Калі мара ажыццявілася

pb150010ШМАТ шчырых, адказных людзей працуюць на СК «Брусы» ААТ «Ві­лейскі камбікормавы завод». Сярод іх – Андрэй Пятровіч Балаховіч. Ён – вадзіцель. Хаця ў калектыве параўнальна нядаўна – трэці год, але гэтага часу рупліваму юнаку было дастаткова, каб сваім стараннем заваяваць павагу і аўтарытэт кіраўніцтва комплексу, калег.

Андрэй не любіць многа расказваць пра сябе.

- Працую, нічым асаблівым не вызначаюся, – кажа ён.

Затое іншыя работнікі комплексу гаварылі пра юнака толькі самае добрае. Маўляў,  адказны, дысцыплінаваны. Не было такога выпадку, каб ён падвёў, не паехаў у рэйс. Наадварот, яго машына заўсёды гатова да выхаду на лінію. Любіць тэхніку, па-гаспадарску яе эксплуатуе.

- Чаму ты выбраў прафесію вадзіцеля, за­стаўся дома, а не паехаў, як многія аднагодкі, у горад? – цікаўлюся ў Балаховіча.

- Не ведаю, так атрымалася, – сціпла адказаў ён.

Нарадзіўся і вырас Андрэй у вёсцы Вузла. Маці працуе на комплексе аператарам па дарошчванні свіней, бацька – вадзіцель. Таму ўжо ў дзяцінстве хлопец у марах бачыў ся­-
бе за рулём аўтамабіля. Хутка праляцелі школьныя гады. Пара выбіраць будучую прафесію. Андрэю вельмі хацелася стаць шафёрам. Вось і накіраваў дакументы ў Вілейскае ПТВ. З цікавасцю наведваў заняткі, на якіх выкладалі будову аўтамабіля, правілы дарожнага руху. Асабліва падабалася практычнае ва­джэнне. А калі вучоба, як кажуць, па душы, то і час хутка ляціць. І вось з пасведчаннем ва­дзіцеля на руках юнак звярнуўся да дырэктара комплексу, маўляў, хачу ў вас працаваць.

- Ведаем твайго бацьку. Руплівы, старанны, адказны. І ты з дзяцінства маеш цягу да тэхнікі. А маладыя рукі нам заўсёды патрэбны. Пішы заяву, дадзім табе машыну, – усміхнуўшыся, адказаў той.

Так Андрэй атрымаў «ГАЗ-53». Зразумела, аўтамабіль не новы. Але перш, чым паехаць у рэйс, юнак перагледзеў літаральна кожны вузел, падрамантаваў тэхніку.

- Лепш на месцы ў майстэрні пастаяць дзень-другі, чым рамантавацца ў дарозе, – зазначае Андрэй.

- Вы б бачылі, у якім стане ўтрымлівае аўтамабіль Балаховіч! Пра тое, што ён тэхніч­на спраўны, і размову весці не трэба. Акрамя таго, ён заўсёды чысты, у кабіне ўтульна. У многіх ва ўласных аўтамашынах няма такой чысціні і парадку. І да работы Андрэй адносіцца з вялікай адказнасцю. Летась у час жніва ўпершыню адвозіў хлеб ад камбайнаў. А сёлета зноў яму даручылі гэту справу. І юнак не падвёў. Ён імкнуўся рабіць усё магчымае, каб не дапусціць прастояў камбайнаў на хлебнай ніве. А вазілі збожжа з палеткаў адразу ў Вілейку. Адлегласць не блізкая. І тым не менш, па чатыры-пяць рэйсаў рабіў за дзень, – наперабой расказваюць работнікі бухгалтэрыі комплексу. – Зараз вельмі прыемна ўсведамляць, што менавіта наш Андрэй у раённым спаборніцтве маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа ад камбайнаў у першай групе аўтатранспартных сродкаў заняў  прызавое месца. Што тут казаць, малайчына! Гэту перамогу ён заслужыў сваімі штодзённымі стараннем і руплівасцю…

- Якія яшчэ грузы даводзіцца вазіць? – пытаюся ў А. П. Балаховіча.

- Ды самыя розныя. Работы заўсёды хапае. І за запчасткамі ездзіў, дастаўляў мінеральныя ўгнаенні і будаўнічыя матэрыялы, камбікорм і пілавінне… Хіба ўсё пералічыш?! – адказвае ён.

У кожнага чалавека ёсць занятак, якому ён аддае вольную хвіліну. Дык вось Андрэй вельмі любіць паблукаць па лесе ў пошуках грыбоў. Дадому ён заўсёды вяртаецца з поўным кошыкам дароў прыроды. А яшчэ ён захапляецца футболам. Калі выпадае такая магчымасць, абавязкова едзе ў сталіцу, каб паглядзець матч з удзелам любімай каманды. На жаль, часу для гэтага не заўсёды хапае. Шмат клопатаў на працы, а потым патрэбна па хатняй гаспадарцы дапамагчы бацькам.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: вадзіцель СК «Брусы» ААТ «Вілейскі камбікормавы завод» А. П. Балаховіч.

Фота Таццяны Несцярэнка.



22 лiстапада 2011.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        0-178 Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела