго Амброзі Ян Паттун у 1701 годзе. Дарэчы, гэ­ты майстар у 1710 годзе ў Міры са шведскіх гармат адліў звон вагой каля 4800 кг, адзін з найбуйнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім.

Вось як апісвае свірскі звон Ірына Зварыка: “У верхняй і ніжняй частках упрыгожаны пласціністымі паясамі з раслінным арнаментам і галоўкамі анёлаў. Уверсе па ко­ле кірылічны надпіс на царкоўнаславянскай мове (фрагмент праваслаўнай малітвы да Багародзіцы “Достойно есть”): “честнейшую херувим и славнейшую воистинну серафим безистления бга слова рождшую сущую бгцу тя величаем” (“Пачэснейшую за херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за серафімаў, што непарушнаю нарадзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, цябе велічаем” (пераклад на беларускую мову протаіерэя Сергія Гардуна). Унізе лацінскі надпіс “FUDIT ME AMBROSIUS IOANNES PATTUN*A*D*1701″ (Адліў мяне Амброзі Ян Паттун. Г[оду] П[анскага] 1701).

Цэнтральную частку звана аздабляюць выявы абраза Маці Божай Жыровіцкай. Пад ім герб “Стрэмя” са знакамі духоўнай асобы, аточаны лацінскімі іні­цыяламі ў звязцы 3-2-2: CCB; DG; EV; (Constantinus Casimirus Brostovski Dei Gratia Eppiscopus Vilnensis – Канстанцін Казімір Брастоўскі Божай ласкай біскуп віленскі). Далей па колу злева направа ўкрыжаваны Езус у атачэнні херувімаў; пад крыжам
постаць св. Панны Марыі ў цэлы рост, аточаная промнямі і херу­вімамі”.

Вось што расказаў пра свірскія званы Дзмітрый Ганчар:

“У 1982 годзе Смаргонскаму заводу аптычнага станкабудавання быў перададзены будынак Свірскага касцёла пад размяшчэнне заводскага цэха. Касцёл у гэты час выкарыстоўваўся пад склад. Аднойчы я прыехаў па службовай справе ў Свір да начальніка цэха, які займаўся пераабсталяваннем будынка храма. На тэрыторыі касцёла, пры ўваходзе з правага боку, ляжаў вялікі звон, вышчарблены, з адбітым кавалкам. Я ўбачыў на ім надпісы, але прачытаць не змог. Было бачна, што звон адліты высокакваліфікаваным спецыялістам са складанага сплаву металаў. Выгляд у звана быў як у пе­раможанага багатыра, які горда ляжаў і крычаў нячутным голасам: “Людзі, спыніцеся!
Дапамажыце!”. Уражаны ўба­чаным, я ўголас прамовіў:
“Які прыгажун! Якая каштоўнасць!”.

У мяне ўзнікла думка, што звон абавязкова патрэбна захаваць для гісторыі… Я ведаў, што ў Смаргоні ў былым касцёле працуе музей, і вырашыў, што месца звона менавіта там. Рабочыя паказалі яшчэ два меншыя званы. Языка вялікага звона я не бачыў, а можа, проста не памятаю. Рабочыя мне паведамілі, што прыяз­джалі людзі з Літвы, выказвалі жаданне забраць званы, распытвалі, з кім патрэбна весці перамовы па гэтым пытанні. Я папярэдзіў начальніка цэха, што захаванасць званоў даручаю пад яго асабістую адказнасць. У гэты ж дзень завітаў да дырэктара завода Аляксандра Іванавіча Гаева за транспартам, каб перавезці званы ў Смаргонскі музей. На наступны дзень прыбыла машына з аўта­кранам. Пярэчанняў з боку ўладаў Свірскага гарсавета не было. Званы перадалі пад распіску загадчыцы Смаргонскага музея Марыі Леанідаўне Мойсевіч. Два меншыя званы размясцілі ў памяшканні музея, а вялікі пакінулі на дварэ ля ўваходу”.

У 1990-ым годзе званы вярнуліся ў касцёл. І зараз, як пісаў паэт У. Сцяпан:

“Звіняць над зямлёю,

Каб людзі пачулі

Пра тыя стагоддзі,

Якія мінулі”.

І. Драўніцкі.

в. Камарова.



10 Студзень 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-170 Рэчка Нарачанка        Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела