Шляхам плённым, прагрэсіўным

s000114_468109

ЯК ТРАПНА заўважыў наш знакаміты зямляк Максім Танк, у кожнага чалавека “цепліцца ў сэрцы дзіўная і жыццядзейная любоў да свайго краю, да сваіх родных мясцін”. Тым больш, да цудоўнай азёрнай Мядзельшчыны, якая адзначае слаўнае 70-годдзе з дня ўтварэння раёна. Ён здабыў шырокую вядомасць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі найперш дзякуючы курортным мясцінам, здраў­ніцам, буйнейшаму ў Беларусі возеру Нарач. І не толькі гэтаму. Ні­колькі не менш прывабны край славіцца гасціннымі, працавітымі людзьмі. Яны і на бедных землях навучыліся вырошчваць важкія ўраджаі, забяспечваць высокую прадуктыўнасць грамадскага статка. Памятаецца, роўна дзесяць год таму лічылася вялікім дасягненнем, што сямі аператарам гаспадарак удалося перавысіць па надоі малака ад каровы трохтысячны рубеж. А цяпер не рэдкасць, калі гэты паказчык рупныя даяркі, такія як Аксана Пятроўна Швайкоўская з сельска­гаспадарчага кааператыва “Сваткі”, з добрым лішкам падвойваюць! Ды і на хлебнай ніве справы ладзяцца. Па выніках мінулага года на адзін бала-гектар змаглі атрымаць 132 кілаграмы збожжа – больш за ўсіх на Міншчыне, таму і выпаў нашаму раёну гонар прадстаўляць ста­лічную вобласць на рэспубліканскіх “Дажынках-2009″.

Канешне, за кожным такім поспехам – напружаная праца мно­гіх людзей. Асабліва, калі крышачку ўспомніць, а з чаго ж пачынаўся наш раён? Пры яго стварэнні ў 1940 годзе ў Мядзеле налічвалася ўсяго 215 дамоў, 1290 жыхароў. Працавалі два млыны, дзве пачатковыя школы, клуб на паўтары сотні месцаў, бальніца на 15 ложкаў і паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Сярод сялянскіх гаспадарак, у якіх у асноўным вырошчвалі жыта, авёс, ячмень, бульбу і лён, значная доля прыпадала на хутарскія – пад дзве тысячы. Няшмат чым адрозніваўся і тагачасны Крывіцкі раён. Хіба тым, што на яго тэрыторыі было амаль у тры разы больш панскіх маёнткаў – шэсцьдзесят пяць, а яшчэ – лесапільны, смалакурны і два вінакурныя заводы, ды ў Даўгінава мелася электрастанцыя магутнасцю 21 кВт. У сэнсе прамысловасці на гэтым фоне выгадна вылучаўся Свірскі раён, дзе налічваліся чатыры дзесяткі самых розных прадпрыемстваў. У іх ліку шэсць цагляных, па два – лесапільныя, маслабойныя, скураныя і тры воцатныя заводы, чатыры электрастанцыі… Гэтыя два раёны ўзгадваю зусім невыпадкова: міне пэўны час і яны ўвойдуць у склад Мядзельшчыны. Спачатку, у апошні дзень жніўня 1959 года – частка Свірскага, а 25 снежня 1962 года – і большасць Крывіцкага.

З моманту стварэння раёна жыццё мясцовага люду пачало мяняцца да лепшага. Паўсюдна адкрываліся школы, бальніцы, хаты-чытальні, арцелі па шыцці адзення і абутку, развівалася спажывецкая кааперацыя. Новыя павевы не міналі і вёску. У Гулях арганізавалі калгас “17 верас­ня”, у Пузырах – “Бальшавік”, у Старынках – імя Варашылава… Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага сучаснага раёна працавала ўжо 25 калектыўных гаспадарак. У Будславе, Крывічах, Старым Мядзеле і Камарове стварылі МТС. Апрача таго, у Камарове, у былым графскім маёнтку, адкрылася вучылішча механізацыі, курсантамі якога стала больш сотні сялянскіх хлопцаў.

На вялікі жаль, мірную стваральную працу людзей бязлітасна перапыніла вайна. Ужо 28 чэрвеня 1941 года раён акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Народ не скарыўся ворагу, які забіваў людзей і паліў вёскі, многіх вывозіў на нявольніцкую працу ў Германію. На тэрыторыі Мядзельшчыны дзейнічала пяць партызанскіх брыгад, у радах якіх ваявалі Пётр Міронавіч Машэраў, Фёдар Рыгоравіч Маркаў, Алег Сяргеевіч Бычок, Ганна Іванаўна Маслоўская, Аляксандр Сямёнавіч Азончык. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з акупантамі, усе яны ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.

А 4 ліпеня 1944 года байцы 850-га стралковага палка і партызанскай брыгады імя Варашылава вызвалілі Мядзельшчыну ад фашысцкіх захопнікаў. Многія жыхары адразу пайшлі на фронт, а тыя, хто застаўся дома, пачалі аднаўляць разбураную вайной народную гаспадарку. Як пісала раённая газета “Савецкая вёска”, першы нумар якой выйшаў у свет 7 снежня 1944 года, метадам народнай будоўлі аднаўляліся школы, да пачатку 1946 года ўзвялі 816 жылых дамоў і 1852 часовыя збудаванні, у якія з зямлянак перасялілася 2677 сем’яў. І такі цікавы факт: у 1947 годзе на базе Ілаўскага вінзавода арганізавалі выпуск пячэння і пернікаў, ад­крылі вяндлярны і каўбасны цэхі.

Першы злёт калгаснікаў Мя­дзельшчыны адбыўся ў памяшканні раённага Дома культуры 27 лютага 1949 года. У яго рабоце прыняў удзел сакратар Маладзечанскага абкама партыі Іван Фролавіч Клімаў. З дакладам выступіў старшыня райвыканкама Якаў Калінавіч Будзько. Адзначалася, што ў раёне арганізавана 69 калгасаў.

З канца пяцідзесятых гадоў пачалася афіцыйная распрацоўка курорта “Нарач” з будаўніцтвам летніх домікаў для адпачываючых работнікаў выдавецтва “Звязда”. У 1963 годзе адкрыўся санаторый “Нарач”, а ў наступным – аднайменны дом-адпачынку. Яны і паклалі пачатак разгалінаванай на сённяшні дзень сетцы здраў­ніц на ўзбярэжжы беларускай жамчужыны. Цяпер 12 нашых здраўніц могуць адначасова прыняць да 6 тысяч адпачываючых. Тут пастаянна паляпшаецца якасць паслуг, ствараюцца камфортныя ўмовы для аздараўлення. Большасць супрацоўнікаў санаторыяў і сусветнавядомага Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” – гэта высока­кваліфікаваныя спецыялісты, з вялікім практычным вопытам работы. Развіваецца і агратурызм. Свае паслугі ў нас цяпер прапаноўваюць усім жадаючым 32 аграсядзібы.

Галоўным жа багаццем раёна заўсёды былі і застаюцца людзі, якія ўнеслі і ўносяць важкі ўклад у развіццё і росквіт азёрнага краю. Слаўная зямля Мядзельшчыны ўзгадавала цэлую плеяду вялікіх людзей, якія з’яўляюцца гонарам Беларусі. Гэта – народны паэт Максім Танк, народная артыстка Марыя Захарэвіч, мастак Васіль Шаранговіч, археолагі, кандыдаты гістарычных навук Яраслаў Звяруга і Міхаіл Чарняўскі, Героі Сацыялістычнай Працы Эдуард Вікенцьевіч Ціхі і Мікалай Андрэевіч Сухі…

Многае зрабілі для ўзнаўлення і развіцця вытворчасці былыя дырэктары УП “Ілаўскае” Тэрэза Іванаўна Януковіч, Нарацкага масласырзавода Павел Іосіфавіч Зубкевіч, якія амаль па два дзесяцігоддзі ўзначальвалі калектывы прадпрыемстваў. Іх умелае кіраўніцтва дазволіла заводам дасягнуць высокіх вытворчых паказчыкаў.

У 1940 годзе пачынаўся летапіс і раённага спажывецкага таварыства. Дзве сталовыя, ларок – такім сціплым быў старт. Зараз у сістэме райпо працуюць больш за 400 чалавек, гандлёвая сетка прадстаўлена 64 магазінамі, 12 прадпрыемствамі грамадскага харчавання. Спажывецкая кааперацыя па-ранейшаму займае найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме тавараабароту. Узнагародамі і Ганаровымі званнямі за значны ўклад у яе развіццё заахвочаны Васіліна Мацвееўна Мехавіч, Любоў Міхайлаўна Амельяновіч, Міхаіл Гершэнавіч Гардон, Святлана Генадзьеўна Гладунчык і многія іншыя.

Званне “Заслужаны сувязіст БССР” мае Галіна Серафімаўна Лі­хач. Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны меха­нізатар СВК “Будслаўскі” Анатолій Сцяпанавіч Аксючыц, загадчыца паліклінікі раённай бальніцы Ірына Іосіфаўна Серада, дырэктар ПМС Анатолій Мар’янавіч Вайнілка, начальнік аддзела статыстыкі Святаслаў Рыгоравіч Літвіновіч.

Нямала сіл і здароўя аддалі ў мінулым развіццю азёрнага краю вопытныя і высокакваліфікаваныя кіраўнікі: начальнік раённых электрычных сетак Фама Іосіфа­віч Шапэчка, дырэктар лясгаса Ула­дзімір Ула­дзіміравіч Шошын, начальнік гаргазу Вік­тар Ігнацьевіч Герасімаў, начальнікі “ПМК-214″ Геронцій Вітальевіч Лысёнак, упраўлення капітальнага будаўніцтва Іван Іванавіч Палі­лейка, старшыні сельскіх і пасялковых Саветаў Мікалай Трафімавіч Гаўрыленка, Леанід Паўлавіч Кашавараў, Уладзімір Баляслававіч Шуман, Эвеліна Ві­кенць­еўна Аўрэйцавіч, Святаслаў Аляксандравіч Русак, намеснік старшыні райвыканкама Сямён Сямёнавіч Каралёнак.

Нельга ўявіць сабе аграпрамысловы комплекс раёна 70-90-х гадоў без дырэктара “Сельгастэхнікі” Рыгора Паўлавіча Якубовіча, які 28 год узначальваў калектыў прадпрыемства. За гэты час была створана трывалая вытворча-тэхнічная база. Рыгор Паўлавіч з’яўляўся таксама аўтарам шэрагу вынаходніцтваў і рацыяналізатарскіх прапаноў. Менавіта тут упершыню ў рэспубліцы пачалі пераабсталяванне аўтамабіляў з карбюратарнымі рухавікамі на дызельныя. Шмат добрых спраў і на рахунку іншых ветэранаў – былых старшынь райаб’яднання “Сельгасхімія” Аляксея Сяргеевіча Шалапугіна, калгасаў Уладзіміра Аляксандравіча Булыгі, Мар’яна Браніслававіча Вайнілкі, Віталія Паўлаві­ча Дзевялтоўскага, Георгія Антонавіча Гердзея, Баляслава Карлавіча Паўлоўскага, Леаніда Паўлавіча Ракецкага, Аляксандра Андрэевіча Шостака.

Высокія вытворчыя паказчыкі даярак саўгаса “Свір” Яніны Станіславаўны Глухоўскай і Зафіі Іванаўны Козел, механізатара калгаса імя Кірава Іосіфа Антонавіча Качарго адзначаны ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнай славы II і III ступеняў – вадзі­целя калгаса “1 Мая” Сцяфана Антонавіча Бурака і механізатара раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” Аляксандра Аляксандравіча Івашкі.

Захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва, павелічэнне працягласці жыцця людзей і іх творчай актыўнасці – задача, якая была і за­стаецца асноўнай для работнікаў нашай аховы здароўя. Асаблівых слоў удзячнасці за шчырую працу і па­стаяннае павышэнне якасці аказання медыцынскіх паслуг заслугоўваюць Іван Сямёнавіч Балашка, Аляксей Піліпавіч Аніська, заслужаны ўрач БССР Місак Гарегінавіч Эранасьян, галоўны ўрач санаторыя “Нарач” Леанард Эдвардавіч Шапэчка. Як і заслужаныя настаўнікі БССР Эльвіра Канстанцінаўна Дубаневіч, Тэрэза Эдуардаўна Лапаціна, Марыя Іванаўна Унучак, Вольга Іванаўна Семяновіч, Таццяна Іосіфаўна Дзе­дзюль, Рэгіна Эдуардаўна Юркевіч, былыя дырэктары Сваткаўскай сярэдняй школы Зоя Іванаўна Лубешка, Свірскай сярэдняй школы Валянцін Цімафеевіч Гарон, загадчык аддзела народнай адукацыі Іван Іванавіч Якімец. Гэта быў касцяк настаўніцтва, які забяспечваў высокі імідж сістэмы адукацыі ў раёне, падтрымліваў яе аўтарытэт на ўзроўні воблас­ці, рэспублікі. Для гэтых людзей прафесія настаўніка – прызванне!

Далёка за межамі раёна вядомы фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле”. Праводзіцца ён з 1952 года на беразе возера Нарач ля абеліска партызанам азёрнага краю. Нашым гонарам з’яўляюцца сем творчых калектываў, якія маюць ганаровае званне “народны” – Крывіцкі хор, фальклорны калектыў “Вузлянка”, ансамблі народнай песні “Радаўніца”, “Скарбніца”, эстраднай – “Правінцыя”, вакальны ансамбль “Натхненне”, клуб майстроў “Крывічы” і “ўзорны” – студыя бальнага і эстраднага танца “Тандэм”.

Багатая Мядзельшчына сваёй культурнай спадчынай. На тэрыторыі раёна размешчана 169 помнікаў архітэктуры, культуры і гісторыі. Вольны час жыхароў і гасцей арганізоўваюць 65 устаноў культуры, раённы музей Народнай славы і цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў. У клубных установах дзейнічаюць больш двухсот фар­міраванняў, пры бібліятэках – 30 аматарскіх аб’яднанняў. У 2006 годзе на беразе возера Мястра адкрыты летні амфітэатр, дзе праводзяцца розныя культурна-масавыя мерапрыемствы.

Летась у нас функцыянавала пяць прамысловых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. Яны далі прадукцыі на 17,9 мільярда рублёў, рост аб’ёмаў вытворчасці склаў 106,8 працэнта. Асабліва вядомая ў краіне і за мяжой прадукцыя УП “Ілаўскае” і Нарацкага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. У склад аграпрамысловага комплексу ўваходзіць дзевятнаццаць гаспадарак. Буйнейшыя з іх – птушкафабрыка “Новая зара”, кааператывы “Сваткі”, “Занарацкі”, “Свірскі край”, “Будслаўскі”, свінакомплекс “Брусы”. За апошнія пяць год адзінаццаць населеных пунктаў набылі статус аграгарадкоў. Важкім набыткам для Мя­дзель­шчыны ў мінулым годзе стала і ўзвя­дзенне ў СВК “Будслаўскі” сучаснага комплексу па вытворчасці малака. Даволі паспяхова таксама рэалізоў­ваюцца мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёс­кі, што дазваляе ў многім забяспечваць вырашэнне сацыяльных праблем яе жыхароў, паляпшаць умовы іх працы і быту. Апошнія гады жыллё ўзводзіцца хуткімі тэмпамі не толькі ў гаспадарках, але і райцэнтры, курортным пасёлку Нарач, 434 сям’і сустрэлі гэты год у новых кватэрах.

У летапісе раёна мноства самых розных адметных падзей. Адзначу некаль­кі з іх. У 1998 годзе Мядзел атрымаў статус горада, на наступны – Указам Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі створаны Нацыянальны парк “Нарачанскі”, у 2000 – каля вёскі Стахоўцы ўзве­дзена першая ў краіне ветраэнергетычная ўстаноўка. У лістапа­дзе 2002 года ў Мядзел прыйшоў прыродны газ, у 2004 – у райцэнтры адкрыла дзверы гімназія з інтэрнатам для дзяцей з іншых населеных пунктаў на 32 месцы, у 2005 – у Занарачы ўзве­дзены першы ў раё­не аграгарадок, у 2006 – Мядзель­шчына прымала IV Рэспубліканскі
экалагічны форум, у 2007 – у вёсцы Стар­лыгі адкрылася новая школа, а летась у вёсцы Вузла – аддзяленне кругласутачнага знаходжання адзінокіх
грамадзян старэчага ўзросту, інвалідаў, у Будславе ўступілі ў строй дзеючых новы Дом культуры і кафэ “Паўлінка”, у 2008 – паспяхова завершана выкананне грандыёзнай  Дзяржаўнай праграмы экалагічнага аздараўлення возера Нарач… За кожнай такой падзеяй – вырашэнне той альбо ін­шай праблемы, паляпшэнне якасці жыцця людзей, спраў на вытворчасці, станоўчыя зрухі ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Вядома, багатыя набыткі мінулых год мы будзем не толькі захоўваць, але і  прымнажаць, клапаціцца, каб наш край заўсёды заставаўся прывабным упрыгажэннем Беларусі. Вельмі многае ў гэтым напрамку плануецца зрабіць і ў 2010-ым, які Кіраўніком дзяржавы аб’яўлены Годам якасці. Зычу ўсім землякам моцнага зда­роўя, няхай у вашых дамах назаўсёды паселяцца спакой і дабрабыт, а шчасце і ўдача стануць нязменнымі спадарожнікамі. І, канешне, жадаю новых працоўных дасягненняў дзеля дабрабыту як сінявокай Мядзельшчыны, так і нашай сталічнай вобласці, Рэспублікі Беларусь. З юбілеем!

А. ДАНІЛЕНКА.

Старшыня раённага

выканаўчага камітэта.



18 Студзень 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-178 _06-040 на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела