Фізкультура і спорт: задачы на перспектыву

pc210008Выязная калегія ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама адбылася на базе раёна. У ёй прынялі ўдзел начальнікі адпаведных аддзелаў вобласці, дырэктары вучылішчаў алімпійскага рэзерву Міншчыны.Пасля традыцыйнай сустрэчы хлебам-соллю прадстаўнічая дэлегацыя накіравалася па вызначаным маршруце. Адразу – у Нацыянальны дзіцячы адукацыйнааздараўленчы цэнтр “Зубраня”. На шляху да гэтай установы ў якасці гіда выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў А. А. Бароўка, які цікава і змястоўна расказаў гасцям пра сацыяльна-эканаміч­нае развіццё раёна, яго гісторыю. А затым адбылася запамінальная экскурсія ў НДЦ “Зубраня” з дапамогай дырэктара
Н. Г. Ануфрыевай. Пазнаёміліся са спартыўнай базай установы, сістэмай работы з дзецьмі. У прыватнасці, пабывалі ў спартыўнай зале (адной з лепшых у раёне), дзе сустрэліся са спецыялістамі адпаведнага профілю, не абмінулі і басейн, наведалі таксама вучэбна-экскурсійны цэнтр старажытнай бытавой культуры “Хутар Неслуч”, пабудаваны за ўласныя сродкі. На­дзея Генадзьеўна прывяла характэрныя лічбы, якія адлюстроўваюць работу калектыву, у тым ліку і па такім важным паказчыку, як платныя паслугі. Іх тут 25 відаў, і за сёлетні год аказаны на суму 7,5 міль­ярда рублёў. Важную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрываюць аддзел фізкультурна-аздараўленчай работы (аднаго толькі спартыўнага абсталявання набыта на 37 мільёнаў рублёў!), а таксама турысцка-экс­кур­сійны, які рэалізуе шэраг цікавых інтэрактыўных экскурсій, тэматычных праграм.

Наведала дэлегацыя на сваім шляху і аграсядзібу “Панскі маёнтак” у вёсцы Нарач. Вельмі спадабалася ўпрыгожаная тэрыторыя і, канешне, памяшканне, аформленае ў традыцыйным народным стылі. Дадаў каларыту і мастацкі калектыў Старамядзельскага Дому вольнага часу, які выступіў перад гасцямі. На прыкладзе “Панскага маёнтка” спартыўныя функцыянеры ўбачылі, якім чынам ідзе развіццё агратурызму ў нашым раёне. Дарэчы, на Мядзельшчыне створана ўжо 53 сядзібы аналагічнага тыпу.

На зваротным шляху завіталі ў ФАК, які не так даўно расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў, пабывалі на аглядавай пляцоўцы, што знаходзіцца ў раёне Кальварыі.

Затым у зале райвыканкама адбылося пасяджэнне калегіі, якое вёў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама
П. А. Івашка. Напачатку перад прысутнымі выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў А. А. Бароўка. Ён зрабіў акцэнт на такой тэме, як аказанне турыстычных экскурсійных паслуг, у тым ліку экспартных, што прадугледжана Дзяржаўнай праграмай развіцця Нарачанскага рэгіёну.

- Першачарговай задачай тут з’яўляецца, – сказаў Алег Алегавіч, – стварэнне сучасных аб’ектаў турыстычнай  індуст­рыі: баз адпачынку, гасцініц, аздараўленчых комплексаў, дамоў паляўнічага і рыбалова. І ў гэтым накірунку мэтанакіравана рухаемся наперад. Так, за 2006-2010 га­­ды аб’ём экспарту паслуг вырас у 42,5 ра­­за. Запатрабаваны агратурызм, развіццю якога надаецца належнае значэнне.

Непасрэдна пра перспектывы развіцця фізкультурна-спартыўнай работы ў раёне расказаў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама А. І. Крыштафовіч. На гэтым шляху ёсць здабыткі, але хапае і праблем. Аб чым і пайшла далей  прынцыповая, строгая размова. У прыватнасці, шмат пытанняў узнікае ў сувязі са здачай у эксплуатацыю новага ФАКа, які неабходна цяпер максімальна загрузіць, каб мець добрую аддачу. Недастатковы яшчэ ахоп насельніцтва фіз­культурна-масавай работай, большай эфектыўнасці чакаюць ад мясцовай СДЮШАР, неабходна актывізавацца і ў напрамку аказання  турыстычных паслуг. Дарэчы, аналагічныя недапрацоўкі існуюць і ў шэрагу іншых раёнаў, што сведчыць пра актуальнасць узнятых праблем.

Менавіта на такія аспекты звярнуў увагу прысутных П. А. Івашка. А начальнік упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь П. П. Няпрахін нагадаў пра дадатковую адказнасць работнікаў гэтай сферы за вынікі работы ў алімпійскім 2012 годзе, заклікаў асобных функцыянераў да больш актыўных і мэтаабгрунтаваных дзеянняў па вырашэнні пастаўленых задач.

На калегіі былі абмеркаваны і іншыя пытанні, якія тычыліся, у прыватнасці, перспектывы ўводу новых спартыўных аб’ектаў на тэрыторыі Міншчыны, арганізацыі фізкультурна-спартыўнай работы на месцах ва ўмовах цяперашняй эканамічнай сітуацыі. Былі агучаны таксама графік і тэматыка выязных калегій на наступны год.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: група ўдзельнікаў калегіі на тэрыторыі вучэбна-экскурсійнага цэнтра старажытнай бытавой культуры “Хутар Неслуч”.

Фота аўтара.



26 снежня 2011.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах лебедзі на Мястры 223_ dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела