Што адбывалася ў гэтыя дні ў лютым 1943 года

318

Намеснік начальніка штаба асобага аддзела брыгады імя Кутузава Пётр Іванавіч Труфанаў успамінае ў кнізе «Людзі Нарачанскага краю»: «З лютага 1943 года нямецкі самалёт-разведчык паявіўся над размяшчэннем брыгады. З таго часу ён пастаянна вісеў над Чарэмшыцамі…»

***

…Праходзіць некаторы час, ізноў вораг кідае новыя сілы ў партызанскую зону. На гэты раз — 9 лютага 1943 года (па іншай крыніцы — 8 лютага). Ва ўспамінах Івана Фролавіча Клімава гэты выпадак засведчаны так: «Гітлераўцы ў белых масхалатах на падводах пад’ехалі да чарэмшыцкіх могілак. Партызан, які стаяў на пасту, бачна, прыняў іх за сваіх, за што разлічыўся жыццём. Карнікі без шуму ўвайшлі ў вёску, партызаны ўбачылі іх надта позна. Не было як супраціўляцца. Адстрэльваючыся, адышлі да ракі Нарач».

… Але зыход бою быў вырашаны ў нашу карысць. Маркаў хутка падняў брыгаду і павёў яе на выручку шляхтуноўцам (у гэты час у Чарэмшыцах стаялі два атрады брыгады імя Даватара (камбрыг тав. Шляхтуноў), брыгада імя Варашылава (камбрыг тав. Маркаў) знаходзілася ў лесе ў дзвюх кіламетрах ад Чарэмшыц.

…Немцы ў тым баі адступілі, хаця іх было да 600 чалавек. Вораг страціў 32 забітых, 93 былі паранены. Партызанам дасталіся трафеі: кулямёт, 12 аўтаматаў, 2 пісталеты, 16 вінтовак, некалькі тысяч патронаў.

А байцом Татунам Сямёнам быў узяты нямецкі мінамёт з мінамі. Гэта быў першы мінамёт ў брыгадзе імя Варашылава, і ў далейшым ён саслужыць добрую службу атраду імя Суворава.

***

Помсцячы за няўдачу, немцы вырашылі іншым шляхам змагацца з партызанамі. У суботні дзень 13 лютага 1943 года на партызанскую зону наляцелі аж 12 варожых самалётаў. Пасыпаліся бомбы на Чарэмшыцы, навакольныя вёскі, партызанскія базы… Адна з бомб трапіла ў хату Пятра Мікалаевіча Чарняўскага, забіла жонку Анастасію, братавую Ліду, 13-цігадовага сына засыпала печкай і ён памёр. Тады ж у хаце загінулі трое партызан, якія гаспадыня гатавала снеданне. Талайка Ганна Мартынаўна мыла бялізну. Пачуўшы гул самалёта і выбухі бомб, пабегла хавацца да гумна. Забітая згарэла, потым яе апазналі па частцы адзення.

На наступныя дні зноў паўтарылася бамбёжка. У Чарэмшыцах не засталося ніводнай пабудовы за выключэннем гумна Іосіфа Талайкі, якое стаяла воддаль ад хаты.

З успамінаў партызан з фондаў Мядзельскага музея народнай славы.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц