Сардэчна запрашае «Беларуская хата»

dsc08841НАПЯРЭДАДНІ Новага года ў Мядзеле гасцінна расчыніла дзверы кафэ «Беларуская хата-2». З гэтай народы сюды завіталі намеснікі старшынь аблспажыўсаюза Валянцін Мар’янавіч Ціхановіч і райвыканкама Леанід Сцяпанавіч Берняковіч. Яны перарэзалі чырвоную стужку, агледзелі залы, магазін. Варта сказаць, што такая ўстанова для Мядзела вельмі патрэбная. Тут можна правесці тое або іншае карпаратыўнае мерапрыемства, вяселле, адзначыць дзень нараджэння і г. д. Ды і так ёсць куды завітаць з сябрамі, выпіць па кубку кавы ці гарбаты. Зачароўвае мэбля, якая нагадвае даўнейшую. Замест сучасных крэслаў тут стаяць драўляныя лавы. Посуд таксама гліняны. Складваецца ўражанне, што трапляеш на стагоддзі назад. Як удалося стварыць такую прыгажосць? У каго з’явілася ідэя даць, як кажуць,  другое жыццё будынку, у якім калісьці размяшчалася кафэ «Сустрэча»? Пра гэта і пойдзе размова з дырэктарам філіяла «База адпачынку «Нарач» І. І. ЕРМАКОВІЧ.

- Ірына Іосіфаўна, давайце спачатку высветлім, каму належыць гэта кафэ.

- Кафэ знаходзіцца ў падпарадкаванні філіяла «База адпачынку «Нарач» Мінскага аблспажыўсаюза.

- З чаго ўсё пачалося?

- Год таму пабудавала першую «Беларускую хату» ў курортным пасёлку Нарач. Там ёсць чатыры залы, якія таксама стылізаваны ў беларускім каларыце і нагадваюць вясковы ма­тыў. У залах знаходзіцца шмат вырабаў беларускіх майстроў, самабытныя рэчы, якія за­хоўваліся ў жыхароў раёна. Мы ездзілі па вёсках, звярта­ліся да людзей і набывалі даўнейшыя рэчы і прылады працы (збанкі, гаршчкі, кросны, калаўроты, вышыванкі). У Мядзеле таксама плануем упрыгожыць залы падобным чынам. Таму будзем вель­мі ўдзячны ўсім, хто падаруе нам нейкія даўнейшыя вырабы.dsc08835

Я вельмі люблю свой родны край. Нарадзілася і вырасла ў невялічкай вёсачцы Кусеўшчына. Мама і зараз там жыве. На Мядзельшчыне жыве мой брат. Дзе б я ні была, дзе б ні працавала, ніколі не забывала нашу сі­нявокую Мядзельшчыну. І калі вярнулася на радзіму і стала дырэктарам філіяла «База адпачынку «Нарач», то ўзнікла ідэя пабудаваць нешта такое прыгожае, душэўнае, простае. Каб тут людзі адчувалі сябе ўтульна, каб маглі палюбавацца рознымі самабытнымі рэчамі, з’есці смачныя нацыянальныя беларускія стравы: дранікі, мачанкі з блі­намі, калдуны, верашчакі. Пасля таго, як пабудавала ў курортным пасёлку «Беларускую хату», з’явілася думка зрабіць штосьці падобнае ў Мядзеле.

- Але, напэўна, ажыццявіць вашу задуму было не проста.

- Безумоўна. Параіўшыся са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Іванавічам Даніленкам,
з кіраўнікамі аблспажыўсаюза, прышлі да высновы, што будынак былога кафэ «Сустрэча» неабходна перадаць на баланс філіяла, а затым правесці
яго рэканструкцыю. Сама прыдумала ўнутраны дызайн. У маёй бабулі была вясковая хата, у якой столь з бэлькамі. І гэта мне запала ў сэрца. Таму ў памяшканні выкінулі столь, але бэлькі пакінулі. Я сябрую з пастаўскімі і івянецкімі ганчарамі. Дык вось, івянецкія майстры зра­­білі цікавыя выра­-
бы з гліны (гаршчкі, збан­кі, бутэлькі з крывымі рыльцамі, пад­свеч­ні­кі), якія мы паставілі на гэтыя бэлькі. На dsc08833канчатковым этапе вытворчасці майстры націраюць свае вы­рабы воскам, таму ў памяшканнях стаіць мядовы водар.

- Ірына Іосіфаўна, адной усё гэта зрабіць было б немагчыма. Хто вам дапамагаў?

- Вельмі ўдзячна Аляксандру Іванавічу Даніленку. Ён падтрымліваў маральна, дапамагаў у вырашэнні многіх арганізацыйных пытанняў. Не проста было адрамантаваць інжынерныя сеткі (водазабеспячэнне, каналізацыю), але ўсё вырашылася. Адчувальную дапамогу аказваў і дырэктар ПМС Анатолій Мар’янавіч Вайнілка. Ён заўсёды выдзяляў транспарт для дастаўкі будматэрыялаў, абсталявання. Вялікі аб’ём работы ўзяў на сябе калектыў «ДЭУ-66», які ўзначальвае Уладзімір Львовіч Перагуд. Шчыры дзякуй за разуменне і дапамогу ў вырашэнні многіх пытанняў адрасую начальніку раёна электрычных сетак Іо­сі­фу Сцяпанавічу Варановічу, дырэктару жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміру Васільевічу Валасевічу, на­чаль­ніку райаддзела па надзвычайных сі­туацыях Андрэю Анатольевічу Каркоцкаму. Не ма­гу не адзначыць брата Віктара Іосіфавіча Чабатара. У яго самога клопатаў хоць адбаўляй. Але Віктар знаходзіў час, каб пад’­ехаць і штосьці параіць, дапамагчы, падтрымаць маральна і нават матэрыяльна. Удзячна і дырэктару райпалівазабеспячэння Анатолію Іванавічу Шаранговічу, які аператыўна вырашыў пытанне з дастаўкай дроў. Магчыма кагосьці не назвала, няхай яны прабачаць мне за гэта. Я шчыра дзякую ўсім, хто падтрымліваў і дапамагаў добрай парадай, канкрэтнай справай.

Тут працавалі будаўнікі з Мала­дзечна, Вілейкі, майстры па дрэве з Варапаева. Людзі старалі­ся. Калі спецыялісты выконвалі сваю работу, то ўборка, навядзенне парадку ляглі на плечы калектыву. Завіхаліся бармэны, прадаўцы, афіцыянты. Асабліва адзначу бармэна Аляксандра Рачэўскага, які два месяцы адпрацаваў на будоўлі, электрыка, майстра на ўсе рукі Аляксандра Мікалайчука. Вельмі многае зрабіла па стылізацыі, навядзенні парадку прадавец Таццяна Надумо­віч. На будоўлі стараннем і руплівасцю вызначаўся Канстанцін Ждан. Зараз ён займае пасаду афіцыянта.

- Ці вялікі калектыў тут працуе?

- Усяго плануецца прыняць на работу да 40 чалавек. Пакуль заняты толькі 30. Ёсць вакансіі тэхнолага, загадчыка вытворчасці, афіцыянтаў і па некаторых іншых спецыяльнасцях.

- Які рэжым работы?dsc08829

- Аб’ект працуе кругласутачна. Сказала аб’ект таму, што тут ёсць прадуктовая крама, ка­фэ-бар з дзвюма заламі. У студзені плануем адкрыць прыдарожнае мі­ні-кафэ «Хуткая лаўка».

- Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучае.

- За зіму плануем зрабіць прыгожую агароджу ў беларускім сты­лі, якой абнясём усю тэрыторыю. Ёсць намер вясной пабудаваць вялікую альтанку, паставіць лаўкі. Нешта накшталт міні-рынка. Людзі змогуць тут гандляваць ягадамі і іншымі дарамі лесу, а таксама садавінай і гароднінай з асабістых гаспадарак. На будучыню думаем запрашаць сюды майстроў, рамеснікаў (ганчароў, кавалёў і іншых) і праводзіць святы тыпу «Кола дзён» у Камарове, самадзейных артыстаў і, у першую чаргу, тутэйшых, мядзельскіх.

Я вельмі рада, што пабудавала гэта кафэ. Але разам з тым душу агортвае і нейкі сум. Асноўныя работы выкананы. Застаецца, як кажуць, толькі дашліфаваць, можа штосьці змяніць у лепшы бок. І, тым не менш, «Беларуская хата» пачала працаваць. Сюды заходзяць не толькі мясцовыя людзі, але і мінакі. Першыя дні гандлю паказалі, што гэта кропка бу­дзе карыстацца попытам.

- На колькі пасадачных месцаў разлічана кафэ?

- У кожнай зале па 36 пасадачных месцаў. Такім чынам, мы лёгка можам арганізаваць карпаратыўную вечарыну на 60-70 чалавек.

- Ці ёсць заяўкі?

- Так, і іх шмат. Практычна штодзень у навагоднія святы праходзяць банкеты. Людзі адзначаюць дні нараджэння, юбілеі. Ёсць заяўка правесці тут вяселле.

- Але для гэтага патрэбны адпаведныя спецыялісты. Я маю на ўвазе повары, афіцыянты…

- У нас падабраўся добры калектыў повараў, афіцыянтаў, кухонных работнікаў. Многія з іх прайшлі адпаведнае навучанне ў кафэ «Беларуская хата» ў ку­рорт­ным пасёлку Нарач. У магазіне таксама – дружны і зла­джаны калектыў прадаўцоў.

- Якія ў вас ўзаемаадносіны з кіраўніцтвам райПО?

- Самыя цёплыя. Старшыня райПО Аксана Мікалаеўна Грузд шмат мне дапамагала і падтрымлівала. Я вельмі ёй удзячна. На­ша галоўная задача – быць на службе людзей. Ра­біць усё магчымае, каб Мядзельшчына квіт­нела і развівалася.

- Дзякую за цікавую размову і поспехаў вам.

- Калі ласка. Вельмі хочацца, каб усё, што зроблена, захавалася на доўгія гады, каб людзі, асабліва моладзь, беражліва адносіліся да створанай прыгажосці, да мэблі і абсталявання, любілі наш родны край так, як люблю яго я.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота аўтара.



05 Студзень 2012.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гандаль, Эканоміка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 1-12 img_4257 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела